Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы: «Веру, што беларусы дабʼюцца свабоды сваёй дзяржавы»


Анджэй Дуда падчас выступу з нагоды Дня незалежнасьці Польшчы. Варшава, 11 лістапада 2022 году
Анджэй Дуда падчас выступу з нагоды Дня незалежнасьці Польшчы. Варшава, 11 лістапада 2022 году

Анджэй Дуда у сваёй прамове з нагоды Дня незалежнасьці Польшчы выказаў упэўненасьць, што беларускі народ даб'ецца сапраўднай незалежнасьці сваёй краіны, якая будзе сябрам Польшчы, Літвы і Ўкраіны.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў прамове згадаў, што на плошчы Пілсудскага, дзе праходзіў урачысты мітынг, знаходзіцца ягоны літоўскі калега Гітанас Наўседа. На думку польскага прэзыдэнта, з палякамі сёньняшняе сьвята падзяляюць іншыя краіны Балтыі, а таксама ўкраінцы.

«Веру таксама глыбока ў тое, што душой з намі сёньня тут ня толькі шмат нашых сяброў, суседзяў з Украіны, але таксама суседзі і прыяцелі зь Беларусі з глыбокім пачуцьцём і прагай свабоднай, сувэрэннай і незалежнай дзяржавы, якой, веру, яны дабʼюцца, якая будзе сябрам Польшчы, якая будзе сябрам Літвы і Украіны, зь якой разам у нашай частцы Эўропы мы будзем стаяць, адданыя вялікаму імкненьню да свабоды, жаданьню жыць у сваіх незалежных дзяржавах, але дзяржавах брацкіх, дзяржавах саюзьніцкіх, дзяржавах добразычлівых адна да адной, якія супрацоўнічаюць адна з адной», — сказаў Анджэй Дуда.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка «ад імя шматнацыянальнага беларускага народу» адправіў народу Польшчы віншаваньне са сьвятам Незалежнасьці. Ягоную тэлеграму апублікавала 11 лістапада прэс-служба Лукашэнкі.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь імкнецца да гарманічнага разьвіцьця двухбаковых сувязяў, дэманструе гатоўнасьць будаваць масты дружбы, а не пагранічныя сьцены з калючым дротам.

«На жаль, за грубыя памылкі адыёзных польскіх палітыкаў сёньня мусяць расплачвацца звычайныя грамадзяне вашай краіны. Штучна створаныя хлусьлівыя вобразы ворагаў у асобе Беларусі і Расеі прывялі да пагаршэньня ўзроўню жыцьця ўсіх эўрапейцаў, падарвалі давер у міжнародных адносінах і вымусілі пакутаваць мільёны людзей», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG