Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё пакажа». Што беларускія сілавікі казалі пра пачатак вайны да 24 лютага і пра што гавораць цяпер


Старшыня КДБ Іван Тэртэль (зьлева) і мінстар абароны Віктар Хрэнін (справа). Каляж
Старшыня КДБ Іван Тэртэль (зьлева) і мінстар абароны Віктар Хрэнін (справа). Каляж

Мінабароны Беларусі ўпершыню ў гісторыі дапусьціла магчымасьць нападу на тэрыторыю іншай дзяржавы прэвэнтыўна — гэта значыць, безь непасрэднай атакі на Беларусь. Сабралі выказваньні беларускіх высокапастаўленых сілавікоў пра магчымую вайну, зробленыя да 24 лютага і нядаўна.

17 кастрычніка Мінабароны Беларусі выступіла з заявай, паводле якой «пакідае за сабой права прымяненьня комплексу прэвэнтыўных захадаў стратэгічнага стрымліваньня ў мэтах недапушчэньня нападу або нэўтралізацыі ўнутранага збройнага канфлікту». Гэта першая згадка пра магчымасьць нападу на іншую краіну без папярэдняй атакі зь яе боку на Беларусь. На адмысловым брыфінгу для замежных вайсковых аташэ, які Мінабароны ладзіла 18 студзеня 2022 году, гаварылася выключна пра «абарону дзяржаўных межаў».

Свабода сабрала выказваньні беларускіх сілавікоў пра сытуацыю ва Ўкраіне і дзяржавах — удзельніцах ЭЗ, якія яны рабілі да 24 лютага, і параўнала з тымі, якія яны робяць цяпер.

Віктар Хрэнін, міністар абароны

Віктар Хрэнін
Віктар Хрэнін

14 лютага 2022

«Я адно вам магу сказаць. У мяне ёсьць галоўнакамандуючы, прэзыдэнт. Вось ён мне ніякіх задач ня ставіў. Я міністар абароны. Ніякіх задач на правядзеньне баявых дзеяньняў супраць нашай суседкі (Украіны. — РС) таксама няма, а наогул я заўтра сплянаваў сабе лыжную трэніроўку».

10 кастрычніка 2022

«Не правакуйце нас — мы з вамі ваяваць не зьбіраемся. Ні зь літоўцамі, ні з палякамі, ні тым больш з украінцамі мы ваяваць не жадаем. Калі і вы ня хочаце і ня будзеце рабіць няправільных крокаў, значыць, вайны ня будзе. Нашы пляны — гэта пляны абароны. На выпадак, калі нападаць будуць на нас. Калі хоць адзін мэтар беларускай зямлі зазнае агрэсію. Як было сказана галоўнакамандуючым, адказ будзе імгненны і жорсткі. Таму мы яшчэ раз перасьцерагаем ад правакацыяў. Вы ня хочаце з намі вайны — мы ня хочам яе таксама».

Іван Тэртэль, кіраўнік КДБ

Іван Тэртэль
Іван Тэртэль

12 кастрычніка 2021

«Агрэсіўныя крокі прымаюцца палітыкамі, якія не карыстаюцца пераважнай падтрымкай свайго народу. Беларусы шмат стагодзьдзяў жылі побач з палякамі, мы ў пэўнай ступені роднасныя народы, зь пераплеценымі ў адзін клубок традыцыямі, гісторыяй, культурай, зьвязаныя і эканамічна, і ў пляне агульнай бясьпекі. І ніякіх перашкод для сустрэч сваякоў, сумесных культурных, спартовых і іншых мерапрыемстваў ствараць ня будзем. Аднак ня выключана іншая рэакцыя па той бок беларуска-польскай мяжы. У любым выпадку ніякага ціску на нашы інтарэсы кіраўніцтва краіны не дапусьціць і ня прыме. Пралічваюцца розныя варыянты разьвіцьця падзей, і на кожны рыхтуецца адэкватны адказ».

6 кастрычніка 2022

«Што нас турбуе? Вядома, стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы і Літвы, а таксама ў Чэхіі і некаторых іншых дзяржавах. Фінансуюцца гэтыя фармаваньні за кошт замежных фондаў, якія выдзяляюць вялізныя грошы для стварэньня ўмоў для дэстабілізацыі ў нашай краіне. Гэтыя ж сродкі ідуць на так званы полк Каліноўскага, а таксама на полк „Пагоня“. Некалькі сотняў баевікоў знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны, каля 80 чалавек — на тэрыторыі Польшчы, і каля 60 — на тэрыторыі Літвы. Ва Ўкраіне гэтыя людзі рэальна ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях і гінуць на полі бою. Трэба разумець, што там ёсьць розныя людзі, якія працуюць на замежныя спэцслужбы, маюць службовыя пасьведчаньні вайсковай выведкі Ўкраіны... Яны разьлічваюць, што Расея ня здолее аказаць Беларусі садзейнічаньне ў рамках саюзьніцкіх адносін, пацярпіць паразу, вымушана будзе пайсьці на саступкі, і ў гэтых умовах яны змогуць зайсьці з тэрыторыі Ўкраіны на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў маларыцкім кірунку».

Аляксандар Вальфовіч, сакратар Савету бясьпекі

Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

19 лютага 2022

«Самая галоўная мэта, якая выносілася на вучэньні (Саюзная рашучасьць — 2022. — РС), — паказаць рашучасьць і здольнасьць у забесьпячэньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы. Лічу, што мэты дасягнуты. Вучэньні — адзін з этапаў завяршальнай стадыі праверкі. Самі вучэньні праведзены. Праверка можа быць падоўжана. Калі, дакуль — рашэньне прыме кіраўнік праверкі».

17 кастрычніка 2022

«Цяпер вельмі шмат рознай інфармацыі ідзе ў інтэрнэце аб тым, што расейскія войскі дысьлякуюцца на тэрыторыі Беларусі, што ствараецца нейкі ўдарны кулак для ўдару па Ўкраіне. Гэта тое, што хацелі б убачыць, на жаль, нашыя суседзі за мяжой. Асабліва палякі. Так, рэгіянальная групоўка войскаў сапраўды пачала канцэнтраваньне на тэрыторыі Беларусі. Паэтапнае, у няпоўным складзе яе разьмяшчэньне. У далейшым жыцьцё пакажа, у поўным маштабе яе разгарнуць ці не... Цяпер групоўка канцэнтруецца не для вучэньняў, а для таго, каб паказаць, што сапраўды ў выпадку перасячэньня дзяржаўнай мяжы з боку Захаду мы можам і гатовыя будзем даць дастойны адпор. Гэта перш за ўсё».

Кіраўнік Генштабу Віктар Гулевіч

Віктар Гулевіч
Віктар Гулевіч

17 студзеня 2022

«Наша краіна павінна рэагаваць на гэтыя выклікі. У адпаведнасьці з рашэньнем, прынятым прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі, праводзіцца комплексная праверка сіл рэагаваньня саюзнай дзяржавы па ахове мяжы, — адзначыў Віктар Гулевіч. — Правяраюць органы кіраваньня, злучэньні, воінскія часткі ўзброеных сіл як Беларусі, так і Расеі».

10 траўня 2022

«ЗША і іх саюзьнікі працягваюць нарошчваць вайсковую прысутнасьць ля дзяржаўнай мяжы Беларусі. Створаная групоўка за апошнія шэсьць месяцаў вырасла больш як удвая як у колькасных, так і ў якасных адносінах. Зьявіліся ў акваторыях Міжземнага і Балтыйскага мораў групоўкі, якія нясуць крылатыя ракеты марскога і паветранага базаваньня, павялічана авіяцыйная групоўка ў Польшчы і краінах Балтыі. Усё гэта сьведчыць аб нарастаньні пагрозы для Рэспублікі Беларусь».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG