Улады ўсіх гарадоў, якія атакавала Расея, пакуль не паведамляюць пра ахвяры і пацярпелых. Энэргетычныя прадпрыемствы заявілі, што па ўсёй Украіне пачаліся экстранныя адключэньні сьвятла.
- Адбылося некалькі выбухаў у цэнтральным раёне сталіцы Ўкраіны. У Кіеве ўсе ракеты прыляцелі ў Пячэрскі раён. Гэта найменшы па колькасьці насельніцтва раён сталіцы, разьмешчаны на правым беразе Дняпра. У гэтым раёне сканцэнтраваныя навуковыя, навучальныя і культурныя ўстановы. Апроч таго, у Пячэрскім раёне знаходзяцца Офіс прэзыдэнта, Вярхоўная Рада, Кабінэт міністраў, Нацыянальны банк, Палац спорту, а таксама галоўныя офісы шматлікіх украінскіх банкаў і карпарацый. Пакуль улады не ўдакладняюць месца абстрэлу.
- Улады Кіраваградзкай, Сумскай, Хмяльніцкай і Жытомірскай абласьцей паведамілі, што працуюць сыстэмы супрацьпаветранай абараны, і заклікалі грамадзян не фатаграфаваць аб'екты, у якія пацэлілі расейскія ракеты.
- Улады паведамілі, што ад ракетнай атакі пацярпелі таксама Львоў, Харкаў і Роўна.
- Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў, што пасьля выбухаў частка гораду засталася безь сьвятла. Падобная сытуацыя ў Жытоміры, Харкаве і Харкаўскай вобласьці.
- Пра выбухі ў Ковелі Валынскай вобласьці паведамілі мясцовыя СМІ. Там таксама ў адным з раёнаў адразу зьнікла электрычнасьць.
- Мэр Роўна пацьвердзіў, што Расея абстраляла крытычны аб'ект інфраструктуры. У горадзе няма электраэнэргіі.
- Улады Львоўскай вобласьці пазьней пацьвердзілі, што Расея абстраляла аб'ект энэргетычнай крытычнай інфраструктуры. Зьявіліся праблемы і з сувязьзю.
- У Хмяльніцкім таксама ў выніку абстрэлу зьнікла электраэнэргія.
Паводле ўкраінскіх тэлеграм-каналаў, Расея ў Валгаградзе-Астрахані падняла ў паветра баявую авіяцыю, зь якой выпусьціла па Ўкраіне некалькі дзясяткаў ракет.
Папярэдне сьцьвярджаюць, што ракеты Х-101 выпушчаныя з самалётаў Ту-95. Праверыць гэтую інфармацыю пакуль немагчыма.
Па ўсёй Украіне абвешчана паветраная трывога. Улады заклікаюць грамадзян не ігнараваць патрабаваньні бясьпекі і перайсьці ў бамбасховішчы ці іншыя бясьпечныя ўкрыцьці.
Мэр сталіцы Віталь Клічко паведаміў пра атаку на Кіеў. Паводле папярэдняй інфармацыі, дзьве расейскія ракеты пацэлілі ў два жылыя будынкі. Некалькі ракет зьбілі сілы супрацьпаветранай абароны. Мэдыкі і ратавальнікі ўжо працуюць на месцы выбухаў.
Праз паўгадзіны Віталь Клічко паведаміў, што яшчэ адна ракета пацэліла ў шматпавярховы жылы будынак. Іншых падрабязнасьцяў пакуль няма.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.