Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася фота разбуранага Антонаўскага моста ў Херсоне пасьля адводу расейскіх войскаў за Дняпро


 Antonivka Road Bridge
Antonivka Road Bridge

Інстытут вывучэньня вайны лічыць, што Ўкраіна ўтрымлівае ініцыятыву і рыхтуецца да вялікай перамогі ў Херсоне.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расеі спатрэбіцца пэўны час, каб вывесьці войскі з Херсону.

«Украіна ўтрымлівае ініцыятыву і рыхтуецца да вялікай перамогі ў Херсоне... Вялікая ўкраінская перамога, якая трывае на Херсоншчыне, ня будзе апошняй для Ўкраіны. Баі будуць трываць на паўднёвым кірунку», — гаворыцца ў справаздачы ISW.

Паводле экспэртаў Інстытуту вывучэньня вайны, баі працягваюцца і ў Бахмуце Данецкай вобласьці, адзіным месцы, дзе расейскія войскі спрабуюць сур’ёзна наступаць, а таксама на поўначы Луганскай вобласьці, дзе контраатакуюць украінскія войскі.

Расея працягвае падрываць масты на Херсоншчыне

Раніцай 11 лістапада ў шэрагу ўкраінскіх і расейскіх тэлеграм-каналаў пачалі зьяўляцца фатаздымкі і відэазапісы Антонаўскага моста, які, імаверна, падарвалі расейскія войскі, калі іх адвялі з Херсону.


У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень», якое курыруе гэты апэрацыйны кірунак, пакуль гэты факт не пацьвярджаюць, але і не зьняпраўджваюць.

Пачынаючы зь лета, украінскія войскі сыстэмна наносілі ўдары па гэтым мосьце, бо ён быў адным з галоўных элемэнтаў лягістыкі расейцаў па забесьпячэньні сваіх войскаў, што знаходзіліся на правым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласьці. У той жа час украінскія сілы бамбілі мост такім чынам, каб пашкодзіць толькі дарожнае пакрыцьцё і захаваць ягоныя апоры.

Антонаўскі мост — адзіны ў Херсоне мост цераз Дняпро, які злучае горад зь левабярэжжам. Яго даўжыня — каля паўтара кілямэтра, шырыня — 25 мэтраў. Цяпер, такім чынам, левабярэжная частка Херсонскай вобласьці, куды перадысьлякаваліся расейскія войскі, цалкам залежыць ад забесьпячэньня з крымскага кірунку.

Перад гэтым расейцы зьнішчылі пяць мастоў у Херсонскай вобласьці, каб перашкодзіць наступальнай апэрацыі ўкраінскага войска або запаволіць яе.

У сярэдзіне дня 11 лістапада Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра завяршэньне а 5-й раніцы «перакіданьня» падразьдзяленьняў расейскіх войскаў на левы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласьці.

У вайсковым ведамстве Расеі падкрэсьлілі, што на правым беразе не засталося ніводнай адзінкі вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня, якія разам з жывой сілай занялі пазыцыі на левым беразе Дняпра. Паводле Мінабароны Расеі, у часе «перакіданьня» не было стратаў у войсках, тэхніцы і матэрыяльных сродках. У Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўначы нанесьлі пяць удараў па пераправах на Дняпры з сыстэм HIMARS.

Разбураны Антонаўскі мост у Херсоне
Разбураны Антонаўскі мост у Херсоне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG