Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: ЗША ніколі не прызнаюць прэтэнзій Расеі на ўкраінскія тэрыторыі


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў рэфэрэндумы аб далучэньні часткі ўкраінскіх тэрыторый да Расеі «фікцыяй» і заявіў, што іх вынікі былі сфабрыкаваныя ў Маскве.

Джо Байдэн 29 верасьня падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты ніколі не прызнаюць вынікі псэўдарэфэрэндуму на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях. Байдэн назваў дзеяньні Крамля «абуральным парушэньнем» прынцыпаў міжнароднага права.

«Я хачу выразна заявіць пра гэта. Злучаныя Штаты ніколі, ніколі, ніколі не прызнаюць прэтэнзій Расеі на сувэрэнную тэрыторыю Ўкраіны», — сказаў Байдэн на сустрэчы зь лідэрамі краін Ціхаакіянскіх астравоў у Вашынгтоне.

«Так званыя рэфэрэндумы былі фікцыяй, абсалютнай фікцыяй. Вынікі былі сфабрыкаваныя ў Маскве, — сказаў ён. — Сапраўдная воля ўкраінскага народа выяўляецца кожны дзень, калі [людзі] ахвяруюць сваімі жыцьцямі, каб выратаваць народ і захаваць незалежнасьць сваёй краіны».

«Напад Расеі на Ўкраіну ў перасьледзе імпэрскіх амбіцый Пуціна зьяўляецца абуральным парушэньнем Статуту ААН і асноўных прынцыпаў сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Напярэдадні Расея афіцыйна прызнала незалежнасьць Запароскай і Херсонскай, пра гэта гаворыцца ва ўказах прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, апублікаваных 30 верасьня на расейскім афіцыйным партале прававой інфармацыі.

Пры гэтым ва ўказах сьцьвярджаецца, што яны набываюць моц з дня падпісаньня, 29 верасьня.

У лютым Расея прызнала незалежнасьць так званых «ДНР» і «ЛНР» на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Цырымонію, зьвязаную зь незаконнай анэксіяй Расеяй частак чатырох акупаваных расейскімі войскамі абласьцей Украіны, заплянавалі на 30 верасьня ў Крамлі.

Яна адбудзецца ў Георгіеўскай зале Крамля а 15:00 з удзелам Пуціна, які зьбіраецца выступіць, сказаў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі.

Акупацыйныя ўлады з 23 па 27 верасьня праводзілі псэўдарэфэрэндумы аб далучэньні Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запароскай абласьцей да складу Расеі. Па выніках прымусовага галасаваньня, мясцовыя калябаранты зьвярнуліся да Ўладзіміра Пуціна з заклікам уключыць гэтыя тэрыторыі ў склад Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG