Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Fitch Ratings панізіў рэйтынг чатырох выпускаў беларускіх эўрааблігацыяў да ўзроўню «дэфолт»


Агенцтва Fitch Ratings
Агенцтва Fitch Ratings

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings панізіла 14 верасьня рэйтынг чатырох выпускаў беларускіх эўрааблігацый да ўзроўню «D» (дэфолт) і пацьвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту эмітэнта (РДЭ) Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні «RD» (абмежаваны дэфолт).

Як зазначаецца ў прэс-рэлізе, паніжэньне рэйтынгаў зьвязана з заканчэньнем 14-дзённага льготнага пэрыяду для эўрааблігацыяў 2023 і 2030 гадоў (мінуў 12 верасьня), а для эўрааблігацыяў 2026 і 2031 гадоў (мінуў 7 верасьня).

Таму ўсе эўрааблігацыі Беларусі, якія знаходзяцца ў абарачэньні, зараз маюць рэйтынг «D».

Акрамя гэтага, зазначае Fitch Ratings, ня выкананыя пачатныя ўмовы, бо Савет міністраў і Нацыянальны банк Беларусі абвясьцілі, што выплаты па эўрааблігацыях у далярах ЗША будуць пераводзіцца ў беларускіх рублях, а гэта супярэчыць дакумэнтацыі аблігацыяў, якая не дапускае разьлікаў у альтэрнатыўных валютах.

«Паніжэньне рэйтынгаў стасуецца толькі чатырох названых эўрааблігацыяў. Доўгатэрміновы РДЭ Беларусі ў замежнай валюце пацьверджаны пасьля таго, як 18 ліпеня ён быў паніжаны да „RD“ пасьля заканчэньня льготнага пэрыяду для першых эўрааблігацыяў, якія не былі выкананыя на пачатковых умовах. Мы пацьвердзілі доўгатэрміновы РДЭ Беларусі ў нацыянальнай валюце на ўзроўні „CCC“, бо ўрад працягвае абслугоўваць доўг у нацыянальнай валюце, і мы ня лічым, што рызыка дэфолту гэтага доўгу істотна зьмянілася з часу нашага папярэдняга агляду 18 ліпеня», — падкрэсьлілі ў агенцтве.

Хроніка дэфолта

  • 28 чэрвеня Савет міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі сумесную пастанову, паводле якой «даўгавыя абавязаньні аб дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на замежных фінансавых рынках, будуць выконвацца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банку на дату выплаты».
  • На наступны дзень Міністэрства фінансаў паведаміла, што чарговая выплата па эўрааблігацыях Belarus-2027 у суме 22,9 млн даляраў ЗША зробленая ў беларускіх рублях. Грошы пераведзеныя на спэцыяльны рахунак у «Беларусбанку». Ведамства прапанавала выплатнаму агенту самастойна забраць сродкі з гэтага рахунку і разьлічыцца з фундатарамі. Выплатны агент і трымальнік рэестру Citigroup і Citibank 7 ліпеня адмовіліся выступаць агентамі эўрабондаў Беларусі.
  • Агенцтва Fitch у сувязі з гэтым панізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі да ўзроўню «С» (непазьбежнасьць дэфолту).
  • 12 ліпеня Міністэрства фінансаў заявіла, што Fitch Ratings «ігнаруе форс-мажорную сытуацыю», у якой апынулася Беларусь, а таксама «фактычную немагчымасьць заходніх разьлікова-клірынгавых сыстэмаў выконваць у поўным аб’ёме свае абавязаньні што да належнага пераводу грашовых сродкаў уладальнікам эўрааблігацыяў Беларусі».
  • 15 ліпеня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs заявіла, што лічыць дэфолтам сытуацыю з выплатай уладамі Беларусі замежнай пазыкі ў беларускіх рублях.
  • Гэтую ацэнку міністэрства назвала «перадузятай», а таксама «дакладным і прадказальным выкананьнем генэральнай лініі абыгрываньня дэфолту».
  • Moodyʼs і Fitch Ratings разам з Standard & Poorʼs (S&P) утвараюць «вялікую тройку» міжнародных рэйтынгавых агенцтваў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG