Пра гэта з спасылкай на інфармацыю на сайце літоўскага МУС паведамляе zerkalo. io.
Такім чынам у краіне хочуць перадухіліць уезд грамадзян тых дзяржаваў, якія ёсьць варожымі Літве або могуць несьці пагрозу нацыянальнай бясьпецы і грамадзкаму парадку.
Згодна з папраўкамі, іншаземцы, якія зьвяртаюцца па атрыманьне візы, дазволу на жыхарства або афармляюць картку сямейніка грамадзяніна краіны Эўразьвязу, мусяць падаць дадатковую інфармацыю або дакумэнты — на іх аснове будзе прымацца рашэньне, ці не пагражае допуск у краіну той ці іншай асобы нацыянальнай бясьпецы.
Пра якую менавіта дадатковую інфармацыю ці дакумэнты будуць пытаць, у ведамстве не ўдакладнілі.
Раней у Літве ужо ўзмацнілі жорсткасьць візавага рэжыму для некаторых іншаземцаў: краіна больш не прымае заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі (з рэдкім выняткамі).
Аналягічна зрабілі ў Латвіі: там беларусам увесну перасталі выдаваць турыстычныя візы. Некаторыя беларусы проста на мяжы сутыкаюцца з тым, што Латвія не ўпускае іх і анулюе візы, палічыўшы, што яны нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Акрамя таго, у Латвіі ўзмацнілі жорсткасьць умоваў наданьня беларусам дазволаў на жыхарства. Новыя латвійскія папраўкі да закону аб іміграцыі прадугледжваюць, што працадаўцам давядзецца перапыніць працоўныя адносіны з грамадзянамі Расеі і Беларусі, калі тыя ня маюць статусу пастаяннага жыхара ЭЗ.