Праваабарончы цэнтар «Вясна» адзначае, калі раней была інфармацыя, што ім былі выстаўленыя абвінавачаньні паводле арт. 243 КК (Ухіленьне ад выплаты сум падаткаў, збораў), то цяпер, па інфармацыі КДБ, жанчын абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці) і арт. 361 КК (Заклікі да санкцый, іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
Акрамя іх, у спіс дадалі былога студэнта Канстанціна Рудніцкага, арганізатара турпаходаў Ігара Галушку, былога выкладчыка радыётэхнічнага каледжа Цімафея Шкуратовіча і «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманьні прастрэлілі калені.
Раней у сьпіс уключылі журналістак Tut.by Вольгу Лойку і Алену Талкачову. Абедзьве яны ўжо выйшлі зь СІЗА. Аднак вызначаныя ім меры стрыманьня невядомыя, паколькі абедзьве застаюцца пад падпіскай аб невыдаваньні.
Партал Tut.by дзейнічаў у Беларусі больш за 20 гадоў. 18 траўня 2021 году рашэньнем Міністэрства інфармацыі доступ да рэсурсу быў абмежаваны. У той жа дзень ранкам у рэдакцыі Tut.by зьявіліся сілавікі, а 15 яго дзейных і былых супрацоўнікаў трапілі за краты. Быў апячатаны офіс, заблякаваныя сэрвэры. Паступова частку супрацоўнікаў выпусьцілі пад хатні арышт, зьмяніўшы меру стрыманьня.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.