Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць Палка Каліноўскага


Ваяры Палка Каліноўскага на абароне суседняй Украіны ад расейскага агрэсара
Ваяры Палка Каліноўскага на абароне суседняй Украіны ад расейскага агрэсара

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне РБ завяло крымінальную справу ў дачыненьні стваральнікаў і ўдзельнікаў батальёна беларускіх ваяроў, якія ваююць за Ўкраіну.

Паводле сьледзтва, «група беларусаў, знаходзячыся на тэрыторыі Ўкраіны, Літвы і Польшчы, натхніўшыся ідэямі нацыяналізму і прытрымліваючыся шаблёнаў шавінісцкай ідэалёгіі ўзброеных груповак суседняй краіны, скаапэравалася і стварыла так званы полк імя Кастуся Каліноўскага».

Змаганьне за Ўкраіну беларускіх грамадзян у СК прылічылі да «злачыннай дзейнасьці».

«Найміты арганізавалі сетку тэлеграм-каналаў і чатаў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваньнямі. З іх дапамогай экстрэмісты, якія аб’ядналіся, рабілі спробы вярбоўкі грамадзян Беларусі для наступнага іх удзелу ва ўзброеных канфліктах, тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі нашай краіны, фінансаваньні экстрэмізму, распальваньні сацыяльнай і ідэалягічнай варожасьці ў грамадзтве», — піша тг-канал СК.

У дачыненьні кіраўнікоў і ўжо ўстаноўленых удзельнікаў Палка Каліноўскага беларускія ўлады пачалі крымінальную справу па арт.361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Раней ваяры Палка Каліноўскага заяўлялі аб тым, што будуць бараніць Украіну і ад войскаў Рэспублікі Беларусь, калі таму дадуць загад ісьці на вайну. Таксама полк заяўляў аб тым, што рыхтуецца да вызваленьня Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі і прарасейскіх сілаў ва ўладзе дзеля аднаўленьня незалежнасьці радзімы.

Вядома пра сьмерць 14 беларускіх байцоў-добраахвотнікаў ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG