Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін уключэньня першага энэргаблёку Астравецкай АЭС зноў адклалі


Астравецкая АЭС
Астравецкая АЭС

Улады назвалі чарговае адкладаньне запуску першага энэргаблёку «карэктаваньнем даты».

Тэрміны ўключэньня ў сетку першага энэргаблёку Беларускай АЭС скарэктаваныя, напісала Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь.

«Прынята рашэньне аб правядзеньні дадатковых работ і дыягностыкі электрагенэруючага абсталяваньня першага блёку станцыі з улікам досьведу эксплюатацыі аналягічнага абсталяваньня на іншых АЭС», — так сфармулявала міністэрства прычыны чарговага пераносу датаў.

«Выхад з плянава-папераджальнага рамонту, на якім знаходзіўся блёк, — вельмі важны і адказны этап. Мы павінны пераканацца ў тым, што ўсё абсталяваньне і тэхналягічныя сыстэмы будуць надзейна працаваць да наступнага плянавага рамонту. Гэта вельмі важная задача», — сказаў міністар Віктар Каранкевіч.

Беларуская АЭС пабудаваная паблізу Астраўца пераважна за кошт крэдыту Расеі і па расейскім праекце ВВЭР-1200. Першы блёк БелАЭС пачаў выпрацоўваць электрычнасьць у рэжыме досьледна-прамысловай эксплюатацыі 3 лістапада 2020 году, у камэрцыйную эксплюатацыю яго ўвялі 10 чэрвеня 2021 году.

У рэактар другога энэргаблёку 22 сьнежня 2021 году загрузілі ядзернае паліва, з чаго пачаўся этап яго фізычнага пуску. Камэрцыйнае выкарыстаньне блёку плянавалі пачаць да гэтага лета, аднак гендырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў, выступаючы 26 красавіка ў Савеце Фэдэрацыі РФ, выказаў надзею на тое, што яго ўдасца здаць у прамысловую эксплюатацыю да канца 2022 году.

Тым часам вялікія праблемы маюцца зь першым энэргаблёкам. Экспэрты маскоўскага цэнтру Сусьветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплюатуюць атамныя электрастанцыі (WANO), завяршылі місію тэхнічнай падтрымкі на Беларускай АЭС 29 жніўня, але дагэтуль праца першага энэргаблёку так і не аднавілася.

Пасьля апошняга адключэньня ад энэргасеткі ў красавіку Беларуская АЭС прастойвае ўжо амаль паўгода, хоць першапачаткова плянавалася завяршыць плянава-папераджальны рамонт у ліпені.

Калі палічыць усе выпадкі адключэньня энэргаблёка ад энэргасеткі і колькасьць дзён, якія ён не выпрацоўваў электраэнэргію, то атрымліваецца, што АЭС прастойвала больш за 49% часу. Агульная колькасьць дзён, якія першы энэргаблёк не падаваў у сетку электраэнэргію, хутка наблізіцца да аднаго года, а з моманту ўвядзеньня ў прамысловую эксплуатацыю першы энэргаблёк больш прастойваў, чым працаваў: 255 дзён з 488 ці больш за 52% часу (па дадзеных на 11 кастрычніка), падлічыла «Зеркало».

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG