Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Стэфановіч з-за кратаў перадаў свой зварот да зьезьду Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека


Адкрыцьцё 41-й сэсіі Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, Парыж, Францыя, 23 кастрычніка 2022
Адкрыцьцё 41-й сэсіі Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, Парыж, Францыя, 23 кастрычніка 2022

Падчас адкрыцьця ў Парыжы 41-й сэсіі Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) партрэты зьняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзела Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ільля Нузаў зачытаў зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча з-за кратаў.

У Парыжы 23 кастрычніка адкрылася 41-я сэсія Кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH). Яе віцэ-прэзыдэнтам у рэгіёне Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі зьяўляецца палітзьняволены намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч. На гэтую пасаду яго выбралі на міжнародным кангрэсе FIDH, які праходзіў на Тайвані ў 2019 годзе. Сёлета Фэдэрацыя адзначае сваё 100-годзьдзе.

Ільля Нузаў зачытвае зварот палітзьняволенага Валянціна Стэфановіча
Ільля Нузаў зачытвае зварот палітзьняволенага Валянціна Стэфановіча

Падчас адкрыцьця 41-й сэсіі партрэты зьняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзела Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ільля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў.

«Хачу павіншаваць Фэдэрацыю зь днём народзінаў. Гэта вельмі значная дата для ўсяго сусьветнага праваабарончага руху. Фэдэрацыя ўнікальная, бо аб’ядноўвае праваабарончыя арганізацыі з усяго сьвету. У яе шэрагах людзі розных культур, розных нацыянальнасьцяў і рас, але ўсе яны абʼяднаныя ідэямі і каштоўнасьцямі правоў чалавека. І гэта яскрава дэманструе ўнівэрсальнасьць правоў чалавека.

Роля праваабаронцаў у сьвеце цяпер асабліва важная, калі сьвет зноў стаіць перад пагрозай ядзернай катастрофы, упершыню пасьля заканчэньня халоднай вайны. Тады, у пачатку 90-х, мы думалі, што ўжо ніколі не сутыкнемся з гэтай пагрозай, што сьвет будзе жыць у гармоніі разнастайнасьці і міру. Калісьці я казаў сваім калегам у Парыжы, што хутка пачнецца вайна, вайна ў нашым неспакойным і поўным супярэчнасьцяў рэгіёне (былым СССР). Многія мне ня верылі. Казалі, што цяпер гэта немагчыма. Я ж адчуваў гэтую пагрозу вайны скурай. Цяпер мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусьціць гэтай катастрофы.

Асобна хацеў бы падзякаваць сваім братам і сёстрам-праваабаронцам за іхную салідарнасьць і падтрымку ўсіх пазбаўленых свабоды праваабаронцаў у сьвеце, і, вядома ж, мяне асабіста. Праваабарончая салідарнасьць — магутная сіла, і я веру, што неўзабаве змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху да сусьветнай гармоніі, любові і міру.

З павагай, ваш Валік».

Таксама на адкрыцьці сэсіі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і намесьнік мэра Парыжа згадалі Праваабарончы цэнтар «Вясна» і ягонага заснавальніка, палітзьняволенага Алеся Бяляцкага, які разам з расейскім праваабарончым цэнтрам «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод» стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG