Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У продаж паступіў каляндар «Беларусь — гэта сьвятое» з малюнкамі палітвязьня Паўла Севярынца


Каляндар «Беларусь — гэта сьвятое»
Каляндар «Беларусь — гэта сьвятое»

У Беларусі выдалі каляндар на 2023 год з турэмнымі малюнкамі Паўла Севярынца і зь ягонымі словамі пра веру, Бога і Беларусь.

Каляндар называецца «Беларусь — гэта сьвятое».

«Малюнкі і словы Паўла мы некалькі гадоў зьбіралі зь лістоў, якія ён піша і дасылае Францішку (сыну. — РС)», — напісала жонка палітвязьня Вольга Севярынец.

У календары зьмешчаныя цытаты на кожны месяц, малюнкі вядомых беларускіх храмаў Горадні, Нясьвіжу, Менску, Сынковічаў, Мураванкі, Паставаў, Магілёва, Сар’і, Слабодкі, Сталовічаў, Берасьця і каляндарная сетка месяцаў. Кожнаму месяцу адпавядае свой малюнак і цытата.

Фармат календара А4.

Каляндар «Беларусь — гэта сьвятое» ў руках Францішка, сына Паўла Севярынца
Каляндар «Беларусь — гэта сьвятое» ў руках Францішка, сына Паўла Севярынца

Падрабязна разгледзець старонкі календара можна па спасылцы на сайт праекту «Кропля». Замовіць яго можна там жа, у онлайн-краме.

«Для нас каляндар „Беларусь — гэта сьвятое“ — больш чым проста каляндар. Гэта рэч, поўная сэнсу, прыгажосьці, любові і болю. Спадзяемся, ён станецца такім і для вас», — падкрэсьлілі выдаўцы.

Зьняволеньне Паўла Севярынца

Сустаршыню арганізацыйнага камітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і пісьменьніка Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дому пасьля выступу побач зь пікетамі альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Сьледчы камітэт, аднак, паведаміў, што на палітыка завялі крымінальную справу праз падазрэньне ва ўчыненьні злачынства. Пазьней стала вядома, што яму выставілі абвінавачаньне ўва «ўдзеле ў масавых беспарадках» і пакінулі пад вартай.

Пакуль ішоў судовы разбор, жонка Вольга Севярынец дазналася, што мужа ў сьледчым ізалятары Магілёўскай турмы № 4 паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкіх і дэструктыўных дзеяньняў». Пазьней яна паведаміла, што палітыку далі статус «схільнага да нападу на адміністрацыю». Усе ягоныя перасоўваньні па турме адбываліся выключна ў кайданках.

У траўні 2021 году сустаршыню аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўлу Севярынцу, актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю, Андрэю Войнічу прысудзілі па 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG