Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар: Падача пазову ў Міжнародны крымінальны суд супраць Пуціна магчымая


Дыд’е Рэйндэрс
Дыд’е Рэйндэрс

«Калі органы, якія займаюцца крымінальным перасьледам, захочуць заняцца самымі высокапастаўленымі асобамі, то ім трэба гэта зрабіць», — заявіў эўракамісар у пытаньнях юстыцыі Дыд’е Рэйндэрс, якога цытуе DW.

Падача ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе пазову супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў сувязі з ваеннымі злачынствамі ва Ўкраіне магчымая. Такое меркаваньне выказаў у апублікаваным у суботу, 29 кастрычніка, інтэрвію газеце Berliner Morgenpost і іншым выданьням мэдыягрупы Funke эўракамісар у пытаньнях юстыцыі Дыд’е Рэйндэрс.

Адказваючы на пытаньне, ці павінен, на яго думку, Пуцін паўстаць перад судом у сувязі з вайной ва Ўкраіне, Рэйндэрс заявіў:

«У мае задачы не ўваходзіць рэкамэндацыя крымінальнага перасьледу канкрэтных асоб. ЭЗ дае інструмэнты, каб правасудзьдзе магло выконваць свае задачы. Калі органы, якія займаюцца крымінальным перасьледам, захочуць заняцца самымі высокапастаўленымі асобамі, ім варта гэта зрабіць».

Паводле словаў Рэйндэрса, расьсьледаваньне расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне — «гэта сыгнал для ўсяго сьвету». «Упершыню расьсьледаваньне такіх злачынстваў ідзе з самага першага дня вайны. Для тых, хто іх учыніў, рызыка быць прыцягнутымі да адказнасьці захоўваецца да канца іх жыцьця. Гэта датычыцца, зразумела, і Пуціна, калі крымінальны перасьлед будзе распачаты і ў дачыненьні да яго», — дадаў эўракамісар.

Доказы ваенных злачынстваў ва Ўкраіне

Дыд’е Рэйндэрс паведаміў, што падчас наведваньня Барадзянкі ўбачыў «вельмі выразныя доказы верагодных ваенных злачынстваў». Паводле яго слоў, украінскія ўлады сабралі доказы па 37 тысячах выпадкаў, па больш як 3200 зь іх расьсьледаваньне ўжо ідзе.

Паводле ацэнкі эўракамісара, першыя судовыя працэсы ў МКС па справах аб ваенных злачынствах ва Ўкраіне могуць пачацца яшчэ да канца сёлета. Аднак вельмі важна, каб Украіна ратыфікавала Рымскі статут, на аснове якога быў заснаваны і дзейнічае МКС, дадаў Рэйндэрс.

«У гэтым выпадку Міжнародны крымінальны суд зможа непасрэдна на месцы расьсьледаваць усе магчымыя ваенныя злачынствы, з абодвух бакоў. Хаця ніякіх сьведчаньняў учыненьня ваенных злачынстваў Украінай няма. Бо агрэсарам зьяўляецца Расея», — удакладніў ён.

Верагоднасьць стварэньня новага трыбуналу па вайне ва Ўкраіне

Камэнтуючы заклік Кіева стварыць дадатковы міжнародны трыбунал для суду над расейскімі ваеннымі злачынцамі, Дыд’е Рэйндэрс адзначыў, што яго ведамства абмяркоўвае гэтае пытаньне з уладамі Украіны, але сам ён лічыць неабходным для пачатку выкарыстоўваць ужо існуючыя інструмэнты правасудзьдзя.

Рэйндэрс дапусьціў, што дзяржавы-сябры G7 абмяркуюць гэтую тэму на сустрэчы ў лістападзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG