Яны заклікалі працоўных мігрантаў ня ўвязвацца ў супрацьстаяньне паміж Расеяй і Ўкраінай і не ўступаць ва ўзброеныя сілы ніводнага з бакоў.
І ва Ўзбэкістане, і ў Кіргізстане прызыў на службу ў армію і іншыя сілавыя структуры замежных дзяржаў — крымінальнае злачынства. Агенцтва па зьнешняй працоўнай міграцыі Ўзбэкістану нагадала, што ў адпаведнасьці з артыкулам 154 Крымінальнага кодэксу краіны «прызыў на вайсковую службу, ахову, паліцыю, вайсковую юстыцыю або іншыя падобныя органы замежных дзяржаў караецца пазбаўленьнем волі ад трох да пяці гадоў».
Падобны зварот да суайчыньнікаў апублікавала і амбасада Кіргізстану ў Расеі. Там за аналягічнае злачынства пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
20 верасьня Дзяржаўная Дума Расеі прыняла папраўкі ў заканадаўства аб спрошчаным набыцьці расейскага грамадзянства замежнікамі. Цяпер грамадзяне іншых дзяржаў могуць атрымаць расейскі пашпарт у спрошчаным парадку, заключыўшы кантракт на службу ў расейскай арміі або іншых вайсковых фармаваньнях на тэрмін ня менш за адзін год. Да гэтага не спатрэбіцца атрымліваць дазвол на жыхарства.
Да таго ж член Рады па правах чалавека Расеі Кірыл Кабанаў паведаміў, што Рада рыхтуе ў Дзяржаўную Думу прапановы, якія абавяжуць грамадзян сярэднеазіяцкіх краін, якія атрымалі расейскае грамадзянства за апошнія 10 гадоў, праходзіць тэрміновую вайсковую службу ў Расеі.