Яны лічаць, што пастаўка гэтых дронаў стала парушэньнем рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, прынятай у сувязі зь ядзернай праграмай Ірану, паведамляе DW.
Бэрлін, Парыж і Лёндан у сумесным пісьме генсакратару ААН адзначаюць, што Расея выкарыстоўвае іранскія бесьпілётнікі «для нападаў на цывільную інфраструктуру і гарады ва Ўкраіне, што прыводзіць да гібелі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў».
Вашынгтон далучыўся да патрабаваньня аб расьсьледаваньні на паседжаньні Рады бясьпекі, якое прайшло 21 кастрычніка. Па словах прадстаўніка ЗША, «ААН павінна расьсьледаваць кожнае парушэньне рэзалюцый Рады бясьпекі».
Расея катэгарычна супраць удзелу Сакратарыяту ААН у расьсьледаваньні і лічыць, што яно можа пачацца толькі паводле рашэньня Рады бясьпекі. Паводле прадстаўніка Расеі ў ААН Васіля Небензі, у выпадку пачатку расьсьледаваньня Расея «можа перагледзець увесь комплекс сваіх адносінаў з Сакратарыятам ААН».
Небензя назваў «фэйкам» паведамленьні аб пастаўках у Расею іранскіх дронаў. У той жа час, ён прызнаў, што расейскія войскі выкарыстоўваюць бесьпілётнікі для ўдараў па Ўкраіне — паводле яго, гэта робіцца, каб «астудзіць ваяўнічы запал кіеўскіх тэрарыстаў, якія зарваліся». Што за бесьпілётнікі выкарыстоўвае Расея, ён не сказаў.
Прадстаўнік міністэрства замежных спраў Ірану Насер Канаані асудзіў заклік Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Францыі да расьсьледаваньня, назваўшы яго «ілжывым і беспадстаўным» і прыгразіў, што іранскі ўрад «імкнучыся абараніць свае нацыянальныя інтарэсы і забясьпечыць правы высакароднага іранскага народа, пакідае за сабой права рэагаваць на любыя безадказныя дзеяньні», піша Reuters.
Паводле шматлікіх сьведчаньняў, Расея выкарыстоўвае пры нанясеньні масіраваных удараў па Ўкраіне іранскія дроны-камікадзэ «Шахед-136». Расейскія вайскоўцы абазначаюць іх як «Герань-2».