Пазьней стала вядома, што гаворка ідзе пра былога палітвязьня Ціхана Клюкача, а таксама байца з пазыўным «Карыч». Пасьля двухтыднёвай праверкі ад СБУ хлопцы атрымалі рашэньне аб дэпартацыі.
«Адзін зь іх падазраецца ў супрацы з КДБ», — гаворыцца ў паведамленьні палку. Свабода пагаварыла пра сытуацыю з усімі бакамі канфлікту.
«З намі не заключалі кантактаў, мы жылі ў намётах»
За ўдзел у пратэстах 2020 году Ціхан Клюкач правёў паўтара года ў зьняволеньні. Па вызваленьні выехаў з краіны, спрабаваў далучыцца да палку імя Кастуся Каліноўскага, але застацца там надоўга не атрымалася. Пасьля гэтага трапіў на навучаньне палку «Пагоня».
Клюкач атрымаў навучаньне ў Польшчы, а пасьля гэтага 17 жніўня прыехаў ва Ўкраіну. Ён уваходзіў у групу аэравыведкі «Пагоні», разам зь ім ва Ўкраіну прыбылі яшчэ пяць чалавек. Тым ня менш кантракту зь імі ніхто не заключаў.
«Мне цяжка сказаць, чаму так сталася, — кажа Клюкач. — Ва Ўкраіну прыяжджалі Сахашчык, Пракоп’еў, яны пра нешта дамаўляліся. У выніку прыехала наша група аэравыведкі, афармленьня няма. Мы самастойна шукаем нейкія варыянты, як полк Каліноўскага, батальён „Тэрор“. Для разуменьня сытуацыі: нейкі час мы пражылі ў намётах пад Кіевам, а потым жылі ў гостэле ў Кіеве. З арэндай гостэлу нам дапамог Мікалай Сікорскі».
Крыніцы, блізкія да палку «Пагоня», паведамілі Свабодзе, што грошы на пражываньне ў кіеўскім гостэле былі выдзеленыя з боку палку.
Хто такі Мікалай Сікорскі?
Мікалай Сікорскі ваяваў ва Ўкраіне яшчэ ў часы АТА. Сапраўды меў дачыненьне да «Пагоні», але цяпер у палку адмаўляюць яго прыналежнасьць да фармаваньня.
Сам Ціхан Клюкач кажа, што Мікалай Сікорскі зьяўляецца камандзірам роты палку «Пагоня» ў складзе Палтаўскага добраахвотнага фармаваньня тэрытарыяльнай грамады.
«Мы ня ведаем, што гэта за фармаваньне. Чулі, што гэтае ДФТГ зьбіраецца на грошы нейкага палтаўскага алігарха», — кажуць Свабодзе крыніцы ў палку «Пагоня».
Аэравыведка сама далучылася да палку Каліноўскага
Ці сапраўды Ціхан Клюкач і «Карыч» самавольна пакінулі падразьдзяленьне? «Якое падразьдзяленьне ў кіеўскім гостэле мы маглі пакінуць?» — пытаньнем адказвае на гэта сам Клюкач. Ён дадае, што цягам двух месяцаў толькі аднойчы атрымалі дапамогу ад палку ў памеры 250 даляраў, але гэтыя грошы хутка скончыліся.
У кастрычніку было прынята рашэньне, што група аэравыведкі далучаецца да палку імя Каліноўскага. Але зрабіць гэта змаглі толькі чацьвёра хлопцаў з шасьці.
Камандзір каманды аэравыведкі «Пагоня» з пазыўным «Сэнат» пракамэнтаваў Свабодзе апошнія падзеі. «Аэравыведка падразьдзяленьня „Пагоня“ далучылася да палку Кастуся Каліноўскага, таму што толькі ён мае вайсковую структуру з усімі кампанэнтамі — штаб са службамі, баявыя падразьдзяленьні розных відаў войскаў, вучэбны цэнтар, падразьдзяленьні забесьпячэньня, якія дазволяць яму маштабавацца ў беларускае вызвольнае войска. Такую выснову я зрабіў, абапіраючыся на сваю адзінаццацігадовую практыку вайсковай службы ў розных шэрагах войскаў розных краінаў», — патлумачыў «Сэнат».
Ён дадаў, што сувязь з «Пагоняй» захаваў, а пра двух байцоў, якім паставілі дэпартацыю з Украіны, «камэнтароў не дае».
У «Пагоні» пацьвердзілі, што яны з пазытывам успрынялі магчымасьць далучэньня групы да Палку Каліноўскага. Гэта сапраўды адбылося пры згодзе бакоў.
«Я крытыкаваў Офіс»
Ціхан Клюкач гаворыць, што рашэньне аб дэпартацыі яго з Украіны прымалася пад ціскам Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
«Аб гэтым прагаварыўся куратар „Пагоні“ „Марс“. У аўдыёвыкліку ў Telegram ён сказаў: „Хлопцы, а што вы хацелі? Пішаце нейкія відосы да Ціханоўскай. Вы нажылі сабе ворагаў. Думаеце, усё так проста скончыцца?“ Гэты аўдыёзапіс ёсьць на ютуб-канале майго сябра, блогера „Віруса“».
Сам баец «Марс» спаслаўся на тое, што запіс размовы, выкладзены «Вірусам», ня поўны. Ён параіў пісаць пра сапраўдных ваяроў, а не марнаваць час на гэтую гісторыю. «Дадаткова мне няма чаго сказаць», — адказаў «Марс».
Клюкач кажа, што ня паз крытыкаваў працу Офісу Ціханоўскай.
«Яны хацелі выкінуць зь ляяльнага, на жаль, да Офісу палка двух неляяльных людзей. Я крытыкаваў Офіс, я лічу іх прарасейскай структурай. Яны хочуць распальваць варожасьць між беларусамі і ўкраінцамі; калі б нас дэпартавалі, то падняўся б шум, што беларусаў прыцясьняюць, што мы Ўкраіне дапамагаць не павінныя».
Пры гэтым хлопец адказвае, што ня ведае, як гэта магло адбывацца на справе. Ніякіх доказаў ён таксама не прадставіў.
Прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна каротка адказала на закіды: «Офіс ня мае да гэтага ніякага дачыненьня».
Не пусьцілі ў Малдову
Клюкач працягвае, што пасьля рашэньня аб ягонай дэпартацыі размаўляў з прадстаўніком пераходнага кабінэту ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валерам Сахашчыкам, які нібыта параіў хлопцу ехаць у Малдову, каб аформіць там візу ў адну з эўрапейскіх краін.
«Мы паспрабавалі, але нас разьвярнулі малдоўскія памежнікі», — кажа Ціхан.
Клюкач дадае, што сытуацыя ў «Пагоні» моцна зьмянілася пасьля таго, як адтуль сышоў Вадзім Пракоп’еў. «Пачаліся інтрыгі і незразумелыя дзеяньні».
Ці мае «Карыч» падпіску аб супрацоўніцтве з КДБ?
Што тычыцца супрацоўніцтва з КДБ, то гаворка вядзецца зусім не пра Ціхана Клюкача, а пра другога хлопца, які мае пазыўны «Карыч».
«Я ведаю, што падпіскі аб супрацоўніцтве не было, — кажа Ціхан Клюкач. — „Карыча“ аднойчы ў Беларусі затрымліваў КДБ, пасьля гэтага ён зьехаў і больш туды не вяртаўся. Калі ў канале „Пагоня“ пішуць, што двое байцоў дэпартаваныя з Украіны, а аднаго падазраюць у супрацы з КДБ, то пытаньне, хто падазрае? І прычым тады тут другі баец? Ён за кампанію ці што?»
Афіцыйны прадстаўнік ініцыятывы Prague Support Team Кірыл Якімовіч сказаў Свабодзе наступнае:
«Я быў тым чалавекам, які з камандзірам аэравыведкі сустракаў „Карыча“ на вакзале, калі ён прыехаў да нас. Вялікая да яго павага, што амаль адразу ён сказаў, што падпісаў паперу аб супрацы з КДБ. Ён гэтага ня ўтойваў і не адмаўляў. У мяне да „Карыча“ вельмі добрае стаўленьне. Мы пракансультаваліся са службай бясьпекі „Пагоні“. Яны прапанавалі максымум пазбавіцца ад тэлефона, які пабываў у КДБ. „Карыча“ правяралі палякі на паліграфе. Выбітае дубінкамі падпісаньне ня значыць, што супрацоўнічаў».
Крыніцы з «Пагоні» паведамілі нам, што «Карыч» зьвязваўся з Валерам Сахашчыкам, дзе прасіў прабачэньня за сытуацыю.
Сам «Карыч» пакуль не раскрывае сваёй асобы і не дае інтэрвію.
Абскарджвае рашэньне СБУ
Ціхан Клюкач прызнае, што атрымаў ад кіраўніка Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна «800 ці 900 злотых» на білет да найбліжэйшай краіны.
«На перамяшчэньні па Ўкраіне, на жытло, на візы, на апэляцыю ў нас пайшло амаль 2000 даляраў. Гэта абсалютна касьмічныя для нашай сытуацыі грошы», — кажа Клюкач, які цяпер абскарджвае рашэньне аб дэпартацыі ў судзе.
Хлопец спадзяецца заставацца ва Ўкраіне і далей. Але на ўсялякі выпадак хоча зрабіць візу ў адну з эўрапейскіх краін. Цяпер ён знаходзіцца ў Львове.
«Мы прыехалі ва Ўкраіну ваяваць супраць Расеі і Пуціна, каб далей змагацца супраць Лукашэнкі. Жаданьне ваяваць стала толькі мацнейшым», — кажа хлопец.
Свабода зьвярталася па камэнтар да Валерыя Сахашчыка, ці спрабаваў ён дапамагчы ў гэтай сытуацыі Ціхану Клюкачу і іншаму добраахвотніку, але ён ніяк не адказаў на запыт.