У прыватнасьці, пазьбегнуць удзелу ў баявых дзеяньнях змогуць супрацоўнікі:
- у акрэдытаваных арганізацыях, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць у галіне інфармацыйных тэхналёгій і задзейнічаныя ў распрацоўцы рашэньняў у гэтай галіне і забесьпячэньні функцыянаваньня інфармацыйнай інфраструктуры;
- у расейскіх апэратарах сувязі і задзейнічаныя ў забесьпячэньні ўстойлівасьці, бясьпекі і цэласнасьці функцыянаваньня збудаваньняў сувязі, цэнтраў апрацоўкі дадзеных, а таксама сродкаў і ліній сувязі агульнага карыстаньня;
- у сыстэмаўтваральных арганізацыях у сфэры інфармацыі і сувязі, а таксама іх узаемазалежных асобах, якія зьяўляюцца заснавальнікам, рэдакцыяй або выдаўцом зарэгістраванага СМІ або вяшчальнікам тэле- і радыёканалу і задзейнічаныя ў вытворчасьці або распаўсюджваньні прадукцыі СМІ;
- у арганізацыях, якія забясьпечваюць стабільнасьць нацыянальнай плацёжнай сыстэмы і інфраструктуры фінансавага рынку, кіраваньне банкаўскай ліквіднасьцю, наяўнае грашовае абарачэньне.
Разам з гэтым Міністэрства лічбавага разьвіцьця ўдакладніла, што адтэрміноўку могуць атрымаць супрацоўнікі IT-кампаній, апэратараў сувязі і СМІ з вышэйшай адукацыяй, якія працуюць поўны працоўны дзень. У Банку Расеі паведамілі, што мабілізацыі не падлягаюць спэцыялісты фінансавых арганізацый, якія адказваюць за крытычную інфраструктуру, плацяжы і разьлікі, інкасацыю, абарону інфармацыйных сыстэм, тыя, якія працуюць з насельніцтвам і прадпрыемствамі, а таксама работнікі дзяжурных зьмен.
Каб спэцыялісты маглі атрымаць вызваленьне ад мабілізацыі, іх працадаўца павінен накіраваць у Генэральны штаб ВС Расеі сьпіс супрацоўнікаў, якія адпавядаюць гэтым крытэрам.
- 21 верасьня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў правядзеньне ў краіне мабілізацыі і падпісаў адпаведны ўказ. Сьцьвярджаецца, што прызыву паводле мабілізацыйнага ўказу ў першую чаргу будуць падлягаць тыя, хто ўжо адслужыў, мае вайскова-ўліковую спэцыяльнасьць і баявы вопыт. Міністар абароны Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рамках «частковай мабілізацыі» плянуецца прызваць 300 тысяч чалавек.
- Але праваабаронцы адзначаюць, што ўказ сфармуляваны максымальна шырока, што можа прывесьці да нашмат большай колькасьці мабілізаваных. «Новая газета. Европа» са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта паведамляе, што насамрэч засакрэчаны пункт прэзыдэнцкага ўказу дазваляе мабілізаваць да мільёна чалавек.