Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Кіркевіч: «У сёньняшняй Беларусі надышоў максымальна неспрыяльны час для стварэньня беларускага кантэнту»


Алесь Кіркевіч у Беластоку
Алесь Кіркевіч у Беластоку

Сёньняшні наш госьць — патомны гісторык і краязнаўца, калекцыянэр і журналіст з Горадні Алесь Кіркевіч, які расказвае, што ён працягвае рабіць пасьля змушанага пераезду з роднай Горадні ў Беласток.

Алесь Кіркевіч — адзін з моладзевых лідэраў канца 2010-х і пачатку 2020-х, які зазнаў неаднаразовыя арышты і зьняволеньні, вязень сумленьня і палітвязень, ляўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча (за 2013 год). У апошнія гады ён, як прызнаецца, адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасьці і заняўся рознымі гістарычнымі і краязнаўчымі справамі.

«Панавала перакананьне, што Радзіму можна зрабіць лепшай праз арганічную працу»

— Для пачатку давайце азірнемся крыху назад. А менавіта зьвернемся да вашага інтэрвію Свабодзе ў верасьні 2018-га. Тады з вашых словаў паўстаў энэргічны, рашучы, крытычна настроены, апалітычны малады чалавек, які ведае, чаго хоча ў сваім жыцьці і як можа паўплываць на будучыню сваёй краіны. Што зьмянілася ў гэтым чалавеку з таго часу?

— Шмат што зьмянілася — і ў сьвеце, і ў Беларусі, і ў кожным з нас. Пагадзіцеся, тады ў Беларусі была крыху іншая атмасфэра: у нацыянальна арыентаваных колах панавала перакананьне, што Радзіму можна зрабіць лепшай праз арганічную працу: стварай сваю Беларусь, жыві, зарабляй і ўрэшце жывое пераможа мёртвае — эвалюцыйна.

Адсюль БНР-100, праекты «Арт-Сядзібы», папулярызацыя гісторыі, мовы, культуры на розных узроўнях. Гэта быў адзін са шляхоў разьвіцьця краіны, які ў нейкім паралельным сусьвеце цалкам мог рэалізавацца. Мабыць, шматлікія вонкавыя і ўнутраныя фактары былі тады недаацэненыя. Роўна як бацькі БНР пралічыліся са сваёй стаўкай на беларусізацыю ў БССР, паверылі, вярнуліся — пасьля паплаціліся. Адліга была часовай.

Што ж тычыцца маёй апалітычнасьці, то вы ўжылі гэты тэрмін не зусім слушна. Тады, чатыры гады таму, проста я ня бачыў ніякіх пэрспэктываў сярод людзей, якія пазыцыянавалі сябе як апазыцыйныя палітыкі. Гэта плён крытычнага мысьленьня. Роўна як і ў 2020-м у мяне не было веры ў хуткія перамены праз «фэстываль» і карагоды на вуліцах… Шкада тых, хто паверыў і расчараваўся. Гэта сталеньне асобы і нацыі.

«Зьехаў пасьля пачатку вайны»

— У тым інтэрвію вы адназначна гаварылі пра немагчымасьць паўнавартаснай рэалізацыі асобы па-за межамі радзімы. Мелі ўжо для такіх высноваў уласны досьвед. Але вось зноў, і як выглядае, ня толькі насуперак тым высновам, але і не па сваёй волі, вы апынуліся за мяжой. Чаму і як гэта адбылося?

— Мабыць, гаворачы пра немагчымасьць рэалізацыі за мяжой, я меў на ўвазе сябе ці блізкіх мне поглядамі людзей. Бо ў тым коле, дзе я круціўся і жыў, быў вэктар акурат на перамены ў Беларусі праз тую самую арганічную працу. Як ты яе будзеш рабіць з-за мяжы? Усё выглядала лягічна, бо магчымасьці прыносіць карысьць Беларусі на месцы тады былі.

Зьехаў сёлета ўвесну, пасьля пачатку вайны, калі ракеты паляцелі зь беларускай тэрыторыі. Гэта было ўжо апошняй кропляй. Агулам, жыцьцё ў Беларусі пасьля 2020-га стала контрапрадыктыўным як мінімум: сытуацыя, калі ня можаш плянаваць заўтрашняга дня, а кожны рух управа-улева можа быць нагодай для непрыемнасьцяў. Тады які сэнс нешта ствараць, рабіць?.. Шмат для каго выйсьцем стаў такі сабе «сыход у лес» (Der Waldgang — як у Эрнста Юнгера), унутраная эміграцыя. Але актыўнаму чалавеку складана знаходзіцца ў гэтым стане працяглы час.

«Яны жылі безь цябе і далей будуць жыць»

— І яшчэ дазвольце цытату з вашага інтэрвію чатырохгадовай даўнасьці: «…Дзе б ты ні жыў, ты заўсёды там будзеш чужым. Усё роўна будзеш чытаць навіны беларускіх СМІ, праглядаць фэйсбук — застанецца заўсёдная туга». Цяпер вы жывяце ў Беластоку. Наколькі чужым пачуваецеся тут?

— Калі пра тугу, то я хутчэй аналізаваў папярэдні досьвед часовага жыцьця па-за Беларусьсю. Але гэта быў час юнацтва. Цяпер на тугу няма часу. Праца — найлепшыя лекі. А пра тое, што будзеш заўжды чужым — гэта індывідуальна, зноў жа. Калі ставіш сабе задачу цалкам інтэгравацца і распусьціцца ў польскай ці якой іншай грамадзе — робіш гэтак і ня будзеш ніякім чужым. Калі ж Беларусь застаецца прыярытэтам і каштоўнасьцю, то будзеш так ці інакш завязаны на людзях, навінах, падзеях у Беларусі.

Фэномэн «чужасьці» — гэта не пра тое, што ня можаш вывучыць мову ці звычаі. Гэта проста. Тут пра тое, што ў Польшчы (Чэхіі, Літве, Нямеччыне і г.д.) ты наўрад ці зможаш прапанаваць мясцовым нешта такое, чаго ў іх яшчэ няма. Яны жылі безь цябе і далей будуць жыць. А Беларусь і мела, і цяпер мае процьму пустак, незамаляваных клетачак. У кіно, мастацтве, літаратуры, бізнесе. Рабі — і будзеш першым. Іншая справа, што зараз з гэтым «рабі» варта пачакаць. Ці шукаць іншыя формы, адпаведныя сытуацыі.

Beer&History

— Ну і пра галоўнае. Пра вашы цяперашнія справы. Адна зь іх — творчыя сустрэчы па серадах у бары Beer&History. Піва і рок-эн-рол гучыць натуральна. А вось піва і гісторыя — неяк нязвыкла. Як з гэтым? Ці няма тут нейкага легкаважнага стаўленьня да сур’ёзных тэмаў, зь якімі прыходзяць у бар паважаныя навукоўцы, літаратары, дзеячы культуры? Кульнуўшы кухаль, а мо і не адзін, ці здольная публіка адэкватна ўспрымаць тэзы выступоўцаў?

— Дык і добра, што нязвыкла гучыць. Калі б звыкла — значыць, гэта паўтор; значыць, ужо было. Памылкова думаць, што людзі, якія п’юць ў бары, не цікавяцца гісторыяй. Роўна памылкова думаць, што гісторыкі, якія выкладаюць і пішуць кнігі, ня п’юць піва. Проста гэтыя сусьветы не сутыкаюцца. А мы паспрабавалі спалучыць — і ў нас атрымалася. Гульня на кантрастах — гэта заўжды цікава.

Алесь Кіркевіч (справа) з краязнаўцам Аляксеем Трубкіным у Беластоку
Алесь Кіркевіч (справа) з краязнаўцам Аляксеем Трубкіным у Беластоку

Праблема нашай гісторыі ў патаснай акадэмічнасьці: калі навукоўцы пішуць усё жыцьцё кнігу на 500 старонак для сябе і яшчэ дзясятка чалавек. А пасьля крыўдзяцца, што людзі гісторыі ня ведаюць: як так? Як паветра нам не хапае папулярнай жывой гісторыі. Таму тая ж «Наша гісторыя» была прарывам, хоць у Польшчы падобных часопісаў дзясяткі. Людзі дагэтуль галодныя на папулярную гісторыю.

Калі пра наш фармат зь півам, то гэта не паніжэньне плянкі для гісторыка, які прыходзіць і апавядае пра войска ВКЛ ці картаграфію. Наадварот. Калі знаўца можа патлумачыць сваю складаную тэму простымі словамі, напоўніць паралелямі і прыкладамі з сучаснасьці — гэта знак якасьці для яго як прамоўцы ды інтэлектуала. А яшчэ — гэта нармальная эўрапейская студэнцкая традыцыя, якой сотні гадоў, калі выкладчыкі і студэнты зь якога Мюнхэну ці Прагі могуць сустрэцца за півам і пагутарыць пра Арыстотэля ці старадаўні Рым. А калі тэма не цікавая за куфлем піва, у разьняволенай вясёлай атмасферы, то мо яна нецікавая ў прынцыпе?

«Трызуб і Пагоня»

— Нядаўна вы з камандай распачалі яшчэ адну справу — тэматычныя відэа «Трызуб і Пагоня», у якіх ідзецца пра супольныя старонкі гісторыі Ўкраіны і Беларусі. Каму адрасаваныя гэтыя праграмы?

— Гэта працяг тэмы пра папулярызацыю гісторыі, толькі ўжо ў онлайне. Мне даўно хацелася зрабіць гістарычную праграму з жаночым тварам, каб спадчына не асацыявалася ў гледача, прабачце, зь сівымі барадатымі дзядзькамі. Чаму нацыянальнай гісторыі не займець прывабны жаночы вобраз? Кацярына Ваданосава як вядоўца падышла ідэальна. Харызма, зьнешнасьць, матываванасьць і беларускі стрыжань — як мае быць!

Кацярына Ваданосава
Кацярына Ваданосава

Такая «дваістасьць» праграмы — беларускі і ўкраінскі кейсы — з аднаго боку, прадыктаваныя часам, з другога — гэта працяг старой гісторыі з Балта-Чарнаморскім саюзам. Умоўныя народы былой Рэчы Паспалітай павінны яднацца і ставаць сілай. Зараз мы ў папулярнай форме намацваем падмурак і расказваем, што ж у нас агульнага, што яднае. Добра, як мне здаецца, што такі крок быў зроблены зь беларускага боку.

Пра «адрасаванасьць»... Прасьцей сказаць, каму яна не адрасаваная. Гэта не праграма для вялікіх навукоўцаў са ступенямі, дыплёмамі, стосамі публікацыяў. Мы ім ніякай вялікай праўды не адкрыем. Гэта праграма для звычайных людзей, у якіх няма часу на чытаньне талмудаў. Разам з тым — для людзей, здольных думаць і рабіць высновы. Мы не вульгарызуем гісторыю, мы падаём яе ў прывабным ключы.

«Мне прыемна бачыць украінскамоўныя камэнтары»

— А ці ёсьць рэакцыя на вашы спробы нешта праясьніць у супольнай гісторыі двух суседзкіх народаў менавіта ад украінцаў?

— Першасна, па маёй задуме, праграма была адрасаваная беларусам, у другую чаргу ўкраінцам. Але мне прыемна бачыць украінскамоўныя камэнтары — значыць, для іх гэта важна. Ва Ўкраіне няма праблемы з папулярнай гісторыяй — такога прадукту багата, яны вялікія малайцы! Тым больш цікава, што глядзяць і нас. Тут ужо цяжка сказаць, ці гэта для іх нешта пазнавальнае ў пляне інфармацыі ці ацэнка салідарнасьці зь беларускага боку. Хай будзе і тое, і тое.

Дарэчы, у працяг папярэдніх вашых пытаньняў. Ані клуб Beer&History, ані праграма «Трызуб і Пагоня» на сёньняшні момант не маглі б быць рэалізаваныя ў Беларусі. Вось і адказ на пытаньне пра эміграцыю. Мы сутыкнуліся з рэальнасцю, у якой у сёньняшняй Беларусі надышоў максымальна неспрыяльны час для стварэньня беларускага кантэнту. Але рэальнасьці ня трэба баяцца, трэба зь ёй працаваць. Таму робім там, дзе магчыма. Галоўнае — плён. У нас яшчэ багата ідэяў і плянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG