Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год «справе Андрэя Зельцара». За камэнтары да перастрэлкі судзяць дагэтуль


Акцыя памяці Андрэя Зельцара ля беларускай амбасады ў Вільні, 2021 год.
Акцыя памяці Андрэя Зельцара ля беларускай амбасады ў Вільні, 2021 год.

Паводле вэрсіі ўладаў, 28 верасьня IT- мэнэджэр Андрэй Зельцар, да якога ў кватэру ўварваліся апэратыўнікі, застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, пасьля чаго быў забіты агнём у адказ. Праціўнікі гэтай вэрсіі лічаць, што Федасюка маглі застрэліць яго напарнікі па памылцы.

У якасьці доказу сваёй вэрсіі ўлады спасылаліся на відэазапіс перастрэлкі, апублікаванай прапагандысцкімі каналамі праз некалькі гадзін пасьля інцыдэнту.

На відэазапісе спачатку група мужчын у цывільным урываецца ў кватэру. На іншых кадрах, зьнятых у пакоі, бачны мужчына з паляўнічай стрэльбай, а таксама жанчына, якая здымае тое, што адбываецца, на мабільны тэлефон. Неўзабаве раздаюцца стрэлы (у гэты момант у кадры толькі рукі, твару таго, хто страляў, не відно), паранены супрацоўнік КДБ ляжыць на падлозе, бачная кроў.

Здарэньне выклікала вялікі розгалас. У назіральнікаў відэазапіс выклікаў шмат пытаньняў. Няясна, чаму відэа з тэлефона жонкі Зельцара Марыі не было апублікавана. Марыю Ўсьпенскую затрымалі адразу пасьля перастрэлкі ў кватэры, пасьля суду яе вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці «за ўчыненыя ёю ў стане бяспамяцтва грамадзка небясьпечныя дзеяньні» і прысудзілі прымусовае лячэньне.

За камэнтары ў сацсетках па выніках гэтых падзей сілавікі затрымалі каля 200 чалавек. У жніўні прэс-служба Следчага камітэту Беларусі заявіла, што ў пракуратуру за «дрэнныя» камэнтары пасьля сьмерці супрацоўніка КДБ накіравалі 57 крымінальных справаў. Паводле сьледчых, падазраваныя, «выкарыстоўваючы ў якасьці інфармацыйнай нагоды навіны аб гібелі супрацоўніка КДБ, разьмясьцілі паведамленьні, якія заклікаюць да варожасьці ў адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

У ноч на 2 кастрычніка затрымалі журналіста выданьня «КП у Беларусі» Генадзя Мажэйку, які напісаў артыкул пра Андрэя Зельцара.


Вось няпоўны сьпіс ужо вынесеных прысудаў, пра якія стала вядома праваабаронцам.

  • Першы прысуд за камэнтары быў вынесены ў студзені 2022 году. У Магілёве 45-гадовага Аляксандра Гаўрыленку прыгаварылі да двух гадоў калёніі агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь.
  • Затым у красавіку Берасьцейскі абласны суд прыгаварыў за камэнтар да двух з паловай гадоў калёніі агульнага рэжыму Дзяніса Карабана і да трох гадоў калёніі 30-гадовага Ўладзіміра Агіевіча.
  • У траўні засудзілі да дзьвюх гадоў калёніі агульнага рэжыму хворую на эпілепсію Аліну Забаштанскую, у якой непаўнагадовая дачка. А таксама паўтара гады «хатняй хіміі» Нясьвіскі суд даў 40-гадоваму Андрэю Зубовічу.
  • У ліпені два гады калёніі атрымалі Віталь Лойка і 24-гадовая супрацоўніца дзіцячай бібліятэкі з Крупак Юлія Чамлай, якая выхоўвае малалетняга сына.
  • У Менскім гарадзкім судзе 4 жніўня вынесьлі прысуд тры гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму Ігару Арцюху.
  • Суд Дрыбінскага раёна 25 жніўня вынес прысуд у два з паловай гады калёніі магіляўчаніну Паўлу Белаголаву.
  • 12 верасьня ў судзе Іванаўскага раёну вынесьлі прысуд 2 гады калёніі агульнага рэжыму Івану Кузюру.
  • У верасьні Берасьцейскі абласны суд прыгаварыў былую супрацоўніцу агенцтва БелТА Іну Мажчэнку да 3 гадоў калёніі агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь.
  • 27 верасьня былому афіцэру-памежніку са Століна Аляксандру Велясьніцкаму вынесьлі прысуд – 2,5 гады калёніі. Яго таксама пазбавілі званьня «старэйшы лейтэнант запасу».

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк
Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG