Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка і яго паплечнікі не ўсьведамляюць, наколькі яны нікчэмныя». Wyborcza адрэагавала на прызнаньне Пачобута «тэрарыстам»


Анджэй Пачобут. Архіўнае фота
Анджэй Пачобут. Архіўнае фота

Намесьнік галоўнага рэдактара буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza Барташ Веліньскі заявіў, што быў ашаломлены, даведаўшыся пра чарговыя рэпрэсіі, якія абрынулася на ягонага калегу.

Журналіст і адзін зь лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут застаецца за кратамі ўжо 1,5 года, неўзабаве над ім пройдзе суд.

Разглядаць так званую «польскую справу», у межах якой вінавацяць палітзьняволенага, імаверна, будуць у Горадні.

Учора стала вядома, што Анджэя Пачобута дадалі ў «тэрарыстычны спіс». На гэтую навіну імгненна адрэагавалі калегі журналіста з польскага выданьня Gazeta Wyborczа, супрацоўнікам якой цягам многіх гадоў ёсьць Пачобут.

«Я быў ашаломлены, даведаўшыся пра чарговыя рэпрэсіі, якія абрынулася на нашага калегу Анджэя Пачобута з боку беларускага рэжыму, — напісаў намесьнік галоўнага рэдактара Gazeta Wyborczа Барташ Веліньскі. — За амаль 600 дзён зьняволеньня Анджэй прайшоў празь пяць беларускіх турмаў. Каб яго зламаць, трымалі яго ў тым самым месцы, дзе асуджаныя на сьмяротнае пакараньне правялі апошнія дні жыцьця. Ён не зламаўся, не прызнаў сябе вінаватым і не прасіў у дыктатара Аляксандра Лукашэнкі літасьці і дазволу выехаць у Польшчу».

Веліньскі адзначае, што празь нязьменную пазыцыю Анджэя Пачобута рэжым выставіў супраць яго новыя абвінавачаньні і ўнёс яго ў сьпіс «тэрарыстаў».

«Анджэй тэрарыст? Лукашэнка і ягоныя паплечнікі не ўсьведамляюць, наколькі яны нікчэмныя. Анджэй гэта хадзячая прыязнасьць і дабрыня. Памятаю, як ён зайшоў у рэдакцыю і зьзяў. Чалавек, які прыехаў з паняволенай краіны, здаваўся больш аптымістычным, чым мы, якія жывуць у свабоднай дзяржаве. Адзінай зброяй, якую выкарыстоўваў Пачобут, была асадка. І, пэўна, таму рэжым лічыў яе сьмерцяноснай. Як доказ віны ён выкарыстоўвае артыкулы, апублікаваныя Анджэем у Gazecie Wyborczej.

Працэс над ім хутка пачнецца ў судзе ў Горадні. Не сумняваюся, што прысуд будзе драконаўскім. У перададзеным кантрабандай з турмы жарце Анджэй напісаў, што з спакойным сумленьнем адправіцца ў лягер. Мы не забудзем пра Анджэя, не здамося. Будзем увесь час патрабаваць вызваленьня Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў беларускага рэжыму», — напісаў Барташ Веліньскі.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG