Перамовы праходзілі «на фоне беспрэцэдэнтнага ціску і шантажу з боку Крамля», у прыватнасьці правядзеньня Расеяй псэўдарэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях Украіны з мэтай іх анэксіі, паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны.
Размаўляючы з Гутэрышам, Зяленскі выказаў удзячнасьць «за непахісную прыхільнасьць тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны ў міжнародна прызнаных межах». «Пра гэта сьведчыць выразная пазыцыя ААН адносна непрызнаньня псэўдарэфэрэндумаў, якія праводзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны, грубым парушэньнем асноватворных мэтаў і прынцыпаў Статуту ААН, выказаная ад імя сакратара ААН», — гаворыцца ў паведамленьні.
У размовах з лідэрамі Вялікабрытаніі, Германіі, Канады і Турцыі таксама абмяркоўвалася «незаконнае правядзеньне псэўдарэфэрэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны і рэакцыя на гэта сьвету.
«Прызнаньне Расеяй гэтых псэўдарэфэрэндумаў, рэалізацыя так званага крымскага сцэнару і чарговая спроба анексіі ўкраінскай тэрыторыі будуць азначаць, што з гэтым расейскім прэзыдэнтам няма пра што размаўляць», — сказаў Зяленскі падчас размовы з Шольцам.
Ён дадаў, што ўкраінскі бок разьлічвае на ўзмацненьне санкцый ЭЗ і як мага хутчэйшае, сынхранізаванае з незаконнымі рашэньнямі РФ, зацьвярджэньне восьмага пакета санкцый, які «павінен быць значна больш магутным».
«Фіктыўныя рэфэрэндумы, якія Пуцін правёў на незаконна акупаваных тэрыторыях Украіны, нічога не вартыя. Яны незаконныя паводле міжнароднага права. Германія ніколі не прыме фальшывых вынікаў. Я запэўніў прэзыдэнта Зяленскага ў гэтым у сёньняшняй тэлефоннай размове», — напісаў у твітары канцлер Германіі.
У размове з Трас Зяленскі падкрэсьліў, што гэтыя псэўдарэфэрэндумы, якія праводзіць Расея, «нікчэмныя і не мяняюць рэчаіснасьці. Тэрытарыяльная цэласнасьць Украіны будзе адноўлена».
У размове з прэмʼер-міністрам Канады прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што Ўкраіна чакае ад міжнародных партнэраў «максымальна жорсткай рэакцыі» на прызнаньне Расеяй вынікаў псэўдарэфэрэндуму.
«Прэзыдэнт Эрдаган падкрэсьліў, што правядзеньне аднабаковых рэфэрэндумаў у рэгіёнах Украіны, якія знаходзяцца пад кантролем Расеі, падарве намаганьні, накіраваныя на актывізацыю дыпляматычнага працэсу, дадаўшы, што Турцыя гатовая аказаць усебаковую падтрымку ўрэгуляваньні вайны шляхам мірных перамоў», — гаворыцца ў паведамленьні. Аб выніках размовы двух лідараў паведаміла служба прэзыдэнта Турцыі.
Трудо заявіў у Twitter, што Канада ніколі не прызнае расейскія псэўдарэфэрэндумы і працягне аказваць ваенную, гуманітарную і фінансавую дапамогу народу Украіны. «Наша падтрымка застаецца непахіснай», — падкрэсьліў ён.
Пра размову Гутэрыша і Зяленскага прэс-служба ААН не паведаміла.