XX зьезд Камуністычнай партыі Кітаю ўхваліў папраўкі да яе статуту і пераабраў чальцоў Цэнтральнага камітэту партыі. У сьпіс не ўвайшлі 4 з сямі 7 чальцоў цяперашняга Пастаяннага камітэта Палітбюро, уключаючы прэм’ер-міністра Лі Кэцяна.
Акрамя гэтага, былога лідэра Кітая Ху Цзіньтаа вывелі з залі перад прамовай цяперашняга лідэра Сі Цзіньпіна. Чаму гэта адбылося, невядома. Пазьней зьявілася афіцыйнае тлумачэньне, што былы кіраўнік нібыта кепска сябе адчуваў і таму яму дапамаглі выйсьці. Але мяркуючы па відэа, просьба пакінуць залю стала для Ху Цзіньтаа нечаканасьцю, і ён не хацеў сыходзіць.
Усё гэта, на думку аналітыкаў, сьведчыць аб умацаваньні ўлады 69-гадовага Сі Цзіньпіна — чакаецца, што заўтра яго перавыберуць лідэрам кампартыі на трэці тэрмін. На зьезьдзе ў Пэкіне, які сабраў тысячы дэлегатаў, ухвалілі пастановы, якія замацоўваюць Сі як «ядро партыі», а яго палітычнае бачаньне — як асноватворную ідэалёгію.
У статут кампартыі ўнесена, у прыватнасьці, палажэньне аб тым, што партыя будзе супрацьдзейнічаць незалежнасьці Тайваня.
Таксама Зьезд пацьвердзіў перавыбраньне 205 сябраў Цэнтральнага камітэту партыі, якія маюць права голасу, сярод іх — усяго 11 жанчын. Заўтра ЦК зацьвердзіць выбраньне 25 чальцоў Палітбюро, сем зь якіх будуць прызначаныя ў яго Пастаянны камітэт. Ужо вядома, што ў яго не ўвойдуць вэтэраны партыі: акрамя Лі Кэцяна, гэта Ван Ян, Лі Чжаньшу і Хань Чжэн — двое апошніх чакана сышлі ў адстаўку.