Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за мільён даляраў на дроны, паўтара мільёна на начныя прыцэлы. Як абнаўляецца беларускае войска


 Аляксандар Лукашэнка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Берасьцкай вобласьці знаёміўся з распрацоўкамі ваенна-прамысловага комплексу. 21 кастрычніка 2022 году
 Аляксандар Лукашэнка на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Берасьцкай вобласьці знаёміўся з распрацоўкамі ваенна-прамысловага комплексу. 21 кастрычніка 2022 году

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны беларускія вайскоўцы пачалі набываць сучаснае абсталяваньне. Расказваем пра новую партыю закупак.

Пра тое, як вайна ва Ўкраіне паўплывала на закупкі беларускай арміі, Свабода ўжо расказвала ў траўні. Тады Мінабароны набывала 56 камплектаў кітайскіх цывільных дронаў агульным коштам 700 тысяч даляраў. Усё абсталяваньне плянуюць накіраваць у 927-ы цэнтар падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў Паветраных сіл Беларусі ў Бярозе. Як тлумачылі ў размове са Свабодай добраахвотнікі з аэравыведкі палку «Пагоня», такія бесьпілётнікі цалкам прыдатныя для вядзеньня выведкі, і беларускае войска відавочна закупляе іх з улікам аналізу баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Увосень Мінабароны РБ разьмясьціла новыя тэндэры. Расказваем пра іх падрабязьней.

Новыя партыі дронаў

Зараз на сайце дзяржзакупак афіцыйна разьмешчаныя як мінімум дзьве заяўкі на набыцьцё партый бесьпілётнікаў. Адна зь іх на 12 комплексаў, другая — адразу на 32. У абодвух выпадках Мінабароны шукае пастаўшчыкоў тактычных бесьпілётных авіяцыйных комплексаў бліжэйшага дзеяньня DJI Mavic 3 Thermal. Гэта адна з самых сучасных мадыфікацый дронаў кампаніі DJI, абсталяваная цеплавізарам. Прыкладны кошт аднаго камплекта ў залежнасьці ад камплектацыі — 5500 даляраў. У Беларусі з нацэнкамі яны могуць каштаваць значна больш. Мінабароны на ўсю партыю плянуе патраціць 1 мільён рублёў — каля 400 тысяч даляраў па актуальным курсе. Крыніца фінансаваньня — бюджэтныя сродкі. Агулам з улікам першай травеньскай партыі дронаў за 2022 год Мінабароны на бесьпілётнікі патраціць больш за мільён даляраў. На гэтыя грошы купяць роўна 100 комплексаў.

Дрон беларускай вытворчасьці
Дрон беларускай вытворчасьці

Паводле інфармацыі Свабоды, першая партыя бесьпілётнікаў, набытых у канцы траўня — пачатку чэрвеня, ужо паступіла ў беларускае войска. У новай замове дроны з большымі магчымасьцямі.

«DJI Mavic 3 Thermal — гэта прамысловы дрон з тэрмальнай камэрай, які можа трымацца ў паветры на 10 хвілін больш, чым DJI Mavic 2, — расказаў Свабодзе адзін з добраахвотнікаў, датычных да групы аэравыведкі, якая ваюе на баку УСУ. — Па пашпарце ўвогуле на 15 хвілін. Гэта самае галоўнае, можна сказаць, для дрона ў баявых умовах. Там таксама лепшы зум у камэры. Гэта нармальная такая машынка, магчыма, ротнага ўзроўню (прыдатная для выкарыстаньня ў адной роце, прыкладна на 100 чалавек. — РС). У прынцыпе, яны і хочуць іх так выкарыстоўваць. Але, напрыклад, у палку Каліноўскага ёсьць нашмат больш магутныя машыны (дроны — РС). Нават батальённага альбо брыгаднага ўзроўню».

Дрон беларускай вытворчасьці
Дрон беларускай вытворчасьці

Па словах экспэрта, шмат залежыць і ад таго, якім чынам беларускае войска зьбіраецца выкарыстоўваць набытыя бесьпілётнікі. Іх мала проста набыць — для эфэктыўнага выкарыстаньня на практыцы падчас баявых дзеяньняў дроны неабходна перапраграмоўваць, абсталёўваць дадатковымі акумулятарамі і антэнамі. Ці будуць усё гэта рабіць у беларускім войску, інфармацыі няма.

«Тыя 50 DJI Mavic 2, якія Мінабароны набыло і раздала ССАшнікам (у падразьдзяленьні Сіл спэцыяльных апэрацый. — РС), як мы лічым, будуць проста ляжаць у сэйфах камандзіраў, — кажа беларускі добраахвотнік. — Бо разьбіць такую птушку за 6 тысяч эўра вельмі проста. Людзі б’юць іх сотнямі зараз ва Ўкраіне. А матэрыяльную адказнасьць з камандзіраў частак ніхто не здымаў, яна вельмі вялікая. Калі б у мяне запыталі, то я б параіў замест аднаго такога DJI Mavic 3 Thermal набыць тры звычайныя. Бо ўсё адно ўсе апэрацыі па выведцы праводзяцца ўдзень. Начныя апэрацыі з дронамі — гэта ўжо для сапраўдных здаравенных дронаў кшталту „Арлана“ (вайсковы бесьпілётнік расейскай вытворчасьці, з далёкім радыюсам дзеяньня. — РС). DJI Mavic 3 Thermal падыдуць хіба што для начной працы ва ўмовах вучэньняў на палігоне».

Беларускі танк з наваранай зьверху канструкцыяй
Беларускі танк з наваранай зьверху канструкцыяй

Насадкі начнога бачаньня на прыцэлы за 4 мільёны

Тэндэр на закуп 358 камплектаў начных прыцэлаў Мінабароны разьмясьціла 28 кастрычніка, а ўжо 1 лістапада прыём заявак скончыўся. Агульны кошт закупу — амаль 4 мільёны рублёў, больш за 1,5 мільёна даляраў. Тэрмін паставак — амаль увесь 2023 год. Набываюць начныя прыцэлы, паводле тэндэру, для 3620-й артылерыйскай базы ўзбраеньняў, што на тэрыторыі вайсковай часткі 63755 на завулку Кабушкіна ў Менску.

Дэманстрацыя бранятэхнікі
Дэманстрацыя бранятэхнікі

Дазымэтры і комплексы абароны сувязі VPN

Сярод менш дарагіх закупак, абвешчаных Міністэрствам абароны Беларусі ў кастрычніку і лістападзе, — камплекты дазымэтраў і праграмна-апаратных комплексаў «Сродак лінейнага шыфраваньня VPN, альбо аналяг».

Новых дазымэтраў Мінабароны плянуе набыць 130 камплектаў, агульны кошт закупкі — 103 тысячы рублёў. Гэта кампактныя індывідуальныя дазымэтры, здольныя выяўляць узровень радыяцыйнага забруджваньня і папярэджваць пра небясьпеку для карыстальніка. У тэндэры ўказаная мадэль, якую выпускаюць на беларускім прадпрыемстве «Атамтэх» у Менску. Аднак Мінабароны гатовае разгледзець і аналягі.

Комплексы лінейнага шыфраваньня сувязі з дапамогай тэхналёгіі VPN — гэта невялікія прылады, да якіх можна падключаць ноўтбук альбо тэлефон. У выніку дадзеныя дадаткова шыфруюцца, перахапіць іх становіцца складана альбо немагчыма. Мінабароны РБ разьмясьціла тэндэр на набыцьцё 35 такіх комплексаў на агульную суму больш за 170 тысяч рублёў. Як і дазымэтры, такія комплексы з выкарыстаньнем заходніх ліцэнзій робяць у Беларусі на прадпрыемстве «НТЦ КАНТАКТ», аднак Мінабароны гатовае разгледзець і заяўкі пастаўшчыкоў з-за мяжы. Праўда, як адзначана ва ўмовах закупак, усе разьлікі будуць выключна ў беларускіх рублях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG