Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб вярнуцца ў Беларусь, хутчэй за ўсё, патрэбны вайсковы пераварот». Гутарка з байцом падразьдзяленьня «Пагоня»


Зброя Руслана
Зброя Руслана

Год таму беларус Руслан (імя зьмененае. — РС) зьехаў у Польшчу. «Бо цяжка было жыць у пастаянным стрэсе і напружаньні», — кажа ён. У Польшчы знайшоў працу, «жыцьцё наладзілася». Але з пачаткам вайны ва Ўкраіне Руслан паехаў туды добраахвотнікам. Пра гэта — у матэрыяле Свабоды.

— Вы зьехалі ў Польшчу ад перасьледу ў Беларусі, наладзілі жыцьцё. Што кіравала вашым учынкам — паехаць ваяваць ва Ўкраіну?

— Зь Беларусі я зьехаў год таму. На Радзіме меў «суткі» за пратакол, які на ўсіх пісалі пад капірку: «Крычаў „Жыве Беларусь!“ і „Свабоду палітвязьням!“». Пачалі арыштоўваць маіх знаёмых. Цяжка было жыць у пастаянным стрэсе, напружаньні, чаканьні, што па цябе прыйдуць. Ды я і ня бачыў на той момант — што я магу зрабіць для Беларусі ў тых умовах. Вырашыў ехаць у Польшчу, бо там неблагая беларуская дыяспара.

Па адукацыі я інжынэр, але бязь веданьня мовы мог прэтэндаваць на рабочыя спэцыяльнасьці. У Польшчы маё жыцьцё наладзілася. Было няблага, у пляне свабоды, фінансавай таксама.

Пра магчымасьць вайны я думаў, але ня верыў, што яна будзе. Думаў, што будуць канфлікты, правакацыі, але не буйнамаштабнае ўварваньне. Ня верыў, што зь Беларусі пойдуць войскі. Бо Ўкраіна не варожая ж нам краіна. У многіх беларусаў тут жывуць сваякі. Але адбылося так, як адбылося.

Я не магу сказаць «Гэта ня наша вайна». Бо свабоду Беларусі я бачу толькі празь перамогу Ўкраіны. Мы, беларусы, тут цяпер, бо мы хочам вярнуцца дахаты. Гэта наша мэта. Каб вярнуцца дахаты, нам таксама трэба, хутчэй за ўсё, нейкі вайсковы пераварот. Для гэтага патрэбныя людзі, патрэбны досьвед. У нас досьведу, на жаль ці на шчасьце, такога няма. Таму ва Ўкраіне мы, беларусы, робім дзьве карысныя справы: набіраемся досьведу і дапамагаем Украіне.

Добраахвотнік Руслан ва Ўкраіне
Добраахвотнік Руслан ва Ўкраіне

— Вы мелі вайсковы досьвед, служылі ў войску?

— Я праходзіў тэрміновую службу ў Беларусі. Не скажу, што гэта карысны досьвед. Служба дала мне разуменьне, як яно ўсё настроена. Я палічыў, што фізычна я здаровы, таму магу быць карысны ва Ўкраіне. Рашэньне ехаць сюды не было простым. Многія беларусы, якія ехалі ва Ўкраіну, разумелі, што гэта можа быць дарога ў адзін канец.

Баявыя дзеяньні, у якіх мы ўдзельнічалі, паказалі зусім іншую вайну. У сэнсе, калі мы ехалі сюды, то нам казалі, што тут вайна ідзе з 2014 году, тут ёсьць пэўныя стандарты NATO. Але вайна аказалася больш падобнай да вядзеньня Другой сусьветнай вайны. Бо гэта вайна артылерый. Ты сядзіш паміж чужой і сваёй артой і думаеш: «Прыляціць, не прыляціць».

Беларусы ў нашым падразьдзяленьні — людзі з вышэйшай адукацыяй, некаторыя мелі досьвед выкладчыцкай працы. Некаторыя маюць вайсковы досьвед, гэта былы афіцэрскі склад.

— Раскажыце пра той бой, калі загінуў наш беларус «Жнец» і вы атрымалі раненьне.

— «Жнец» быў самым дасьведчаным байцом сярод нас, беларусаў. Зь ягоных якасьцяў я вылучыў бы шчырасьць, адкрытасьць. Зь ім вельмі добра было служыць. Бо ён ведаў сваю справу.

Гэта быў бой на ўсходнім кірунку. Там і сёньня яшчэ горача. Быў штурм пазыцый і мінамётны абстрэл. «Жнец» быў ад мяне мэтраў за 70. Спрабавалі аказаць яму дапамогу. Але ён ужо не падаваў прыкмет жыцьця. Аскепкі не выбіраюць, куды ім ляцець.

Атрымліваецца, што вораг вылічыў пазыцыю, бо актыўна працавалі варожыя дроны і па пазыцыі адкрылі агонь.

Хавалі «Жняца» ў Чаркаскай вобласьці. Такім было ягонае жаданьне. Там пахаваны ягоны баявы сябар. Наколькі я ведаю, «Жняца» пахавалі побач зь ім. Ня ўсе нашы маглі паехаць на пахаваньне, бо сытуацыя на тым участку заставалася і застаецца напружаная.

Яшчэ адзін беларус быў паранены ў тым баі. Але ён ужо вярнуўся ў шэрагі. Я атрымаў раненьне аскепкам. Прычым аскепак прайшоў празь мяне і ўвайшоў у маю зброю.

Падлячуся і паеду назад, у сваё падразьдзяленьне.

— Ці можна ўявіць сабе, што Беларусь уключыцца ў вайну на баку Расеі? Ці можа быць такое, што беларусы, якія на баку Ўкраіны, будуць страляць у беларусаў, якія прыйдуць на чужую зямлю?

— Я ня веру, што беларускія вайскоўцы пойдуць сюды. Хоць я ня верыў, што будзе такі напад з боку Расеі.

Можа быць нейкая правакацыя. Можа быць, што расейскія вайскоўцы пойдуць сюды ў беларускай форме. З тымі беларусамі, якія цяпер служаць, я размаўляў, і яны кажуць, што ня хочуць ісьці ва Ўкраіну. Але ад шараговага складу мала што залежыць. Тых, хто пойдзе ваяваць зь Беларусі за Пуціна, мы проста іх ня лічым беларусамі. Мы не ўспрымаем іх як беларусаў. Значыць, будзем ваяваць.

— Ці далучаюцца да вашага падразьдзяленьня новыя людзі?

— Людзі да нас далучаюцца і цяпер. Мы працуем над гэтым, рыхтуем базу, каб паўнавартасна рыхтаваць там спэцыялістаў. Ёсьць курсы розныя, куды мы накіроўваем людзей. Курсы для кіраваньня дронамі, курсы мінамётчыкаў і так далей. Ня ўсё так проста ў нас, канечне. Але мы працуем.

Мы, беларусы, прыехалі сюды з мэтай, каб вярнуцца дахаты. Беларусь — наша краіна. Якім чынам гэта будзе? Пакуль не магу сказаць. Пакуль тут ідзе вайна, я думаю, што яна надоўга яшчэ. Год дык дакладна будзе, так думаю.

Хацелася б, каб зь цягам часу беларусы, якія ваююць тут у «Пагоні», у «Каліноўскага», у «Тэроры» і іншых падразьдзяленьнях, аб’ядналіся. З аднаго боку, добра, што мы ваюем у розных падразьдзяленьнях і маем розны досьвед. Але, можа, некалі мы аб’яднаем свае высілкі.

Асколкі, якімі параніла Руслана
Асколкі, якімі параніла Руслана

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG