«Інфармацыя і відэа, якія вы бачылі са стэлай, адпавядаюць рэчаіснасьці. Мы ўжо ў Лімане. Але ідуць баі. Падрабязнасьці будуць пазьней», — сказаў ён.
Крыху раней, 1 кастрычніка, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак апублікаваў відэа, на якім украінскія вайскоўцы стаяць каля стэлы на ўезьдзе ў Ліман і вывешваюць украінскі сьцяг.
У той самы дзень фонд «Вярніся жывым» апублікаваў відэа зь Ліману і паведаміў, што на ім бачна, як расейскія вайскоўцы спрабуюць уцячы з гораду.
Яшчэ раней 1 кастрычніка Сяргей Чараваты паведаміў, што расейская групоўка ў раёне Ліману трапіла ў акружэньне. Адказваючы на пытаньне аб колькасьці расейскіх вайскоўцаў у акружэньні, Чараваты назваў лічбу каля 5 тысяч, але адзначыў, што лічба можа быць і меншай.
1 кастрычніка Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб адводзе сваіх войскаў зь Ліману «ў больш выгадныя раёны» — пасьля заяваў украінскіх вайскоўцаў аб акружэньні.
«У сувязі са стварэньнем пагрозы акружэньня войскі саюзьнікаў адведзены ад населенага пункту Чырвоны Ліман (старая назва Ліману — РС) на больш выгадныя рубяжы», — сказана ў паведамленьні.