Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закрыліся. Чыноўнікі прыйшлі, прыгразілі штрафамі — адкрыліся». Як у Беларусі прайшоў «страйк прадпрымальнікаў»


Рынак у Гомлі. Ілюстрацыйнае фота
Рынак у Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Ранкам 27 кастрычніка сама меней у 13 гарадах Беларусі не адчыніліся гандлёвыя павільёны на рынках і ў гандлёвых цэнтрах. Што адбываецца сёньня? Свабода паглядзела на прыкладзе Гомля.

Паведамленьні аб закрыцьці гандлёвых пунктаў 27 кастрычніка прыходзілі з розных гарадоў Беларусі. Як буйных (Гомель, Берасьце, Горадня), так і з Хойнікаў, Вілейкі, Смаргоняў. Прадпрымальнікі заяўлялі, што ня могуць працаваць праз новую пастанову аб рэгуляваньні цэн.

«Будуць шукаць выйсьце, ім не ўпершыню»

На ранак 28 кастрычніка чытачы Свабоды з Гомля паведамілі, што рынкі працуюць. Прынамсі Прудкоўскі, Давыдаўскі і Цэнтральны.

«Прудкоўскі і ўчора працаваў. Нехта закрыўся, але такіх няшмат. Буйныя і сярэднія прадпрымальнікі знайшлі выйсьце яшчэ раней. Яны адкрываюць фірмы-„праслойкі“ у Расеі, там накручваюць, а тут прадаюць па той цане, якая дазволеная. Індывідуальныя прадпрымальнікі набывалі 20% тавару па накладных з максымальнай цаной, астатняе — „лявак“ па мінімальнай, каб наварыцца потым. Сёньня ўсе абураюцца, але працаваць трэба. Будуць шукаць выйсьце, ім ня першы раз», — расказала чытачка Свабоды, якая працуе на прадпрымальніка прадавачкай.

Яна кажа, што цяпер з усімі прадпрымальнікамі ўлады праводзяць «тлумачальную працу». Напрыклад, папярэджваюць, што калі будуць скаргі ад пакупнікоў, то прыйдуць з праверкамі. «Спачатку быў страх у прадпрымальнікаў. Напрыклад, атрымалі хлеб у краму па новай цане. Заказвалі пэўны гатунак, прыйшоў той жа, толькі з дадатковым прыметнікам у назьве: „Новы“ і новай цаной. Пабаяліся прадаваць яго. Цяпер ужо шукаюць нейкае выйсьце з сытуацыі», — дадала прадавачка.

Чытачы Свабоды з Гомля паведамілі, што наогул не заўважылі «страйку прадпрымальнікаў». «Хадзіла 27 кастрычніка на Цэнтральны рынак каля абеду. Гандлёвыя рады працавалі. Заўважыла, што патаньнела рыба і арэхі. Кава як была дарагой, так і засталася, прычым ня самай добрай якасьці», — заўважыла чытачка з Гомля.

«Пасьля пагроз чыноўнікаў крамы адчынілі»

Каля 50 гандлёвых пунктаў не адчыніліся раніцай 27 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры «Мандарын Плаза», піша выданьне «Флагшток».

Яны павесілі абвесткі аб прычынах закрыцьця: «Рамонт», «Тэхнічныя прычыны», «Прадавец захварэў». Адміністрацыя цэнтру перапісала павільёны, якія былі зачыненыя, і паклікала адміністрацыю Савецкага раёну.

«На сходзе чыноўнікі прыгразілі прадпрымальнікам штрафамі, бо спыненьне працы адбылося бяз важных прычын. Чыноўнікі сказалі, што самі не разумеюць, як цяпер правяраць ІП і на якой падставе. Сказалі, што самі чакаюць тлумачэньня зь Менску», — піша выданьне.

На сытуацыю адрэагаваў мясцовы тэлеканал «Беларусь-4». Начальнік галоўнага ўпраўленьня гандлю і паслуг аблвыканкаму Аляксандр Качан паведаміў у эфіры: «Мы бачым, што суб’екты працуюць, ажыцьцяўляюць гандлёвую дзейнасьць». Мясцовыя выданьні і праўладныя тэлеграм-каналы паказалі рынкі і гандлёвыя цэнтры, якія працавалі.

Выданьне «Сильные новости» 27 кастрычніка паведамляла, што ранкам у гандлёвым цэнтры «Сакрэт» былі закрытыя многія павільёны. Але праз паўтары гадзіны яны практычна ўсе адчыніліся. Таксама аднавілі працу пасьля візыту чыноўнікаў і прадпрымальнікі «Мандарын Плазы». Будаўнічыя рынкі на Ўкраінскай і аўтарынак «Бакунінскі» працавалі.

Нагадаем, пасьля нарады з эканамічным блёкам ураду 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка забараніў падымаць цэны. У той жа дзень урад прыняў пастанову пра забарону росту цэнаў, а 7 кастрычніка яе апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. У пастанове «Аб часовых захадах для стабілізацыі цэнаў» урад абавязаў юрыдычных асоб усіх формаў уласнасьці ды індывідуальных прадпрымальнікаў «зафіксаваць цэны і тарыфы, не вышэйшыя за тыя, што ўжываліся на 5 кастрычніка 2022 году».

Пасьля забароны на рост цэнаў Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і «цьвёрдую рэакцыю» аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся ня толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.

Пасьля гэтага крымінальныя справы за павышэньне цэнаў завялі на дзясяткі чалавек. У Баранавічах пад крымінальную справу трапіў намесьнік дырэктара гандлёвага аб’екта, які падвысіў на 13% цану на адзін з харчовых тавараў. Арышты і затрыманьні пракаціліся па іншых гарадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG