Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскія журналісты правялі акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі Бяляцкім і Меркісам. ФОТА


Нарвэскія журналісты правялі акцыю салідарнасьці з з журналістам-палітвязьнем Яўгенам Меркісам і зьняволеным праваабаронцам ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім
Нарвэскія журналісты правялі акцыю салідарнасьці з з журналістам-палітвязьнем Яўгенам Меркісам і зьняволеным праваабаронцам ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім

На мінулых выходных сяброўская для БАЖ Нарвэская асацыяцыя журналістаў сабрала ў Бэргене сваіх актывістаў на канфэрэнцыю Hauststormen («Восеньскі шторм») для абмеркаваньня працоўных пытаньняў і плянаў на будучыню. На сходзе ішлося і пра Беларусь.

Як паведамляе БАЖ, у трохдзённым сходзе ўдзельнічалі штатныя журналісты і фрылансэры, якія працуюць з нарвэскімі СМІ. Таксама запрасілі журналістаў зь іншых краін, якія цяпер у Нарвэгіі і з розных прычын ня могуць вярнуцца на радзіму: зь Іраку, Пакістану, Афганістану, Беларусі, Украіны.

На сходзе правялі акцыю салідарнасьці з журналістам-палітвязьнем Яўгенам Меркісам і зьняволеным праваабаронцам ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім.

Падчас сустрэчы ў Бэргене беларуская журналістка Юлія Альгерчык заявіла, што нарвэскія калегі ведаюць як пра падзеі ў Беларусі, якія адбыліся пасьля выбараў прэзыдэнта ў 2020 годзе, так і пра беларускіх журналістаў, кінутых за краты.

«Одрун Мітбё, адна з нарвэскіх журналістак, вельмі актыўна выступае за нашых (дарэчы, дзякуючы ёй я і трапіла на канфэрэнцыю ў Бэрген). Мала таго, што на яе старонцы ў фэйсбуку вельмі шмат допісаў пра беларускіх калег у зьняволеньні, дык яна яшчэ на канфэрэнцыю прынесла стос партрэтаў праваабаронцы Алеся Бяляцкага і журналіста Яўгена Меркіса. А калі я расказвала нарвэжцам падрабязнасьці нашай працы ў Беларусі і дэталі затрыманьняў журналістаў, яны былі ў шоку, рэагавалі вельмі эмацыйна», — дадала Альгерчык.

Журналіст-фрылансэр і лідэр The EFJ’s Freelance Expert Group (FREG) Одрун Мітбё расказала, што ў 2017 годзе была на прэс-канфэрэнцыі ў Менску і з таго часу адчувае вялікую цікавасьць і сымпатыю да беларускіх калег.

«Я ведаю, што многія беларускія журналісты ў турме. Я заўжды прашу абмеркаваць гэтыя пытаньні на нацыянальным і эўрапейскім узроўні. Цяпер я вылучыла Алеся і Яўгена. Першы атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. А з другім асабіста знаёмая ня толькі я: яго добра ведаюць некаторыя жыхары Скандынавіі», — паведаміла Одрун.

Одрун Мітбё
Одрун Мітбё

Наступны сход Hauststormen пройдзе ў Нарвэгіі ў 2024 годзе.

У Гомлі 14 верасьня 2022 году затрымалі журналіста Яўгена Меркіса і правялі ператрус у ягоных бацькі і сяброўкі. Спачатку паведамлялася, што справа датычыць нібыта заклікаў да санкцыяў.

Як інфармуе Гомельская вясна, стала вядома, што журналісту выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Яўгену Меркісу можа пагражаць зьняволеньне ад 2 да 6 гадоў. Яўген Меркіс супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», ён вядомы ў Гомлі журналіст, гісторык і краязнаўца. Пасьля прызнаньня шэрагу незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» не працаваў журналістам, засяродзіўся на краязнаўчай дзейнасьці. У 2020 годзе яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, ён адбываў арышт у ІЧУ.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG