Корпус вартавых — ваенізаванае фармаваньне, якое мае значную палітычную уладу ў Іране. Злучаныя Штаты ўнесьлі яго ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый. Прадстаўнікі КСІР перадалі бацьку Хагігатнэджада фота, на якой, як сьцьвярджаецца, магіла журналіста, але яе месцазнаходжаньне не раскрываецца.
Палітычны аналітык Рэза Хагігатнэджад працаваў у іранскай службе Радыё Свабода з 2019 года. Ён ня мог вярнуцца на радзіму праз сваю працу. 17 кастрычніка ён памёр ва ўзросьце 45 гадоў ад раку ў бэрлінскай клініцы «Шарытэ». Яго цела было дастаўлена ў Іран для пахаваньня, але сваякі не змаглі яго атрымаць.
Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай назваў дзеяньні іранскіх уладаў «ганебнымі і агіднымі». Вярнуць цела родным 28 кастрычніка заклікаў іранскія ўлады афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс. Ён зазначыў, што выкраданьне цела сьведчыць, наколькі ўлады Ірану «баяцца журналістаў нават пасьля іх сьмерці».
У Іране паўтара месяца працягваюцца пратэсты пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, арыштаванай паліцыяй нораваў за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Удзельнікі акцыяў пратэсту абвінавачваюць паліцыю ў яе забойстве. Пры разгоне пратэстаў, у тым ліку з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, былі забітыя больш за 200 чалавек.