Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, бакі таксама абмеркавалі далейшыя крокі па гарантаваньні энэргетычнай бясьпекі Ўкраіны.
Уладзімір Зяленскі заявіў аб мэтазгоднасьці стварэньня пляцоўкі для падтрымкі ўкраінскай эканомікі, у прыватнасьці энэргетыкі, накшталт кантактнай групы ў фармаце «Рамштайн».
Прэзыдэнт Украіны таксама заклікаў увесьці цэнавыя абмежаваньні на расейскі газ у дадатак да цэнавых абмежаваньняў на нафту, а таксама абмежаваць пастаўкі расейскага звадкаванага газу ў краіны ЭЗ у рамках чарговага пакета санкцый, «якія павінны быць зацверджаныя як мага хутчэй», — гаворыцца ў паведамленьні.
Кадры Сімсан, якая прыбыла ў Кіеў 1 лістапада, раней сказала, што прыехала ва ўкраінскую сталіцу, каб дапамагчы павялічыць падтрымку ўкраінскага энэргетычнага сэктару.
«Энэргетычная інфраструктура Ўкраіны падвяргаецца мэтанакіраванай атацы з боку Расеі — жорсткай і бесчалавечнай тактыкі, каб прычыніць чалавечыя пакуты на фоне набліжэньня зімы», — сказала яна.
Эўракамісарка дадала, што на свае вочы бачыла маштабы разбурэньняў ва Ўкраіне і «прыкладае ўсе намаганьні для павелічэньня фінансавай, тэхнічнай і практычнай падтрымкі».