Пра гэта на афіцыйнай старонцы ў Twitter паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка. Ён заявіў, што Расея павінна несьці адказнасьць за спробы зьмяніць міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны ў парушэньне Статуту ААН.
Рэфэрэндумы аб выхадзе з Украіны і ўваходжаньні ў склад Расеі пачаліся ў так званых «ЛНР» і «ДНР», і ў частках Херсонскай і Запароскай абласьцей 23 верасьня і маюць доўжыцца пяць дзён. На тэрыторыях галасаваньня адсутнічаюць прадстаўнікі міжнародных СМІ і назіральнікі міжнародных структур. І Ўкраіна, і міжнародная супольнасьць заявілі, што не прызнаюць іх вынікі.
СМІ паведамляюць, што так званыя рэфэрэндумы ва ўкраінскіх рэгіёнах праходзяць з масавымі парушэньнямі рэглямэнту, па-за памяшканьнямі для галасаваньня, без захаваньня тайны галасаваньня і пад кантролем узброеных людзей.
Многія экспэрты асьцерагаюцца, што вынікі так званых рэфэрэндумаў будуць сфальсыфікаваныя, і адразу пасьля іх заканчэньня — 29-30 верасьня — Расея можа абвясьціць гэтыя рэгіёны часткай сваёй тэрыторыі, што дазволіць ёй аб’явіць ваеннае становішча ў краіне і ўзмацніць ваенную агрэсію ажно да магчымасьці прымяніць ядзерную зброю.