Лінкі ўнівэрсальнага доступу

34 «крыміналкі», 20 чалавек за кратамі. Хто і як пацярпеў ад забароны на рост цэнаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

6 кастрычніка Лукашэнка забараніў падвышаць цэны, пасьля ўрад выдаў пастанову, паводле якой падвышаць іх усё ж можна. Тым часам улады пасьпелі завесьці некалькі дзясяткаў крымінальных спраў. Хто яшчэ пацярпеў.

18 кастрычніка МУС паведаміла пра 70 фактаў, калі цэны ў крамах завышалі. На гэтай падставе завялі 34 крымінальныя справы і ўжо затрымалі 20 чалавек. Ад забароны на рост цэнаў церпяць ня толькі прадуктовыя крамы.

Бізнэсовец з Магілёва

7 кастрычніка, празь дзень пасьля таго, як Лукашэнка забараніў павышаць цэны, КДК выявіў праблему з рэклямай на радыё.

Жыхар Магілёва пры разьмяшчэньні на радыёстанцыі рэклямы аднаго зь мясакамбінатаў Менскай вобласьці атрымаў за аказаную паслугу ўзнагароджаньне ў 10 разоў большае, чым панесеныя затраты, і тым самым нанёс страты прадпрыемству. Сілавікі завялі крымінальную справу, а прадпрымальніка затрымалі.

Пастаўшчыкі кампутарнага абсталяваньня

Таксама сілавікі знайшлі парушэньні ў аднаго з буйных пастаўшчыкоў кампутараў і кампутарных паслуг.

«Выяўленыя факты неабгрунтаванага завышэньня цэнаў і ўтойваньня выручкі ад рэалізацыі кампутараў, кампутарнага абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня пры праверцы аднаго з буйных пастаўшчыкоў тавараў у адрас інтэрнэт-крам. Пры рэалізацыі інтэрнэт-крамам набытых за валюту тавараў работнікі арганізацыі ўстанаўлівалі цэны ў беларускіх рублях, зыходзячы з курсу замежнай валюты ў адносінах да беларускага рубля на 25–30% працэнтаў вышэйшага за рэальны курс. У выніку адпускная цана тавараў безь відочных падстаў неабгрунтавана павялічвалася. Распачата крымінальная справа. Фактычны кіраўнік знаходзіцца пад вартай», — заявілі ў КДК.

Прыватная аптэка

16 кастрычніка АНТ паведаміла пра крымінальную справу ў дачыненьні да адной з прыватных аптэчных сетак.

Падстава — павышэньне цэнаў на некаторыя лекі і харчовыя дадаткі.

Фармацэўтычная кампанія

Суд аштрафаваў фармацэўтычную кампанію «Інтэрфармакс», якая займаецца ў асноўным дыстрыбуцыяй мэдпрэпаратаў, за завышэньне цэнаў па заяве Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Парушэньне зафіксавалі станам на 2020 год, яно тычылася толькі аднаго вітаміннага прэпарата. Згодна з матэрыяламі справы, ЗТАА «Інтэрфармакс» з 9 чэрвеня па 15 кастрычніка 2020-га парушыла заканадаўства аб цэнаўтварэньні — не вытрымлівала гранічныя адпускныя цэны на «Аквадэтрым». У выніку фактычная выручка перавысіла разьліковую на 15 908 рублёў 45 капеек.

Крымінальная справа за зьніжкі

14 кастрычніка прэс-служба КДК паведаміла пра крымінальную справу не за рост цэнаў, а за зьніжкі.

КДК Брэсцкай вобласьці разам зь фінансавай міліцыяй палічылі неабгрунтаванымі зьніжкі, якія Бярозаўскі мясакансэрвавы камбінат даваў гандлёвым сеткам.

«Устаноўлена, што камбінатам з 2021 году па кастрычнік 2022 году ў парушэньне заканадаўства аб рэгуляваньні цэнаў на сацыяльна-значныя тавары пры рэалізацыі каўбасных вырабаў (з узроўнем рэнтабэльнасьці меншым за 10%) неабгрунтавана даваліся гандлёвым прадпрыемствам зьніжкі, памер якіх перавышаў 10%», — паведамляе прэс-служба КДК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG