Такое рашэньне Сусьветны банк прыняў з прычыны пратэрмінаваньня платы па крэдытах на тэрмін, большы за паўгода, на суму $68,43 млн. Агулам Беларусь вінаватая Сусьветнаму банку $967 млн.
Новыя крэдыты не выдаваліся краіне з траўня 2020 году. А 2 сакавіка 2022-га Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі.
Увесну беларускі Мінфін вырашыў рабіць выплаты па крэдытах і краінавых аблігацыях у рублях, у тым ліку па крэдытах ад МБРР, ЭБРР і Паўночнага інвэстыцыйнага банку. У іх Беларусь пазычала ў тым ліку на інфраструктурныя праекты.
Рашэньне Сусьветнага банку выйшла на фоне таго, што праз заходнія санкцыі выплаты па крэдытах не даходзілі да адрасатаў. Некаторыя крэдыторы Беларусі пагадзіліся на такія разьлікі, некаторыя — не. Праз гэта міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы абвясьцілі тэхнічны дэфолт Беларусі, нягледзячы на тое, што сродкі на выплаты па даўгах у краіны ёсьць.