Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча хоча зрабіць сваю армію самай моцнай у Эўропе. Разьбіраемся, што гэта значыць


Войска Польскае. Ілюстрацыйны здымак
Войска Польскае. Ілюстрацыйны здымак

Летась Польшча распачала грандыёзную праграму тэхнічнай мадэрнізацыі Войска Польскага. Да 2035 году Варшава хоча выдаткаваць на армію 115 мільярдаў даляраў і займець наймацнейшую сухапутную армію NATO сярод эўрапейскіх краін.

Прапаганда Лукашэнкі сьцьвярджае, што Польшча ўзбройваецца і хоча напасьці на Беларусь і Расею. Насамрэч палякі рэалізуюць доўгатэрміновы плян мадэрнізацыі арміі, пра які абвясьцілі яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

Па выдатках на войска Польшча займае сёньня 18-е месца ў сьвеце. Парог у 2% ВУП на абарону, прадугледжаны для краін NATO, палякі перакрочылі ў 2021 годзе. Дзякуючы ўведзенаму сёлета Закону аб абароне Айчыны мяркуецца, што з 2023 году выдаткі на абарону вырастуць да 3% ВУП.

«Ніводзін урад у гісторыі свабоднай Польшчы ня змог выдзеліць столькі грошай на мадэрнізацыю, і гэтая сума будзе павялічвацца з ростам бюджэту». — гаворыцца на сайце Мінабароны Польшчы.

Паводле міністра абароны краіны Марыюша Блашчака, польская армія павінна быць настолькі шматлікай і моцнай, каб ужо адным сваім існаваньнем стрымлівала агрэсара.

Як колькасна зьменіцца армія

З 2015 году колькасьць вайскоўцаў узброеных сілаў Польшчы павялічылася з 95 тысяч да больш як 140 тысяч. У сувязі з вайной ва Ўкраіне ўрад хоча павялічыць гэтую лічбу яшчэ больш — прыкладна да 300 тысяч салдат. 250 тысяч зь іх будуць прафэсійнымі вайскоўцамі, і каля 50 тысяч — у войсках тэрытарыяльнай абароны.

Якую тэхніку набудзе Войска Польскае

У працэсе мадэрнізацыі арміі ўлады краіны маюць намер арыентавацца на тэхніку польскіх заводаў Вайскова-прамысловага комплексу, а таксама замежных вытворцаў. Ніжэй прыводзім некаторыя з узбраеньняў, якія Польшча ўжо набыла або набывае.

Танкі Abrams

У красавіку 2022 году Мінабароны ўхваліла кантракт на набыцьцё 250 танкаў Abrams — найсучасьнейшых танкаў на сьвеце. Амэрыканскія танкі ў апошняй вэрсіі SEPv3 паступяць у падразьдзяленьні, дысьлякаваныя ва ўсходняй частцы Польшчы, на так званым усходнім флянгу NATO.

Танкі Абрамс, міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак
Танкі Абрамс, міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак

Экіпаж з чатырох чалавек мае 120-мм гладкаствольную гармату M256A1 і тры кулямёты (адзін 12,7 мм і два 7,62 мм). У палявых умовах танк Abrams M1A2 можа разьвіваць хуткасьць 40 км у гадзіну з максымальнай далёкасьцю 200 км. На дарозе яго хуткасьць — 67 км у гадзіну і радыюс дзеяньня 425 км.

Танкі Abrams у апошняй вэрсіі SEPv3 паступяць у падразьдзяленьні, дысьлякаваныя ва ўсходняй частцы Польшчы, на ўсходнім флянгу NATO.

Самалёты F-35

На дадзены момант сваю вайсковую авіяцыю Мінабароны Польшчы называе постсавецкай.

F-35A
F-35A

Але на пачатку 2020 году Польшча падпісала кантракт на закупку 32 шматмэтавых самалётаў пятага пакаленьня F-35. Кошт кантракту — 4,6 млрд даляраў. Самалёты F-35A адрозьніваюцца сваёй сумяшчальнасьцю, яны супрацоўнічаюць, напрыклад, з сыстэмай PATRIOT, якую палякі набылі ў 2018 годзе, або з самалётамі F-16, якія польская армія закупіла ўжо некалькі гадоў таму.

Байрактары

У кастрычніку 2022 году ў Польшчу былі пастаўленыя першыя 6 бесьпілётных комплексаў Bayraktar TB2. Агулам іх мае быць 24. Сваю эфэктыўнасьць турэцкі бесьпілётнік даказаў ужо ва Ўкраіне.

BAYRAKTAR TB2
BAYRAKTAR TB2

Ён здольны выконваць назіральныя, разьведвальныя і баявыя задачы з выкарыстаньнем кіраваных ракет, разьмешчаных на чатырох пунктах падвескі пад крыламі. Працягласьць палёту — да 27 гадзін, а максымальная хуткасьць — каля 220 км/г.

Самаходная гармата-гаўбіца К9

27 ліпеня гэтага году міністар абароны Марыюш Блашчак зацьвердзіў рамачнае пагадненьне аб набыцьці 672 гаўбіц К9 у Паўднёвай Карэі.

K9
K9

Асноўнае ўзбраеньне К9 — 155-мм гармата з максымальнай далёкасьцю стральбы больш за 50 км. Усяго на борце гаўбіцы 48 боекамплектаў, экіпаж можа выпусьціць да трох стрэлаў за 15 сэкундаў.

Верталёты Black Hawk

Black Hawk
Black Hawk

Польская армія набывае чарговыя чатыры верталёты Black Hawk для Спэцыяльных войскаў.

Самалёты FA-50

Польшча зьбіраецца набыць 48 паўднёвакарэйскіх самалётаў. Першыя 12 трапяць у краіну ў наступным годзе.

FA-50
FA-50

FA-50 Fighting Eagle — лёгкі двухмесны баявы самалёт, абсталяваны перадавымі сыстэмамі візуалізацыі і кіраваньня, а таксама сучаснай авіёнікай і радарам кіраваньня агнём. Узбраеньне — 20-мм гармата і шырокі спэктар бартавога ўзбраеньня, уключаючы ракеты клясы «паветра-паветра» AIM-9 Sidewinder, ракеты клясы «паветра-зямля» AGM-65 Maverick, а таксама некалькі тыпаў авіяцыйных бомбаў розных тыпаў.

Максымальная хуткасьць — 1837,5 км/г. Можа несьці ўзбраеньне вагой да 4,5 тоны.

ЗРК Piorun

У чэрвені 2022 году было падпісана пагадненьне аб павелічэньні колькасьці замоўленых для Войска Польскага зэнітна-ракетных комплексаў Piorun.

Міністар абароны Марыюш Блашчак падпісвае дамову на набыцьцё ЗРК Piorun
Міністар абароны Марыюш Блашчак падпісвае дамову на набыцьцё ЗРК Piorun

Яны прызначаныя для барацьбы зь нізкалятаючымі лятальнымі апаратамі, такімі як самалёты, верталёты і бесьпілётнікі. Ва ўзброеных сілах Польшчы яны выкарыстоўваюцца ў самым нізкім слоі сыстэмы СПА на блізкіх дыстанцыях і малых вышынях. Далечыня паражэньня складае ад 400 м да 6,5 км пры вышыні цэлі ад 10 м да 4 км.

Карабін Grot

Карабін Grot
Карабін Grot

Польская армія атрымае 53 тысячы карабінаў Grot. Гэта 5,56 мм карабін вытворчасьці польскага заводу Łucznik.

Гаўбіца Krab

Набыцьцё 96 самаходных 155-мм гармат-гаўбіц Krab — гэта найбуйнейшы заказ у польскай збройнай прамысловасьці з 1989 году. Сума кантракту — больш за 1 мільярд эўра.

KRAB
KRAB

Krab здольны эфэктыўна паражаць цэлі на дыстанцыях прыкладна да 40 км.

Мінамёты LMP-2017

LMP-2017
LMP-2017

Войскі тэрытарыяльнай абароны і Сухапутныя войскі атрымаюць 780 польскіх мінамётаў LMP-2017.

Ракетныя сыстэмы залпавага агню K239 Chunmoo

Мінабароны ўжо падпісала кантракт на набыцьцё 288 пускавых установак K239. Першыя 18 будуць пастаўленыя ў 2023 годзе. Гэтыя ракетныя ўстаноўкі называюць «паўднёвакарэйскімі HIMARS». K239 Chunmoo здольная весьці агонь ракетамі рознага калібру.

Яна нясе два ракетныя кантэйнэры, кожны зь якіх можа ўтрымліваць, сярод іншага, шэсьць 239-мм кіраваных ракет з далёкасьцю каля 80 км або адну балістычную ракету з далёкасьцю каля 290 км.

Шматмэтавыя фрэгаты

Да 2031 году ВМС Польшчы атрымаюць тры шматмэтавыя фрэгаты — караблі Arrowhead 140, пабудаваныя па брытанскай ліцэнзіі. Яны абсталяваныя сучаснымі радыёлякацыйнымі, артылерыйскімі і ракетнымі комплексамі. Фрэгаты здольныя выконваць разнастайныя задачы, маюць шырокі спэктар узбраеньня і падтрымку верталёта на борце.

Танкі K2

Улетку Польшча падпісала рамачнае пагадненьне на пастаўку 1000 карэйскіх танкаў K2.

Танк K2
Танк K2

Асноўнае ўзбраеньне такога танка — гладкаствольная 120-мм гармата, якая можа выкарыстоўваць найноўшыя тыпы боепрыпасаў. Дапаможнае ўзбраеньне — 7,62-мм кулямёт і 12,7-мм буйнакалібэрны кулямёт. Удасканаленая сыстэма кіраваньня агнём танка забясьпечвае высокую эфэктыўнасьць вядзеньня агню на вялікіх дыстанцыях.

Цалкам пералік кантрактаў і рамачных пагадненьняў можна знайсьці на сайце Міанабароны. У 2021–2022 гадах польскае Агенцтва па ўзбраеньнях заключыла 159 новых кантрактаў, у тым ліку ў 2021 годзе — 70. Усяго ў 2022 годзе Агенцтва па ўзбраеньнях рэалізуе 370 кантрактаў, у стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца 117 працэдур.

Хто ў сьвеце лідэр па ўзбраньні

Паводле ацэнак Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), у мінулым годзе глябальныя выдаткі на абарону дасягнулі 2 трыльёнаў 113 мільярдаў даляраў. Гэта на 0,7% больш у параўнаньні з сумай, выдзеленай на ўзбраеньне ў 2020 годзе, і на 12% — у параўнаньні з 2012 годам.

Безумоўны лідэр — ЗША. У 2021 годзе ЗША вылучылі на армію 801 мільярд даляраў. Гэта складае 38 працэнтаў сусьветных ваенных выдаткаў у гэтым годзе. На другім месцы апынуўся Кітай, які склаў 14 працэнтаў сусьветнага бюджэту з эквівалентам каля 293 мільярдаў даляраў.

Расея ў гэтым рэйтынгу на пятым месцы. Апярэдзілі расейцаў Індыя і Вялікая Брытанія. Летась выдаткі Расеі дасягнулі 65,9 мільярда даляраў. Яны павялічваюцца трэці год запар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG