Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Церашковіч: пасьля Ўкраіны Расея плянавала напасьці на Польшчу


Уладзімір Пуцін на вучэньнях «Восток-22», 6 верасьня 2022 году
Уладзімір Пуцін на вучэньнях «Восток-22», 6 верасьня 2022 году

Як назваць ідэалёгію, якой кіруецца Расея ў вайне супраць Украіны і ўсяго цывілізаванага сьвету? Што такое «русский мир» і ці доўга ён будзе існаваць? На каго наступнага можа напасьці Расея?

Пра гэта і пра іншае разважае беларускі гісторык Павел Церашковіч, які апошнім часам заняўся вывучэньнем ідэалёгіі «русского мира».

Сьцісла

  • Расея вынайшла новую постмадэрнісцкую ідэалёгію ХХІ стагодзьдзя. Гэтая ідэалёгія стварыла самую магутную ў гісторыі чалавецтва сыстэму прапаганды.
  • Можна меркаваць, што Расея плянавала напасьці на Польшчу ў 2022 годзе прыкладна ў кастрычніку-лістападзе.
  • Ня трэба сьпяшацца хаваць «русский мир» і новую расейскую ідэалёгію. Нягледзячы на сваю пэўную аморфнасьць, яна вельмі і вельмі магутная і дастаткова добра працуе. І што вельмі небясьпечна — яна вельмі добра працуе па-за межамі Расеі.
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе, — гэта фэнамэнальная падзея ў гісторыі Беларусі. Беларусы ўпершыню прадэманстравалі, што яны суб’ект, а не аб’ект гісторыі.
  • 2020 год будзе часткай такога сацыяльнага беларускага нацыянальнага капіталу, які абсалютна непаўторны і ні да чога не падобны.

Ідэалёгія без свайго маніфэсту

— Што адбываецца з Расеяй? Як назваць ідэалёгію, якая кіруе тымі працэсамі, што цяпер ідуць у гэтай краіне? Меркаваньняў існуе шмат. Нехта кажа, што гэта фашызм, рашызм, нацызм, вайна супраць цывілізацыі. А можа, гэта ўсё ж звычайны імпэрыялізм? Звычайная каляніяльная вайна?

— Расея вядзе вайну. Прычым вайну такую, якой у Эўропе не было з часоў Другой сусьветнай вайны. Я значную частку жыцьця правёў у Савецкім Саюзе, дзе галоўны рэфрэн быў: «Галоўнае, каб не было вайны. Савецкі Саюз заўсёды змагаецца за мір». Вядома, насамрэч гэта не заўсёды было так, але такая ідэалёгія была. А вось сёньня яе няма. Сёньня Расея вядзе вайну, і большасьць насельніцтва гэта падтрымлівае. І безумоўна, што за гэтым стаіць ідэалёгія. Ідэалёгія дзіўная, такога раней не было, яна не падобная да ідэалёгій, якія існавалі ў ХХ стагодзьдзі.

Глядзіце. У гэтай ідэалёгіі няма ўласнай назвы. У яе няма корпусу сакральных тэкстаў, няма «Маніфэсту камуністычнай партыі», «Кароткага курсу ВКП(б)» ці «Mein Kampf» або «Кароткага зборніку цытатаў Мао Цзэдуна».

Гэтая ідэалёгія да нядаўняга часу не была манапольнаю. У расейскага грамадзтва хапала альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Там легальна існавалі тэлеканал «Дождь», радыёстанцыя «Эхо Москвы» і іншыя СМІ.

Павел Церашковіч
Павел Церашковіч

Але па такой недакладнасьці, несфармаванасьці бачна, што гэтая ідэалёгія надзіва магутная, бо здольная мабілізаваць на падтрымку вайны большасьць расейскага грамадзтва, а таксама значную частку расейскамоўнай дыяспары, якая існуе па-за межамі Расеі.

Адназначна падагнаць гэтую ідэалёгію пад нейкія шаблёны ХХ стагодзьдзя немагчыма. Абсалютна відавочна, што гэта не фашызм. Калі мы лічым фашызмам ідэалёгію нацыянал-сацыялізму, то цяперашняя расейская да яе непадобная. Яна не падобная і да імпэрыялізму, бо, даруйце, імпэратара ж няма — якая ж тут імпэрыя без імпэратара?

Гэта ідэалёгія новага тыпу. Яе часта спрабуюць называць рашызмам, і гэта зразумела. Тут акцэнт робіцца на тым, што гэта расейская ідэалёгія, але гэта не зусім так. Шмат хто з аналітыкаў зьвяртае ўвагу на тое, што няма адчуваньня выключнасьці расейцаў. Этнічныя нерасейцы Шайгу і Матвіенка зрабілі выключныя кар’еры ў Расеі. Так што рашызм не зусім падыходзіць.

Тое самае і з тэрмінам «пуцінізм», які больш-менш распаўсюджаны, асабліва ў Нямеччыне. Зразумела, што гэтая ідэалёгія не пабудаваная на асобе аднаго Пуціна.

Не падыходзіць і назва «русский мир», які будаваўся як мяккая сіла. Але гэтая мяккая сіла вельмі хутка перафарматавалася ў сілу вельмі і вельмі жорсткую.

Таму мне здаецца, што маюць рацыю тыя аналітыкі, якія лічаць, што гэта ідэалёгія новага тыпу — постмадэрная ідэалёгія ХХІ стагодзьдзя, якая ня мае такіх жорсткіх формаў, але мае асартымэнт прыладаў і працуе вельмі добра.

І самае важнае, што гэтая ідэалёгія стварыла самую магутную ў гісторыі чалавецтва сыстэму прапаганды. Бо прапаганда Савецкага Саюзу ці гітлераўскай Нямеччыны ня йдзе ні ў якае параўнаньне з тым, чым сёньня валодае Расея.

«Напад на Польшчу плянаваўся ў кастрычніку-лістападзе 2022 году»

— Мы, канечне, усе назіраем, як у Расеі адбываецца інструмэнталізацыя гісторыі. Але ў мяне такое ўражаньне, што гісторыю там хоць і ведаюць, але інтэрпрэтуюць у адпаведнасьці з падыходамі ХІХ стагодзьдзя. Як бы і не было стагодзьдзя ХХ зь яго новымі гістарычнымі канцэпцыямі і дасягненьнямі навукі гісторыі. А што вы пра гэта думаеце?

— Відавочна, што тое, што мы ўмоўна можам пазначыць як ідэалёгія сучаснай Расеі, вельмі актыўна выкарыстоўвае інструмэнталізацыю гістарычных наратываў.

Можна па-рознаму ставіцца да іх якасьці, але калі ўзяць найбольш вядомыя зь іх — напрыклад, артыкул Пуціна «Аб гістарычным адзінстве расейцаў і ўкраінцаў», які зьявіўся ў ліпені 2021 году, або артыкул Мядзьведзева пра тое, што няма пра што размаўляць з кіраўніцтвам Польшчы — дык абодва гэтыя артыкулы відавочна рыхтаваліся вялікім колам аўтараў, выдатнымі сьпічрайтэрамі, і там бачная рука прафэсійных гісторыкаў. Добра відаць, што тыя, хто рыхтаваў гэтыя артыкулы, вельмі добра знаёмыя з гістарычнай фактурай і вельмі добра яе выкарыстоўваюць. Іншая справа — наколькі гэтая інтэрпрэтацыя адпавядае рэчаіснасьці, але выкарыстана гэта вельмі ўдала.

Да гэтых артыкулаў паставіліся ня вельмі сур’ёзна, але насамрэч яны адыгрываюць вялікую ролю ў мабілізацыі грамадзкай думкі на падтрымку ваенных дзеяньняў.

— Пасьля публікацыі летам 2021 году артыкула Пуціна прыблізна праз паўгода пачалася вайна Расеі супраць Украіны. Артыкул Мядзьведзева пра Польшчу зьявіўся вясной 2022 году. Ці трэба нам чакаць нейкіх рухаў Расеі супраць Польшчы? Ці ёсьць тут заканамернасьць?

— Я думаю, што артыкул Пуціна быў пунктам адліку, які запусьціў мэханізм ідэалягічнай і ваеннай мабілізацыі. І вайна пачалася праз 6–7 месяцаў. Хіба што Алімпіяда яе троху адклала, відавочна, Пуцін чакаў, што Сі Цзіньпін дасьць яму дабро на ўварваньне.

І артыкул Мядзьведзева, які зьявіўся ў канцы сакавіка 2022 году, вельмі падобны па зьмесьце, і можна зрабіць такую выснову, што ён запускаў таксама мэханізм мабілізацыі. Тым больш што пасьля яго апублікаваньня зьявіліся і іншыя заявы пра тое, што Польшча — наступная цэль Расеі, што і там трэба праводзіць дэнацыфікацыю, і гэтак далей. З гэтага можна меркаваць, што Расея плянавала напасьці на Польшчу ў 2022 годзе прыкладна ў кастрычніку-лістападзе.

«Не сьпяшайцеся хаваць „русский мир“»

— Я нядаўна чытаў кнігу аднаго гісторыка, які прадказвае непазьбежны крах «русского мира» і ператварэньне Расеі ў звычайную пэрыфэрыйную нацыянальную дзяржаву заходнеэўрапейскага тыпу. Што вы думаеце пра пэрспэктывы «русского мира», як доўга ён пражыве?

— Я б не сьпяшаўся хаваць «русский мир» і новую расейскую ідэалёгію ХХІ стагодзьдзя. Нягледзячы на сваю пэўную аморфнасьць, яна вельмі і вельмі магутная і дастаткова добра працуе. І што вельмі небясьпечна — яна вельмі добра працуе па-за межамі Расеі.

Вялікая колькасьць расейскамоўных і расейцаў, якія жывуць па-за межамі Расеі, зазнаюць уплыў гэтай ідэалёгіі. Таму трэба ведаць, што расейская дыяспара (гэта тыя, хто нарадзіўся ў Расеі і цяпер жыве за мяжой) паводле колькасьці трэцяя ў сьвеце пасьля індыйскай і мэксыканскай. Нават кітайцаў за межамі Кітаю жыве менш, чым расейцаў за межамі Расеі.

І сюды трэба дадаць адэптаў гэтай ідэалёгіі, якія жывуць на прасторах былога Савецкага Саюзу і ў краінах Эўропы. Напрыклад, у Нямеччыне вялікая колькасьць расейскіх эмігрантаў і рэпатрыянтаў з былога СССР, якія таксама знаходзяцца пад уплывам гэтай ідэалёгіі.

Таму я лічу, што аптымізм гісторыка тут беспадстаўны.

«Ніхто ня ведае, колькі працягнецца пэрыяд рэакцыі ў Беларусі»

— «Русский мир» цяпер і ў Беларусі. Прынамсі, значная частка сілавога апарату Беларусі знаходзіцца пад уплывам яго ідэяў. Якія пэрспэктывы ў Беларусі вырвацца на свабоду?

— Пэрспэктывы ў нас, канечне, вельмі і вельмі няпростыя. І справа ня толькі ў тым, што частка сілавога блёку адкрыта падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны. Гаворка пра тое, што на сёньняшні дзень прапаганда Беларусі амаль не адрозьніваецца ад расейскай прапаганды, яны працуюць ва ўнісон.

І справа ня толькі ў гэтым. Напрыклад, пачынаючы з навучальнага году 2022–2023 у Беларусі будзе выкладацца геапалітыка як частка курсу сучаснай палітэканоміі. А геапалітыка — гэта тая дысцыпліна, якая была раскручаная Аляксандрам Дугіным у Расеі, ён дамогся таго, каб яна стала абавязковай дысцыплінай па шэрагу спэцыяльнасьцяў, у тым ліку пры падрыхтоўцы спэцыялістаў для дзяржаўнага кіраваньня.

Геапалітыку сёньня вельмі часта называюць псэўданавукай і шмат дзе пра яе забыліся, але цяпер менавіта яна рыхтуе тую мэнтальную прастору, у межах якой лічыцца, што вайна — гэта галоўны інструмэнт у міжнародных адносінах. Вось у чым справа. І гэта будзе ўцягваць Беларусь у сеціва расейскай ідэалёгіі і «русского мира».

«У 2020 годзе беларусы ўпершыню прадэманстравалі, што яны суб’ект, а не аб’ект гісторыі»

— Але гэта якраз ідэі мінулых стагодзьдзяў. Я думаю, што вайна сёньня ня толькі непапулярная ва ўсім сьвеце, найперш у Эўропе, але і ў самой Беларусі. Не магу не задаць вам пытаньне як гісторыку, як стваральніку і першаму кіраўніку катэдры этнаграфіі гістфаку БДУ. Што адбылося ў Беларусі ў 2020 годзе? Ці ўзьнікла, на вашу думку, калектыўнае «мы», ці ёсьць беларуская нацыя?

— На мой погляд, тое, што адбылося ў 2020 годзе, — гэта фэнамэнальная падзея ў гісторыі Беларусі. Бо як найменей на працягу апошніх двух з паловай стагодзьдзяў беларусы былі ў гісторыі не суб’ектам, але аб’ектам. І калі ў нас нешта здаралася, то гэта было рэха нейкіх падзей, якія адбываліся звонку. Вось пачалося паўстаньне ў Польшчы, і мы таксама яго падтрымалі. Ці пачаліся першая і другая рэвалюцыя ў Расеі, і мы таксама, хацелі ці не хацелі, але трэба было нешта рабіць. Ці Першая і Другая сусьветныя войны, ці распад Савецкага Саюзу. Усе гэтыя жыцьцёва важныя сытуацыі ствараліся звонку.

А ў 2020 годзе ўпершыню беларусы прадэманстравалі, што яны суб’ект, а не аб’ект гісторыі, які здольны самастойна гэтую гісторыю рабіць.

І, як найменш, беларусы прадэманстравалі, што яны хочуць жыць у сувэрэннай дэмакратычнай незалежнай дзяржаве, у якой не павінна быць дыктатур.

Сёньня ёсьць розныя меркаваньні адносна таго, ці завяршылася гэтая рэвалюцыя, ці яна працягваецца, але ў любым выпадку 2020 год будзе часткай такога сацыяльнага беларускага нацыянальнага капіталу, які абсалютна непаўторны і ні да чога не падобны.

Як хутка адбудуцца зьмены — сказаць вельмі цяжка. Вось гэта можа залежаць ня толькі ад нас. І калі кажуць, што беларусы не адзіныя ва Ўсходняй Эўропе, хто аказаўся ў кайданах дыктатуры, то давайце возьмем фэдэральную зямлю Мэкленбург у Нямеччыне. Колькі гадоў мэкленбурцы жывуць ва ўмовах дэмакратыі? Трошкі больш за трыццаць. А калі Нямеччына пачала свой шлях да дэмакратыі? Ясна, што гэта «вясна народаў», 1848 год, тады таксама была рэвалюцыя, вялікая колькасьць ахвяр і вялікая эміграцыя. Так што шлях можа быць вельмі доўгі або вельмі кароткі.

Але трэба сказаць яшчэ раз. Тое, што адбылося ў 2020 годзе, гэта абсалютна наша, беларускае, якое больш ні з кім не зьвязана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG