Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Калектыўны Захад дамінуе на працягу 500 гадоў, далей гэта абсалютна непрымальна


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Макей прыбыў у Тэгеран на сустрэчу з кіраўніком МЗС Ірану Амірам Абдалахіянам і заявіў, што «падыходы Беларусі і Ірану супадаюць у большасьці важных пытаньняў міжнароднага парадку дня».

Цяпер у сьвеце адбываецца «перафарматаваньне міжнародных адносін», заявіў міністар замежных спраў Уладзімір Макей 27 кастрычніка ў камэнтары іранскаму агенцтву «Дом нацыі» (стэнаграма разьмешчаная на сайце МЗС Беларусі).

«Тая сытуацыя, якая была раней, а менавіта дамінаваньне так званага „калектыўнага Захаду“ на працягу 500 гадоў, абсалютна непрымальная, — заявіў Макей. — Непрымальная, таму што, парушаючы ўсе прынцыпы міжнароднага права, Захад спрабуе навязаць нашым сувэрэнным краінам сваю палітыку, сваё бачаньне разьвіцьця сытуацыі, сваю волю, не зважаючы на традыцыі, звычаі, норавы, псыхалягічныя асаблівасьці нашых народаў. І гэта абсалютна непрымальна», — цытуе Макея Bpn-info.online.

Паводле слоў Макея, неабходны «новы сусьветны парадак», які «павінен засноўвацца на агульнапрынятых прынцыпах Статуту ААН». З улікам сытуацыі, якая «зьмянілася», сёньня неабходна «падвысіць ролю шэрагу ўнівэрсальных арганізацый».

«Памятаеце 1945 год, калі стваралася Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і калі кіраўнікі супрацьлеглых дзяржаў знайшлі ў сабе палітычную волю і сьмеласьць сесьці за стол і дамовіцца аб прынцыпах будучага сьветаўладкаваньня. Вось такая палітычная воля неабходная і цяпер, на жаль, з боку нашых заходніх партнэраў мы гэтага пакуль ня бачым. Мы гатовыя да гэтага», — заявіў кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Макей прыбыў у Тэгеран на сустрэчу з кіраўніком МЗС Ірану Амірам Абдалахіянам на фоне перакіданьня расейскіх войскаў у Беларусь і навінаў аб выкарыстаньні Расеяй у вайне супраць Украіны іранскіх дронаў-камікадзэ, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі.

Заходнія санкцыі супраць Ірану ўведзеныя за рэалізацыю ядзернай і ракетнай праграмаў, падтрымку міжнароднага тэрарызму, парушэньні правоў чалавека; супраць Беларусі — з прычыны фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, гвалту ў дачыненьні да пратэстоўцаў, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair Атэны — Вільня з Раманам Пратасевічам на борце, а таксама за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У Іране ў верасьні паліцыя нораваў затрымала маладую 22-гадовую жанчыну Махсу Аміні за распушчаны хіджаб, празь некалькі гадзін Аміні шпіталізавалі ў стане комы, а праз тры дні абвясьцілі пра яе сьмерць з прычыны «раптоўнага сардэчнага прыступу». Адразу ўспыхнулі пратэсты супраць радыкальнага ісламскага рэжыму, якія працягваюцца ўжо паўтара месяца і характарызуюцца гарачымі сутыкненьнямі пратэстоўцаў з паліцыяй у розных рэгіёнах краіны.

Людзі спальваюць партрэты «духоўнага лідэра» дзяржавы аяталы Хамэнэі і заклікаюць да пераходу на сьвецкі лад кіраваньня Іранам. Многія жанчыны дэманстратыўна носяць касмэтыку і ходзяць без хіджабаў.

У Беларусі на гэты момант 1339 палітычных зьняволеных (паводле «Вясны»). Затрыманьні, арышты, ператрусы працягваюцца штодня, а за кратамі арыштаваныя і асуджаныя па «палітычных» артыкулах цярпяць ад жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у розных формах. Падчас пратэстаў лета-восені 2020 году некалькі чалавек загінулі ад рук сілавікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG