Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У школах Беларусі частку льготнікаў пазбавілі бясплатных абедаў


Школьны абед
Школьны абед

У некаторых школах дзяцей са шматдзетных сем’яў перасталі карміць бясплатным абедам. Зьмены закранулі толькі тых школьнікаў, якія не наведваюць групу падоўжанага дня. Не ўва ўсіх школах гэтае правіла строга выконваюць.

Апошнім часам у некаторых школах сталі абвяшчаць пра новаўвядзеньні. У чатах бацькоў папярэджваюць, што бясплатных абедаў для льготнікаў ужо ня будзе, — настаўнікі спасылаюцца на новыя мэтадычныя ўказаньні, піша Onliner.

У Беларусі ў пачатковых клясах усіх дзяцей кормяць бясплатнымі сьняданкамі, за астатнія прыёмы ежы — абед і падвячорак — бацькам трэба плаціць. Пачынаючы з 5-й клясы харчаваньне ўжо цалкам платнае, у тым ліку і сьняданкі.

Дзецям са шматдзетных сем’яў і дзецям-інвалідам у якасьці льготы заўсёды давалі бясплатнае харчаваньне. У пачатковай школе, акрамя сьняданку, вучняў кормяць абедам і падвячоркам, пасьля 5-й клясы — толькі сьняданкам і бясплатным абедам.

«У школе паведамілі, што ад сёньня бясплатных абедаў дзецям з 4-й клясы ня будзе. У нас ужо трэцяе дзіця ходзіць у школу, з 2011 году дзейнічала льгота, але абеды скасавалі толькі цяпер, прычым з другой чвэрці», — піша мама юнага гімназіста.

Але ў некаторых школах усё па-ранейшаму: нават калі дзіця ня ходзіць у групу падоўжанага дня, яно мае бясплатны абед. Вось як патлумачыла сытуацыю дырэктар 37-й гімназіі Менску Ірына Данянкова:

«У 317-ю пастанову Cавету Міністраў летам былі ўнесеныя зьмены. Навучэнцы, якія знаходзяцца ва ўстанове адукацыі больш за 6 гадзін (гэта значыць залічаныя ў групу падоўжанага дня), забясьпечваюцца 2-разовым бясплатным харчаваньнем. Гэта тычыцца льготных катэгорыяў сем’яў. Але ў пачатковай школе ёсьць дзеці, якія знаходзяцца ў гімназіі 5 гадзін, адпаведна, у іх толькі сьняданак бясплатны. Пасьля 5-га ўроку яны ідуць дадому і абедаюць там, гэта лягічна. Дзеці, залічаныя ў групу падоўжанага дня, знаходзяцца ў гімназіі больш за 6 гадзін, таму яны забясьпечаныя 2- ці 3-разавым харчаваньнем залежна ад катэгорыі».

Як дадала Ірына Данянкова, гэта тычыцца абсалютна ўсіх школ, проста ня ўсюды адразу зьвярнулі ўвагу на зьмены.

«Фактычна мы кармілі дзяцей бясплатна ў парушэньне. Таму сёньня ўстанова адукацыі будзе кампэнсаваць дзяржаве розьніцу, бо была няправільная трактоўка закону», — растлумачыла дырэктарка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG