Аб вызваленьні горада было абвешчана на наступны дзень пасьля таго, як Уладзімір Пуцін заявіў аб анэксіі чатырох украінскіх абласьцей, у тым ліку Данецкай, якія часткова знаходзяцца пад расейскай акупацыяй.
«Вось Расея наладзіла фарс у Данбасе. Абсалютны фарс, які хацела падаць як рэфэрэндум... А зараз там украінскі сьцяг... Украінскі сьцяг ужо ў Лімане Данецкай вобласьці. Там яшчэ працягваюцца баявыя дзеяньні. Але там ужо няма і сьледу ад якога- небудзь псэўдарэферэндуму», — сказаў Зяленскі ў відэазвароце ўвечары 1 кастрычніка. 2 кастрычніка ён заявіў, што Ліман «цалкам зачышчаны».
Мінабароны Расеі напярэдадні вечарам пацьвердзіла, што расейскія войскі пакінулі Ліман, адступіўшы на «больш выгадныя пазыцыі». Фронт цяпер праходзіць на ўсход ад гораду, прыкладна па адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Луганскай абласьцей, украінскія вайскоўцы працягваюць спробы наступу ў бок горада Крамянная Луганскай вобласьці.
У сацсетках апублікаваны фота і відэа ўкраінскіх салдат у цэнтры Лімана. На адным з відэа яны аглядаюць прыёмную кіраўніка так званай «ДНР» Дзяніса Пушыліна з партрэтамі самога Пушыліна і Пуціна.
Міністар абароны ЗША Лойд Осьцін назваў узяцьце Лімана істотным посьпехам украінскіх сіл.
Зяленскі ў сваім выступе таксама зазначыў, што высокапастаўленыя прадстаўнікі Расіі «ўжо пачалі кусаць адзін аднаго». Ён відавочна меў на ўвазе заяву кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, які абвінаваціў у правале пад Ліманам камандуючага Цэнтральнай ваеннай акругай Расеі Аляксандра Лапіна.
«Пакуль вы ўсе ня вырашыце праблему з тым адным, хто ўсё гэта пачаў, хто пачаў гэтую бессэнсоўную для Расеі вайну супраць Украіны, вас будуць выбіваць па адным, робячы казламі адпушчэньня», — зьвярнуўся Зяленскі да прадстаўнікоў расійскіх эліт. Раней прэзыдэнт Украіны заявіў, што Кіеў ня будзе весьці перамовы з Пуціным, але гатовы да перамоў, калі ў Расеі будзе іншы прэзыдэнт.