Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі, трэці ў гісторыі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за кратамі


Алесь Бяляцкі, праваабаронца, палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году
Алесь Бяляцкі, праваабаронца, палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году

Барацьбіты за свабоду і правы чалавека нярэдка станавіліся ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру.

Але такіх выпадкаў, каб прэмію ім прысуджалі ў той час, калі яны за кратамі, да 7 кастрычніка 2022 году было толькі два: Карл фон Асецкі (Нямеччына, 1935) і Лю Сяобо (Кітай, 2010). Трэцім 7 кастрычніка 2022 году стаў беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі.

Яшчэ тры ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру ў момант агучваньня рашэньня былі пад хатнім арыштам або ў ссылцы: навуковец і праваабаронца Андрэй Сахараў (СССР, 1975), прафсаюзны лідэр Лех Валэнса (Польшча, 1983), змагарка за правы чалавека Аўнг Сан Су Чы (Бірма, 1991).

Карл фон Асецкі, барацьбіт зь нямецкім фашызмам і мілітарызмам

У нацыстоўскім канцлягеры сустрэў навіну пра сваю Нобэлеўскую прэмію міру 1935 году Карл фон Асецкі, нямецкі журналіст, выдавец, пацыфіст і антыфашыст. Нобэлеўскі камітэт яго ўзнагародзіў з фармулёўкай «За барацьбу зь мілітарызмам у Нямеччыне».

Ён з пачатку 1920-х гадоў вёў кампанію супраць пераўзбраеньня Нямеччыны, падрыхтоўкі да вайны, публікаваў артыкулы, у якіх выкрываліся парушэньні Вэрсальскай дамовы, што прадугледжвала дэмілітарызаваны статус Нямеччыны па выніках Першай сусьветнай вайны.

Пасьля першага свайго выраку ў 1931 годзе ён нейкі час быў на волі, меў пры сабе пашпарт і да разгляду апэляцыі мог зьехаць з краіны. Але застаўся, нягледзячы на просьбы сяброў. «Эфэктыўна змагацца з гнільлю можна толькі знутры, — сказаў ён.— Таму я ня зьеду».

Помнік Карлу фон Асецкі ў Бэрліне
Помнік Карлу фон Асецкі ў Бэрліне

Неўзабаве пасьля таго, як ён выйшаў па амністыі, да ўлады ў Нямеччыне прыйшлі нацысты. Адразу пасьля падпалу Рэйхстагу Асецкага зноў арыштавалі. Нобэлеўская прэмія міру стала адным з важных момантаў у барацьбе сьвету за яго вызваленьне. Угневаны нацысцкі ўрад заявіў, што ніводзін навуковец пасьля гэтага ня прыме аніякую Нобэлеўскую прэмію. Нямецкай прэсе забаранілі камэнтаваць гэтае ўзнагароджаньне.

Асецкі памёр ад сухотаў у 1938 годзе. Ад прэміі ён не адмовіўся, як таго патрабавалі нацысты. Прызнаньне ад нямецкага народу да яго прыйшло пасьля сьмерці, калі яго імем былі названыя ВНУ, вуліцы, калі яму паставілі помнікі.

Лю Сяобо, кітайскі змагар за правы чалавека

У 2010 годзе, знаходзячыся ў турме, Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў кітайскі праваабаронца і літаратар Лю Сяобо — за працяглую негвалтоўную барацьбу за асноўныя правы чалавека ў Кітаі. З 2003 году ён узначальваў кітайскі ПЭН-цэнтар. У 2008 годзе падпісаў Хартыю-08 з патрабаваньнем дэмакратычных рэформаў. 8 сьнежня 2008 году, за два дні да публікацыі Хартыі, Лю Сяобо арыштавалі. Яго пакаралі 11 гадамі зьняволеньня нібыта за падбухторваньне да падрыву дзяржаўнага ладу.

Лю Сяобо
Лю Сяобо

Улады Кітая абурыліся, заявілі, што такое ўзнагароджаньне супярэчыць нобэлеўскім прынцыпам, паколькі Лю Сяобо знаходзіцца ў турме за парушэньне кітайскіх законаў, а Нобэлеўская прэмія створаная ў інтарэсах умацаваньня міру і дружбы паміж народамі. Кітайскія сродкі масавай інфармацыі нічога не паведамілі аб прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі Лю Сяобо.

Пустое крэсла, на якім падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру меў сядзець зьняволены Лю Сяобо. Осла 10 сьнежня 2010
Пустое крэсла, на якім падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру меў сядзець зьняволены Лю Сяобо. Осла 10 сьнежня 2010

Пра Нобэлеўскую прэмію Лю Сяобо даведаўся ад сваёй жонкі, якую пусьцілі на спатканьне ў турму, ад навіны ён заплакаў і сказаў, што хацеў бы прысьвяціць гэтую прэмію ахвярам плошчы Т’яньаньмэнь.

У 2017 годзе ў турме ў Лю Сяобо выявілі рак пячонкі, ад якога ён памёр. Кітай праігнараваў міжнародныя заклікі дазволіць Лю Сяобо правесьці апошнія дні за мяжой.

Алесь Бяляцкі, беларускі праваабаронца і палітвязень

7 кастрычніка 2022 году, калі ў Осла агучылі імёны новых ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру і калі першым прагучала ягонае імя, Алесь Бяляцкі ўжо 1 год і тры месяцы знаходзіўся ў галоўнай менскай турме — СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Сьледзтва нібыта вядзецца, але ніякіх дэталяў ні сябрам, ні калегам не перадаюць, адвакатам пад падпіскай забаронена нешта расказваць, лісты даходзяць толькі да сваякоў і моцна цэнзуруюцца.

«Вясноўцы» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівеньскіх маршаў у жніўні 2020
«Вясноўцы» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Ўладзь Лабковіч на адным з жнівеньскіх маршаў у жніўні 2020

Рэжым у Беларусі скочваецца да найгоршых дыктатарскіх практык, у тым ліку і ў адносінах да палітвязьняў. Але я ўсё ж веру, што лёс Алеся Бяляцкага будзе лепшым, чым у нямецкага і кітайскага ляўрэатаў.

Веру, таму што ведаю, які ён моцны чалавек, што яго трымае разуменьне правільнасьці сваёй праваабарончай справы, свайго служэньня Беларусі. Асэнсаванасьць справы жыцьця дапамагае яму арганізаваць і турэмны побыт, выжываньне ў няволі. Зь першага тэрміну Алеся добра вядома, што турэмны час ён выкарыстоўвае для літаратурнай творчасьці і асэнсаваньня праблем праваабарончага руху, у якім ён стаў ня толькі арганізатарам і практыкам, але і тэарэтыкам на міжнародным узроўні.

Так, зь першага зьняволеньня Бяляцкага рэжым у Беларусі стаў больш жорсткім, амаль таталітарным. Можа, яшчэ ня так, як у Нямеччыне часоў Асецкага і ў Кітаі часоў Лю Сяобо. Хоць і ў Беларусі афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі маўчаць пра другую ў гісторыі Нобэлеўскую прэмію, прысуджаную грамадзяніну краіны.

Хіба што за выключэньнем абразаў у Тэлеграме з боку прапагандыста Рыгора Азаронка і абурэньня прэсавага сакратара МЗС Анатоля Глаза. Гэтая рыторыка, сапраўды, нагадвае заявы нямецкіх нацыстаў і кітайскіх камуністаў пра прэміі сваім зьняволеным дысыдэнтам.

Алесь Бяляцкі ў 2011 годзе адрэагаваў на пагрозу першага крымінальнага перасьледу і турэмнага зьняволеньня прыблізна як Асецкі ў 1930-х гадах. Ён тады сьвядома не пакінуў Беларусь, што яму раілі сябры, ён катэгарычна адмовіўся, бо бачыў сябе толькі на радзіме ў рэалізацыі сваёй справы жыцьця — адстойваньня правоў чалавека, дапамогі палітвязьням. І сам стаў палітвязьнем.

Калі ў 2021 годзе хмары над праваабаронцамі зноў пачалі згушчацца, калі ўжо арыштавалі Марфу Рабкову, Алесь Бяляцкі таксама разумеў пагрозу новага арышту, але зноў застаўся ў Беларусі разам са сваімі паплечнікамі. І зноў апынуўся яшчэ з 6 лідэрамі «Вясны» за кратамі.

Але ўнікальнасьць ягонай справы жыцьця ў тым, што і гэта не разбурыла праваабарончы рух, які годна сустрэў рэпрэсіўную машыну Лукашэнкі ў 2020-м і працягвае эфэктыўную працу без сваіх лідэраў ва ўмовах фактычнага тэрору. Гэта паказвае моц грамадзтва Беларусі і дае спадзеў, што справа Алеся Бяляцкага і прэмія яму дапамогуць урэшце прывесьці Беларусь да лепшай будучыні.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG