Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць», — зьявіліся новыя сьведчаньні пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна ў Менску, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота
Турма на Акрэсьціна ў Менску, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

Сьведчаньні датычаць траўня–чэрвеня 2022 году.

Ужо больш як два гады ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна ў Менску затрыманых з палітычных матываў зьмяшчаюць у жорсткія нечалавечыя ўмовы, якія можна расцэньваць як катаваньні, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Зьняволеным не аддаюць перадачаў, таму шмат хто зь іх застаецца бязь зьменнага і цёплага адзеньня, бяз сродкаў асабістай гігіены і мэдыкамэнтаў. Камэры з «палітычнымі» перапоўненыя — людзі вымушаныя спаць на падлозе.

Былы арыштант расказаў «Вясьне» пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна ў траўні–чэрвені 2022 году.

«Штодня ўвечары падмяталі і мылі падлогу, бо на ёй спалі»

«У камэры на чатыры спальныя месцы нас было 15-20 чалавек. Вядома ж, безь бялізны і г. д. Туалетную паперу і мыла прасілі. Часам давалі, а часам не. Звычайна ўжо ведалі, хто можа даць і нават паспрабуе прынесьці потым, а каго з „калідорных“ прасіць марна.

Мыліся над туалетам, трымалі бутэлькі з гарачай вадой, абутак надзявалі, толькі выходзячы з камэры, ля дзьвярэй. Штодня ўвечары падмяталі і мылі падлогу, бо на ёй спалі. Сікалі седзячы — каб было чысьцей і менш сьмярдзела з туалету. Памятаю, як адзін арыштант выпадкова заехаў да „палітычных“, — ён быў у шоку. Хтосьці, пераяжджаючы літаральна з суседняй камэры, дзівіўся, што ёсьць гарачая вада, бо ў іх была толькі халодная.

На ранішнія праверкі прыходзяць зь вядром хлёркі. Калі штосьці не спадабаецца, вядро могуць выліць на падлогу камэры.

Стаўленьне супрацоўнікаў максымальна безасабовае. Для супрацоўнікаў ІЧУ, зь некаторымі выняткамі, людзі проста як статак: пакарміць, праверыць, каб было ціха і без праблем...»

Мужчына распавёў, што пэўны час у камэры прабыў з палітзьняволеным Андрэем Раптуновічам, якога 14 лістапада 2022 году асудзілі на чатыры гады калёніі.

«Ён не расказваў пра сутнасьць абвінавачаньняў, але казаў, што яго забіралі ў ГУБАЗ (паміж адміністрацыйнымі арыштамі), там зьдзекаваліся, прымушалі адціскацца, скакаць, там жа падстрыглі, адрэзалі чубок нажніцамі. Вельмі моцна кашляў, выгляд быў хворы».

Пры гэтым былы арыштант не заўважыў на Андрэю сьлядоў пабіцьця:

«Там усе хварэлі. Але вось ён неяк вельмі моцна кашляў. Хлопец шчуплы вельмі, невысокі, напэўна, 55-60 кг. Я зьдзівіўся потым, калі дазнаўся, што яго абвінавачваюць у наёмніцтве ці кшталту таго. Складана сказаць, якая гэта інфэкцыя была, я піў моцныя антыбіётыкі, каб пачаць нармальна дыхаць пасьля ЦІП».

Таксама мужчына ўзгадвае яшчэ аднаго свайго сукамэрніка — адваката Віталя Брагінца, якога цяпер трымаюць у СІЗА з абвінавачаньнем паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

«Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь апавядаў, як абсурдна яго арыштавалі — проста перад выездам да кліента...»

Былы арыштант таксама узгадаў свайго сукамэрніка Віталя Енаровіча, інфармацыя пра затрыманьне за камэнтары якога зьявілася ў канцы сакавіка.

«Ён сядзеў на той час ужо пятую ці шостую „адміністратыўку“ запар. Уявіце — чэрвень, а чалавек зь зімовай вопраткай, ботамі, ні разу не падстрыжаны за ўвесь гэты час. Але ў той жа час ніякай тугі, пазытыўны».

Былы вязень падкрэсьліў, што некаторыя людзі ў ЦІП на Акрэсьціна сядзяць месяцамі безь перадачаў:

«На „Валадарцы“ ёсьць перадачы. На Акрэсьціна ж людзі ў адных майтках і шкарпэтках месяцамі сядзяць. Я бачыў чалавека ў шкарпэтках, у якіх няма падэшваў — пара нітак толькі».

Паводле былога арыштанта, у траўні-чэрвені на Акрэсьціна сядзелі затрыманыя за рэпосты і падпіскі на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы, за здымкі з Маршаў у 2020 годзе, за актыўнасьць у інтэрнэце. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і дагэтуль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG