У Мелітопалі з красавіка 2017 году дзейнічае ўкраінска-беларускае культурна-адукацыйнае таварыства «Сузор’е».
У верасьні 2020 году, калі ўкраінская ўлада не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал у Мелітопалі сустракаўся з прадстаўнікамі гарадзкой улады і беларускай дыяспары, якую ачольвае Натальля Бярнага.
Мэр Мелітопалю Іван Фёдараў ня змог адказаць на пытаньні Свабоды, ці працуе цяпер гэтая суполка ды як яе кіраўніцтва і актывісты паставіліся да вайны і расейскай акупацыі. А ці ёсьць сярод мелітопальскіх беларусаў калябаранты? «Такой інфармацыі няма», — сказаў ён.
Свабода спрабавала дазваніцца актывістам «Сузор’я» на мабільныя тэлефоны, але апэратар паведаміў, што гэтыя нумары цяпер па-за межамі дасяжнасьці. Імаверна, тыя засталіся ў акупаваным Мелітопалі і адключыліся ад украінскіх мабільных апэратараў. Раней паведамлялі, што ў акупаваных раёнах расейцы адключаюць украінскіх апэратараў і прымушаюць украінцаў пераходзіць на нумары расейскіх кампаніяў сувязі.
Мелітопаль шматнацыянальны. Беларусы тут займаюць шостае месца — 0,8% агульнай колькасьці насельніцтва, якое перад вайной складала 150 тысяч. Некаторыя зь іх дагэтуль лічаць роднай беларускую мову.
Два стагодзьдзі таму беларусы асвоілі ўкраінскі стэп
Пад расейскай акупацыяй апынулася і вёска Гусарка ў Запароскай вобласьці. Яе 200 гадоў таму ў стэпе заснавалі беларусы, выхадцы з Смаленшчыны. Да вайны тут жылі крыху больш за 800 чалавек.
Мясцовыя жыхары сталага ўзросту размаўляюць на беларускай мове, хоць ужо істотна зьмененай пад уплывам украінскай. Але вымаўленьне засталося мяккім, беларускім. Украінскія журналісты ахрысьцілі гаворку мясцовых жыхароў «гусарскім дыялектам».
Назву вёска атрымала ад гусараў — да яе стварэньня ў 1808 годзе ў гэтай частцы таўрыйскага стэпу базаваўся гусарскі полк.
Журналісты «Громадське ТБ Запоріжжя» у 2015 годзе зьнялі фільм пра вёску Гусарка, у ім гучыць і пашыраная сярод беларусаў засьцярога «абы не было вайны».
Вёска дэкамунізавалася. У 2016 годзе на пастамэнце, дзе раней стаяў помнік Леніну, паставілі драўляны помнік бульбе. У гонар гэтай клубневай культуры ў сяле штогод праводзілі фэст «Гусарская бульба». Сёлета ў кастрычніку ён мусіў прайсьці чарговы раз.
Цяпер дазваніцца на стацыянарныя тэлефоны ў вёску Гусарку, як і ў іншыя акупаваныя расейцамі паселішчы Ўкраіны, немагчыма.
Але Свабода змагла паразмаўляць з кіраўніцтвам аграрнага прадпрыемства «Алоінс-Агро», якое да вайны мела ў Гусарцы свае надзелы і было галоўным падаткаплатнікам у мясцовы бюджэт. Большасьці супрацоўнікаў аграфірмы ўдалося эвакуавацца на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю.
«Так, Гусарка цяпер пад акупацыяй, і што там адбываецца, я ня ведаю, не магу сказаць», — сказаў прадстаўнік аграфірмы.
Паводле яго, расейцы акупавалі Гусарку ў першыя дні ўварваньня.
«Перад захопам расейцы нанесьлі ракетны ўдар па токах і ангарах, у выніку яны былі цалкам зруйнаваныя, пашкоджаная сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяваньне для абмалоту», — дадаў суразмоўца.
Запароская вайсковая абласная адміністрацыя ў траўні паведамляла, што ў выніку баявых дзеяньняў 500 будынкаў у Гусарцы засталіся безь сьвятла, і аднавіць яго тады не было як праз актыўных баявых дзеяньняў і брак доступу рамонтных брыгадаў да пашкоджаных лініяў электраперадач.
І гэта апошняя інфармацыя, у якой згадвалася тая вёска.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.