Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Мішы заўжды з сабой была Біблія, зь ёй яго мы і пахавалі». Нявеста пра загінулага беларускага добраахвотніка «Юнгера»


Міхась Шавельскі
Міхась Шавельскі

Міхась Шавельскі быў парамэдыкам у беларускім батальёне «Тэрор». Ён загінуў 11 кастрычніка падчас баёў у Херсонскай вобласьці, між вёскамі Безыменнае і Шчасьлівае. Хлопцу быў 21 год.

Пахавалі Міхася (пазыўны «Юнгер») у Віньніцы ў Заходняй Украіне. Там жыве ягоная нявеста Валерыя Хусанава, студэнтка ўкраінскай Акадэміі МУС. Валерыя пагадзілася расказаць Свабодзе пра Міхася.

«Мы пазнаёміліся ў інтэрнэце. Ён на той момант быў ужо ва Ўкраіне, а я была ў Польшчы. Так атрымалася, што ён прыехаў у сакавіку ва Ўкраіну з Польшчы, а я ў сакавіку выехала ў Польшчу з Украіны. Так і стасаваліся онлайн. Калі я вярнулася ва Ўкраіну, то Мішу літаральна праз тыдзень атрымалася дамовіцца з камандзірам, каб яго адпусьцілі да мяне ў Віньніцу. Міхась прыехаў на дзесяць дзён. Гэта была наша адзіная сустрэча, астатні час мы былі на сувязі на адлегласьці».

Міхась «Юнгер» Шавельскі зь нявестай Валерыяй Хусанавай
Міхась «Юнгер» Шавельскі зь нявестай Валерыяй Хусанавай

Пры гэтым адносіны падчас вайны разьвіваюцца імкліва. Міхась цьвёрда вырашыў, што падчас наступнага прыезду ў Віньніцу ажэніцца зь Лерай. Пазнаёміў дзяўчыну са сваёй маці, іншымі блізкімі людзьмі. Казаў, што чакае таго моманту, калі зноў зможа прыехаць у Віньніцу.

«Міша навучыў мяне кахаць, паказаў, што гэта такое, а таксама ў нейкай ступені зьмяніў. Ён марыў завесьці сям’ю, убачыць родных, зьезьдзіць у сваю ўжо вольную Беларусь», — кажа Валерыя.

Пра свой выбар абараняць Украіну ён не шкадаваў, кажа Валерыя. Казаў, што ня можа інакш у дадзенай сытуацыі, і лічыў сваім абавязкова дапамагаць Украіне.

«У іх свая спэцыфіка, таму пра ўдзел у баявых дзеяньнях Міша расказваў вельмі мала. Калі ён толькі прыехаў ва Ўкраіну, то ня мог дачакацца, калі скончыцца навучаньне, калі ён ужо зможа адправіцца ў бой. Пасьля знаёмства са мной яго пазыцыя троху зьмянілася. Ён памяняў сваю вайсковую спэцыялізацыю на парамэдыка, прайшоў навучаньне».

Міхась «Юнгер» Шавельскі
Міхась «Юнгер» Шавельскі

Той выхад Міхася 10 кастрычніка быў для яго першым і апошнім у якасьці парамэдыка. За дзень да сьмерці ён напісаў Леры, што будзе адсутнічаць некалькі дзён.

«Міша атрымаў загад аказаць мэдыцынскую дапамогу і ўратаваць параненага ўкраінскага марскога пехацінца. У той час вёўся актыўны бой, яго параніла аскепкам расейскага снарада, які трапіў проста ў шыю. Міша адразу загінуў».

Хлопца пахавалі ў Віньніцы. Родныя разумелі, што везьці цела ў Беларусь пакуль немагчыма.

«Міша быў сапраўды сьмелым чалавекам. Ён жа не павінен быць ва Ўкраіне, для мяне гэта неймаверная гісторыя, калі беларусы ўтвараюць цэлыя батальёны. Трэба, каб як мага больш людзей у нас ведалі, што беларусы ваююць на баку Ўкраіны, каб іх не прыраўноўвалі да расейцаў. Я была яму за гэты ўчынак вельмі ўдзячная».

Міхась «Юнгер» Шавельскі
Міхась «Юнгер» Шавельскі

Міхась паводле веравызнаньня быў лютэранінам. Ён вучыўся ў Польшчы на тэоляга, марыў у будучыні стаць пастарам.

«Нават на пахаваньне да яго прыяжджаў пастар. У яго была вельмі вялікая вера ў Бога. Мне здаецца, такіх людзей мала. Ён заўжды браў з сабой Біблію, яна была зь ім, калі прыяжджаў да мяне, на баявых, у іншых выездах. У выніку мы яго і пахавалі зь Бібліяй. Для яго нават не вясельле было важным, а менавіта вянчаньне ён лічыў самым галоўным. Я ведаю, калі іхная база была ў Мікалаеве, то Міша кожную нядзелю хадзіў на набажэнствы».

Пры гэтым Лера кажа, што вера ў Бога не перашкаджала яму ваяваць.

«Ён не нападаў на кагосьці, а абараняўся. Калі б Украіна не абаранялася, то яна б проста загінула. Таму гэта не супярэчыла перакананьням Міхася».

У астатні вольны час Шавельскі чытаў кнігі. І пазыўны ён узяў у гонар любімага пісьменьніка.

«Мне перадалі ягоныя рэчы, дык там было тры кнігі на ўкраінскай мове. Сярод іх кніга нямецкага пісьменьніка Эрнста Юнгера, у яго нават было тату з пазыўным „Юнгер“. Таксама была кніга ўкраінскага пісьменьніка, ахвяры сталінскіх рэпрэсій Астапа Вішні. Мяне вельмі ўразіла, што ён чытаў кнігі на ўкраінскай мове».

Пра сьмерць Міхася Валерыі паведаміў камандзір батальёну «Тэрор», ён жа расказаў гэтую вестку і маці хлопца.

«Вельмі цяжка гэта ўсё перажыла, яшчэ да канца не ўсьвядоміла (плача)... Складана», — заканчвае Лера.

Цяпер Валерыя разам зь сябрамі і паплечнікамі Міхася зьбіраюць грошы на надмагільны помнік Міхасю Шавельскаму. Дапамагчы ў гэтай справе можна па наступных рэквізытах:

4149439022977759, «Приватбанк»,

Хусанова Валерія

IBAN

UA113052990262056400934264118

Khusanova Valeriia

5355086025740670, «ЕкоБанк»

Хусанова Валерія

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG