Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Чэхіі Бабіш заявіў, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты. Цяперашні прэм’ер лічыць, што Бабіш уцякае ад крымінальнай адказнасьці


Андрэй Бабіш
Андрэй Бабіш

Пераемнік Бабіша Пэтар Фіяла, заявіў, што Бабіш імкнецца выкарыстаць прэзыдэнцкія выбары, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці паводле абвінавачаньняў у махінацыях з субсыдыямі ЭЗ.

Цяпер былы прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш зьяўляецца лідэрам руху «Ano» (Так) і дэпутатам ніжняй палаты парлямэнта Чэхіі. Паліцыя абвінавачвае яго ў махінацыях з субсыдыямі Эўразьвязу.

30 кастрычніка Бабіш аб’явіў аб намеры вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2023 году. «Я буду балятавацца на пасаду прэзыдэнта Чэхіі», — напісаў ён у Facebook у нядзелю.

Выбары прэзыдэнта Чэхіі адбудуцца ў студзені налета. Галоўным сапернікам Бабіша ў прэзыдэнцкай гонцы стане былы генэрал Пэтар Павел, які ў 2015-2018 гадах узначальваў ваенны камітэт NATO. Дзеючы кіраўнік дзяржавы Мілаш Зэман ня мае права балятавацца пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў.

Бабіш зьяўляецца заснавальнікам і старшынёй папулісцкай партыі «Ano», якая на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2021 году прайграла правацэнтрысцкай кааліцыі на чале з цяперашнім прэм’ер-міністрам Пэтарам Фіялам.

Рэакцыя вядучых чэскіх палітыкаў

Паводле словаў прэм’ер-міністра Пэтара Фіялы, якога цытуе партал Novinky.cz, Чэская Рэспубліка не заслугоўвае таго, каб змаганьне за пасаду прэзыдэнта служыла падставай для атрыманьня імунітэту ад крымінальнага перасьледу. Міністар унутраных спраў Віт Ракушан лічыць, што Бабіш ня выйграе выбары.

«Рашэньне Андрэя Бабіша балятавацца ў прэзыдэнты рэспублікі мяне зусім не зьдзівіла. У дэмакратычных краінах абвінавачаны палітык зьяжджае, Андрэй Бабіш дамагаецца недатыкальнасьці на Градзе. А Чэхія гэтага не заслугоўвае», — напісаў прэм’ер-міністар Пётар Фіяла у Twitter.

«Ён паўгода вёў сваю гібрыдную кампанію і, нарэшце, прызнаў гэта», — дадаў прэм’ер, намякаючы на шматмесячнае турнэ Бабіша па рэспубліцы ў аўтафургоне, якое ён выдаваў за кампанію руху «Ano» перад верасьнёўскімі муніцыпальнымі і сэнацкімі выбарамі. Неаднаразова прыпускалася, што ён рабіў гэта ў сувязі з падрыхтоўкай да бітвы за Град, але Бабіш гэта адмаўляў.

Віцэ-прэм’ер, міністар унутраных спраў і кіраўнік урадавага руху STAN Віт Ракушан таксама апублікаваў сваё меркаваньне ў Twitter. «Кожны, хто адпавядае фармальным крытэрам, можа балятавацца ў прэзыдэнты. Андрэй Бабіш, безумоўна, адпавядае гэтым крытэрам. Чаму ён ня можа адпавядаць, дык гэта маральным крытэрам, зьвязаным з найвышэйшай канстытуцыйнай функцыяй. Я веру, што выбаршчыкі яму гэта растлумачаць», — напісаў Ракушан.

Паводле кіраўніка Партыі піратаў і міністра рэгіянальнага разьвіцьця Івана Барташа, Бабішу не хапае здаровага сэнсу, калі ён хоча балятавацца на найвышэйшую пасаду, пакуль ён ходзіць у суд па справе аб субсыдыях ЭЗ.

Працэс у дачыненьні да Бабіша

Як піша DW, сакавіку Бабішу было прад’яўлена абвінавачваньне ў махлярстве з двума мільёнамі эўра субсыдый Эўразьвязу. Паводле дадзеных пракуратуры, палітык выкарыстаў выдзеленыя ЭЗ грошы, першапачаткова прызначаныя для малога і сярэдняга бізнэсу, для будаўніцтва гатэля «Гняздо бусла» ў навакольлях Прагі.

Зямлю пад будучы гатэль у 2006 годзе набыў холдынг Agrofert, які належаў Бабішу. Абвінавачаньне лічыць, што ён утаіў гэты факт. Уладальнікамі гатэля сталі члены сям’і Бабіша.

Паводле запыту пракуратуры Прагі ніжняя палата парлямэнта Чэхіі пазбавіла Бабіша дэпутацкай недатыкальнасьці. Пракурор запатрабаваў для экс-прэм’ера 3 гады ўмоўнага тэрміну і штрафу памеры 10 млн. крон (407 тысяч эўра). Разгляд справы ў гарадзкім судзе Прагі працягваецца з верасьня. Бабіш абвяргае ўсе абвінавачваньні і настойвае, што працэс носіць палітычны характар. Ён зьвязвае крымінальную справу з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца.

Бабіш займаў пасаду прэм’ер-міністра краіны з 2017 па 2021 год. Пасьля сыходу ў адстаўку на фоне скандалу з фінансавымі махінацыямі ён разам са сваёй цэнтрысцкай палітычнай партыяй «Ano» («Акцыя незадаволеных грамадзян») перайшоў у апазыцыю да дзейнаму ўраду. Бабіш займае пятае месца сярод найбагацейшых грамадзян Чэхіі паводле вэрсіі часопісу Forbes з капіталам 4 млрд даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG