«У пятніцу ў Літву празь Беняконі ехалі 9 гадзін»
У Беларусі былі доўгія выходныя. Звычайна тыя, каму пашанцавала мець візу, едуць у суседнія краіны.
«У пятніцу ў Літву празь Беняконі ехалі 9 гадзін. Толькі 5 гадзін у зоне чаканьня, паўтары гадзіны на мяжы зь літоўскага боку... Я больш ў пятніцу ні нагой за мяжу», — расказвае жанчына, якая спакусілася на кароткі выязны адпачынак у тры выходныя дні.
«У суботу 206 кілямэтраў зь Берасьця да Варшавы расьцягнуліся на 24 гадзіны», — піша мужчына, які выехаў у бок Польшчы.
«Перад доўгімі выходнымі прастаялі 17 гадзін на памежным пераходзе ў Бераставіцы», — апавядае яшчэ адзін чалавек.
Такіх допісаў у сацыяльных сетках і чатах процьма. Праблемы ня толькі зь перасячэньнем мяжы Беларусі і ЭЗ падчас доўгіх выходных. Такое здараецца і ў звычайныя будні. У мінулы аўторак жыхарка Гданьску напісала ў фэйсбуку, што аўтобус Менск — Гданьск, які звычайна павінен ехаць да Менску 12 гадзін, прастаяў на межах 11 дадатковых гадзін. Зь якой прычыны, невядома.
Людзі вымушаныя шукаць іншыя спосабы хутчэй дабрацца з таго ж Гданьску ў Беларусь. Да прыкладу, празь Вільню. Раней быў самалёт Ryanair Гданьск — Вільня, а зь Вільні да Беларусі значна бліжэй. Аднак у канцы кастрычніка лоўкост скасавалі — прынамсі да наступнага лета. Беларусам застаецца спадзявацца толькі на аўтобусы.
«На мяжу ўсе начныя аўтобусы прыходзяць прыкладна ў адзін час і ўтвараецца чарга»
Начныя аўтобусныя рэйсы папулярныя ў бізнэсоўцаў — не губляеш день у паездцы. Таму на вечаровыя рэйсы і зь Менску, і з Варшавы квіткі варта купляць загадзя. Зь беларускай сталіцы ў Варшаву можна даехаць на аўтобусах розных перавозьнікаў, якія крыху адрозьніваюцца камфортам і зручнасьцю.
«Я стараюся езьдзіць аўтобусамі Ecolines, але некалькі разоў не ўдавалася купіць квіткі. Таму езьдзіў, мабыць, на ўсіх. Да прыкладу, у аўтобусах „Менсктрансу“ звычайна праблемы з інтэрнэтам, няма туалету. Тое самае і з аўтобусамі „Інтэркарс“. Аўтобусы Ecolines заўсёды з інтэрнэтам і прыбіральняй, але яны вялікія, двухпавярховыя, малая прастора паміж шэрагамі крэслаў. Маім доўгім нагам ня вельмі зручна. Што да цэнаў, розьніца не істотная, яны ўсе каштуюць прыкладна 100–120 рублёў», — апавядае беларускі бізнэсовец, які часта езьдзіць у Варшаву ў справах.
Аўтобусы Ecolines адпраўляюцца зь Менску а 20-й гадзіне і ў 21.45. Паводле раскладу маюць ісьці да Варшавы 11 гадзін 20 хвілін.
Аўтобус «Менсктрансу» адпраўляецца зь Мінску ў 21.30. «Інтэркарс» — у 21.00 і ў 00.10.
«І хоць зь Менску аўтобусы трох фірмаў, якімі я, прынамсі, ежджу, адпраўляюцца з інтэрвалам ў 15–30 хвілін, на мяжу ўсе начныя аўтобусы прыходзяць прыкладна ў адзін час і ўтвараецца чарга. Да таго ж на беларуска-польскую мяжу падцягваюцца яшчэ аўтобусы зь Берасьця, Магілёва, іншых гарадоў Беларусі. Вось і даводзіцца стаяць ў чарзе. Таму спазьненьне на 2–4 гадзіны ў Варшаву — звычайная рэч», — кажа часты пасажыр.
Што да зваротнага шляху, таксама рэдка ўдаецца прыехаць паводле раскладу, прызнаецца мужчына.
Кіроўцы аўтобусаў правяраюць візы ў кожнага пасажыра
Беларуска, якая днямі вярталася зь Італіі ў Менск, расказала, што з Варшавы Ecolines замест 22-й гадзіны паводле раскладу адправіўся ў 23.30.
«Аўтобус падалі на пэрон на паўгадзіны пазьней, а потым кіроўца правяраў у кожнага пасажыра візы. Аўтобус вялікі, двухпавярховы, каля 80 месцаў. Натуральна, праверка пашпартоў заняла каля гадзіны. Трох чалавек не ўзялі — кіроўца параіў ехаць празь Вільню.
Польскую мяжу прайшлі даволі хутка, мытнікі рэчы не даглядалі. А на беларускім баку як звычайна: „з рэчамі на праверку“. Прастаялі 3 гадзіны. У выніку замест 8-й раніцы ў Менск прыехалі апоўдні», — апавядае жанчына.
Даволі пільна даглядаюць беларускія памежнікі тых беларусаў, якія некалі «засьвяціліся» на пратэстах. Малады чалавек, які ў лістападзе 2020 году адседзеў 10 дзён за ўдзел у Маршы памяці загінулага Рамана Бандарэнкі, распавёў:
«Мы з жонкай вярталіся з Кракава ад сваякоў. Прадказальна на мяжы забралі пашпарты, вывелі з чаргі, „прашманалі“. Але без асаблівага задавальненьня, проста, мабыць, такія інструкцыі».