Сэнат Казахстана выключыў Дзень першага прэзыдэнта са сьпісу дзяржаўных сьвятаў, паведамляюць мясцовыя інфармагенцтвы.
Дакумэнт накіраваны на подпіс кіраўніку дзяржавы Касыму-Жомарту Такаеву.
Закон зьмяшчае папраўку, згодна зь якой Дзень першага прэзыдэнта выключаны зь ліку дзяржаўных сьвят і пастаўлены ў разрад «грамадзка значных», па аналёгіі з Днём дзяржаўных сымбаляў, Днём падзякі і іншымі.
Таксама заканадаўча замацавалі новую сьвяточную дату, Дзень Рэспублікі, якую будуць адзначаць 25 кастрычніка. Дзень Незалежнасьці (16 сьнежня) уключаны ў катэгорыю дзяржаўных сьвятаў.
«Гэта гістарычнае і вельмі важнае рашэньне. Незалежнасьць нашай краіны сапраўды пачынаецца з гэтай даты. Таму зацьвярджэньне гэтага дня як нацыянальнага сьвята — важны крок з пункту гледжаньня дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту. Спадзяёмся, што ў далейшым гэтае сьвята зробіць свой унёсак у папулярызацыю і ўмацаваньне незалежнасьці», — сказаў сьпікер сэнату Маўлен Ашымбаеў.
Дзень першага прэзыдэнта адзначаўся ў Казахстане з 2012 году 1 сьнежня. Першым прэзыдэнтам Казахстана быў Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў краінай з 1991 году. 20 сакавіка 2019 году Назарбаеў склаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы.
Дзень Рэспублікі ў Казахстане раней адзначаўся 25 кастрычніка. У 2009 годзе Дзень Рэспублікі быў выключаны зь пераліку сьвят.
16 верасьня парлямэнт Казахстана прыняў адразу ў двух чытаньнях папраўкі да Канстытуцыі краіны. Дэпутаты падтрымалі вяртаньне сталіцы назвы Астана, а таксама абмежаваньне прэзыдэнцтва адным сямігадовым тэрмінам. Папраўкі накіравалі на подпіс прэзыдэнту Касыму-Жамарту Такаеву, які ухваліў гэтыя зьмены.