Сяргей Бандарэнка — стрыечны брат загінулага беларуса-добраахвотніка, былога палітвязьня Васіля Парфянкова. Пасьля некалькіх затрыманьняў Сяргей быў вымушаны зьехаць зь Беларусі. У размове са Свабодай ён расказаў, што зь ім рабілі ў ГУБАЗіКу.
«Першы раз мяне затрымалі яшчэ на пачатку ліпеня. Я тады прыйшоў да аднаго вядомага апазыцыйнага актывіста дамоў, бо ведаў, што ў яго ёсьць інфармацыя пра Васю. Забыўся, які дакладна пад’езд, таму сеў на лавачку. Адразу выяжджае з кута сіні бус, адбываецца «маскі-шоў», усё вельмі хутка. Мяне ў кайданках вязуць у Першамайскі РУУС. Там сталі лазіць па тэлефоне, спыталі пра брата, паспачувалі. Было ўражаньне, што яны стаміліся ад усяго гэтага. Сказалі: «Мы ўсё разумеем, што брат загінуў, але пасядзець трэба».
Сяргей сказаў, што ў прыватных перапісках яны знайшлі паведамленьне, дзе ён пісаў, што ў выпадку мабілізацыі здасца ў палон украінцам. Нарабілі скрыншотаў, першапачаткова пратакол склалі за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», а потым перакваліфікавалі ў «дробнае хуліганства». Асудзілі на 15 сутак.
Бандарэнка кажа, што давялося сядзець у камэры для палітычных, дзе на чатыры спальныя месцы быў дваццаць адзін чалавек. Па сканчэньні адміністрацыйнага арышту яго выпусьцілі на волю. Адразу ж звольнілі з працы ў «Белпошце», пасьля Сяргей зарабляў на жыцьцё выпадковымі працамі.
Другое затрыманьне адбылося ўжо 28 кастрычніка ў Заслаўі. Там Сяргей Бандарэнка адзначаў на лецішчы юбілей бацькі. Праз бытавую сытуацыю на лецішча выклікалі міліцыю, і калі яна там была, то ў Бандарэнкі на тэлефоне зайграла ўкраінская патрыятычная песьня.
«Міліцыі хапіла гэтага для праверкі тэлефона, а ў мяне на застаўцы трызуб, шмат песьняў украінскіх, Tor Band, шмат чаго яшчэ. Павезьлі ў пастарунак. Знайшлі фільм „Белсату“ пра майго брата Васіля. Я кажу, што гэта мой брат. Старлей адразу стаў кудысьці тэлефанаваць, я думаў, што ў КДБ. Гадзіны празь дзьве-тры прыехалі людзі ў цывільным, якія павезьлі мяне на ператрус у Менск».
Спадар Бандарэнка расказвае, што дома знайшлі бела-чырвоную коўдру, але потым расчараваліся, што яна вырабленая ў Індыі.
«Мяне паставілі на калені, накрылі гэтай коўдрай. Але ніякага пагрому дома не было, усё вельмі культурна, дзеля справядлівасьці. На лядоўні вісела фотка, дзе я ў Адэсе ў майцы „Мы — браты, мы — разам“ зь беларускім і ўкраінскім сьцягамі. Забралі той здымак з сабой. Дома ня білі. Калі заехалі на тэрыторыю ГУБАЗіКу, то там пачалося „мордай у падлогу“, на паўсагнутых пагналі ў кабінэт. Там паставілі на калені, сталі шукаць тэлеграм у тэлефоне. Шукалі інфармацыю ў вайбэры, у фэйсбуку. Украінцаў яны называюць „хахлама“. Кажы пароль, загадваюць. Адказваю, што ня ведаю — адразу б’юць нагой па сьпіне і рэбрах. У твар ня білі. У іх дурныя жарты былі, адзін дастаў шаблю драўляную: „Бачыш, якая доўгая? Ведаеш, што мы можам зрабіць?“ Адразу холад па целе. Па сьценах вісяць расейскія сьцягі — гэта так дзіка».
Сяргей кажа, што пагадзіўся на пакаяльнае відэа, бо сам Васіль Парфянкоў прасіў сваякоў казаць усё што заўгодна, абы іх ня білі. Раней затрымлівалі маці і сястру Васіля.
«Па дарозе назад у Заслаўе кажуць: „Ты ж нікому не кажы, што цябе білі, а то нам крыўдна будзе, бо каб мы білі, то ты б да канца жыцьця еў праз трубачку“. Каб яны якую Пагоню знайшлі ці сьцяг, то мне былі б кранты. Я думаў, што мне прыпішуць распальваньне варажнечы. Па дарозе ў пастарунак прымушалі сьпяваць гімн дзяржаўны, а яго ня ведаю, калі б гэта было па дарозе ў Менск, то мяне за гэта яўна б зьбілі. Для іх чырвоныя анучы — абраза Лукашэнкі, няведаньне гімну і патрыятычныя татуіроўкі. Потым казалі: „Мы паліцыя, а вось перадаём цябе нармальнай міліцыі“. У Заслаўі ў міліцыі да мяне ставіліся добра».
Сяргей сьцьвярджае, што яго хацелі судзіць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», нарабілі з тэлефону скрыншотаў. У Заслаўі самі міліцыянты, калі пабачылі наступствы зьбіцьця, выклікалі хуткую. Рэнтген паказаў падазрэньне на пералом рэбраў, таму Сяргея шпіталізавалі. Ужо з бальніцы ён уцёк, а потым змог пры дапамозе BySol перабрацца ў Польшчу. Цяпер ён у Белай Падляскай.
«Я думаў, яны будуць зьдзекавацца з памяці Васіля, што вось „здох — так і трэба“. Але гэтага не было. Цікавіліся толькі, колькі ён зарабляў, калі вайна скончыцца, казалі, што Ўкраіна разьвязала вайну. Мы з Васілём былі ў вельмі блізкіх адносінах», — кажа Сяргей.
Васіль Парфянкоў (пазыўны «Сябро») загінуў напрыканцы чэрвеня ў Лісічанску Луганскай вобласьці. Цела беларуса ўсё яшчэ не аддалі ягонай жонцы-ўкраінцы.