Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я накіраваны вызваліць Беларусь». Добраахвотнік «Менавіта» пра Пазьняка, КДБ, бэйсбол і іранскія мінамёты


Іван Тамашэвіч, «Менавіта»
Іван Тамашэвіч, «Менавіта»

Івану Тамашэвічу з пазыўным «Менавіта» 38 гадоў. Цяпер ён камандзір мінамётнага ўзводу батальёну «Волат» палку імя Кастуся Каліноўскага.

У вялікім інтэрвію Свабодзе Іван расказаў пра свой удзел у «Маладым фронце», допыт у справе тэракту на тэрыторыі расейскай амбасады, а таксама як яго білі адразу васямнаццаць амапаўцаў.

«Непаўналетнім быў у „Маладым фронце“»

— Хто вы такі, адкуль родам?

— Я родам зь Менску. Ой, чым толькі не даводзілася займацца. Апошнія гады быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік і таксаваў.

— Ці былі ў апазыцыйных арганізацыях?

— Дзесьці ў 2000–2001 гадах, калі яшчэ быў непаўналетнім, уваходзіў у кіраўніцтва «Маладога фронту». Кіраўніком «Маладога фронту» быў на той момант Павал Севярынец. Сышоў, бо ня вельмі падабаліся прынцыпы функцыянаваньня арганізацыі, я бачыў іншыя шляхі. Пасьля гэтага да іншых арганізацый ужо не далучаўся, бо ня бачыў сэнсу.

Іван “Менавіта” Тамашэвіч. Архіўнае фота
Іван “Менавіта” Тамашэвіч. Архіўнае фота

Вясной 2001 году я праходзіў у справе выбуху ў расейскім пасольстве ў Менску. У КДБ мяне выклікалі ў якасьці сьведкі. Пачалося ўсё з таго, што кагосьці зь сяброў «МФ» у Клецку (я нават ня ведаў, што ў нас там была структура) спыталі, ці ня мог Іван Тамашэвіч гэта зрабіць?

Паразмаўлялі зь імі, спрабавалі мяне неяк разьвесьці, вельмі па-дзіцячы гэта выглядала. Кажуць, вось «Камунарку» набыў габрэй, хіба табе, нацыяналісту, гэта падабаецца, што прадпрыемства было беларускім, а цяпер стала габрэйскім? Я кажу — калі армяне лепш за беларусаў гандлююць мандарынамі, то гэта ня іх праблема, а беларусаў. І тут тое самае, што гэта праблема беларусаў, што яны бізнэс весьці ня ўмеюць. Мне было 17 гадоў тады, вэрбаваць не спрабавалі.

«Бэйсболам я захоплены»

— Вы добра гаворыце па-беларуску. Гэта з таго часу?

— Так, у 2000-я размаўляў па-беларуску больш, чым па-расейску. Шмат усяго чытаў таксама па-беларуску.

— Ведаю, што ваша захапленьне — бэйсбол, адкуль гэта?

Іван “Менавіта” Тамашэвіч
Іван “Менавіта” Тамашэвіч

— Гэтым відам спорту займаюся з 2012 году. Выступаў на аматарскім узроўні. Калі існавала першая ліга чэмпіянату Беларусі, то гуляў за клюб «Піраньні». Потым трапілі ў Вышэйшую лігу, дзе ўтварылі клюб «Фэнікс». Нейкі час на правах легіянэра гуляў за берасьцейскую каманду таксама ў Вышэйшай лізе. Але мы выступалі хутчэй дзеля таго, каб проста выступаць. Ніякіх дасягненьняў ня меў. Займаўся бэйсболам і ва Ўкраіне, плянаваў вясной пачаць выступаць у чэмпіянаце Кіева, але лёс склаўся так, што хрусь — і папалам. Бэйсболам я захоплены, адсочваю гульню ўлюбёнага клюбу «Дэтройт Тайгерз», гляджу агляды матчаў. Гульня вельмі цікавая, яна патрабуе ня толькі фізычнай падрыхтоўкі, але і розуму. У Кіеве я гуляў за каманду «Чмялі», і так выпадкова склалася, што сымбаль нашага мінамётнага ўзводу — чмель, які ляціць на міне.

«Кветкамі нічога не зьмяніць»

— У 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах?

— Так, вядома. Нават на відэа трапіла, як маю таксоўку разьбілі ля «Журавінкі». Я быў са сьцягам Паветрана-дэсантных сілаў, машыну разьбівалі адразу васямнаццаць амапаўцаў, мяне зьбілі. Потым быў у дваровай суполцы, спрабавалі неяк кантактаваць і арганізоўвацца. У нядзельных акцыях удзельнічаў па меры магчымасьцяў. Не затрымлівалі, хапіла таго інцыдэнту з аўто. Ні ў чыёй камандзе я ня быў, а што тычыцца падтрымкі кагосьці з кандыдатаў, то быў такі момант, што пасадзі ката суседзкага, то падтрымалі б і яго. Я з павагай стаўлюся да асобы Зянона Пазьняка, гэта чалавек, які найбольш зрабіў сярод апазыцыі. Ягонае палітычнае пачуцьцё часу нікуды не зьнікае і сёньня.

— У інтэрнэце вы — вялікі крытык Ціханоўскай. Чаму?

— Я мяркую па справах. Хочацца глядзець рэальна на рэчы. Для мяне мала рабіць «хоць штосьці». Можна не рабіць нічога, і вынік будзе такі самы — дык навошта спатужвацца?

— Іван «Брэст» Марчук таксама крытыкаваў Ціханоўскую. Гэта папулярна сярод «каліноўцаў»?

— Не было ніводнага выпадку ў сусьветнай гісторыі, каб дыктатура зьмянілася выключна праз кветачкі і воклічы «Сыходзь». А казаць, што Беларусь — гэта такая ўнікальная краіна, выключэньне, не выпадае. Мне здаецца, што гэтая «ружовасьць» аб кветачках у шчытах хутка праходзіць у людзей, дзесьці пасьля другога затрыманьня. А некаторым і затрыманьні не патрэбныя, каб зразумець, што гэты шлях не прывядзе да патрэбных мэтаў.

Што тычыцца «Брэста», то на ўсіх апэрацыях я быў побач зь ім. Гэта быў сапраўдны кібарг. Але ў прыватных адносінах досыць мяккі чалавек, які мог знайсьці паразуменьне з усімі, вельмі чалавечны. З намі таксама быў «Атам» (Васіль Грудовік, загінуў, як і «Брэст», пад Лісічанскам напрыканцы чэрвеня. — РС), мы яго жартам называлі ахоўнікам «Брэста», бо яны хадзілі заўсёды разам. Абодва вельмі шчырыя хлопцы, выдатныя ваяры. Ёсьць людзі, ад якіх не чакаеш сьмерці, — і гэта пра «Брэста».

— Якое ваша стаўленьне да сьмерці?

— Сьмерць ня можа быць добрай. Калі ў Кіеве наймаў кватэру, то казаў, што гэта альбо да канца вайны, альбо пакуль мяне не заб’юць. Я не баюся гэта гаварыць, бо тут вайна, тут так адбываецца.

«Працаваў у камандзе „Менавіта Online“»

— Чаму зьехалі зь Беларусі?

Іван “Менавіта” Тамашэвіч
Іван “Менавіта” Тамашэвіч

— У любы момант мог пачацца перасьлед. Я падаваў скаргу аб неправамоцных дзеяньнях сілавікоў падчас майго зьбіцьця. Абскарджваў у судзе рашэньне сьледчага, які сказаў, што ўсё было нармальна. Дзякуючы Алене Васільевай, якая вядзе канал «Менавіта Online», праз украінскага журналіста Рамана Скрыпіна, мне зрабілі быццам бы запрашэньне на працу ва Ўкраіну, каб я мог выехаць па зямлі. У выніку я выехаў на ўласным аўто. Ва Ўкраіне асвоіў праграмы для мантажу відэа і валянтэрыў на «Менавіта Online». У мяне там была свая перадача.

— Пра што?

— Выйшлі чатыры выпускі. Называлася перадача «Сьвятое месца», сам сябе я там называў — «сьвяты Іаан». Канцэпцыя ў тым, што я «прызначаў» нейкае «сьвятое месца» і запаўняў яго рознымі рэчамі. Першы выпуск я зрабіў па матывах мультфільму South Park, дзе Ісус ратаваў беларусаў. Мульцік зьняты ў 2012 годзе, і ўжо тады людзям за акіянам было зразумела, што ў нас адбываецца і як можна гэта зьмяніць. А ў нас яшчэ не разумелі. Другі выпуск — беларуская мова і грошы за пратэст. Трэці — пра Васкрасенскага. Нешта было яшчэ ў чацьвёртым. Раней да журналістыкі ніякага дачыненьня ня меў, толькі калі даваў камэнтары падчас акцый «Маладога фронту».

— Слава ў канала «Менавіта» неадназначная. Як да гэтага ставіцеся?

— Я ведаю гэтыя працэсы знутры, ведаю гэтых людзей — Алену Васільеву і Вадзіма Доўнара. Іх бачаньне сытуацыі супадае з маім. Я жыў зь імі на адной кватэры нейкі час, мне там вылучылі асобны пакой. У мяне няма сумневаў у шчырасьці гэтых людзей.

— Пазыўны адразу ўзялі праз гэта?

— Думаў нейкі час, якое слова ўзяць, каб яно было вельмі беларускім. «Менавіта» — гэта слова, якое не ламае язык. І мае шмат значэньняў.

«У скачках з парашутам нічога страшнага няма»

— Калі пачалася вайна, то адразу зразумелі, што пойдзеце ваяваць?

— У першыя дні вывозіў канал «Менавіта» з Кіева ў Ужгарад. А потым вырашыў, што вярнуўся ў Кіеў і буду спрабаваць далучыцца да арміі. Складана было чакаць нечага канкрэтнага на першым часе, я выконваў тое, што ад мяне патрабавалася. Я меў вайсковы досьвед, праходзіў службу ў 103-й дэсантнай брыгадзе ў Віцебску. У мяне было разуменьне, як гэта павінна працаваць. Мяне адабралі ў роту цяжкага ўзбраеньня, цяпер я камандзір мінамётнага аддзяленьня ўзводу батальёна «Волат».

— Што такое служба ў беларускім войску?

— Я быў на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх. Помню, калі прыйшоў на прызыўную камісію, то камісар кажа: «Першы цьвярозы твар за сёньня, а ты мне суеш гэтую інспэкцыю па справах непаўналетніх». Я ўвогуле хацеў, каб мяне забралі ў памежнікі, далей ад усіх, але адабралі ў дэсант. «Ты з парашутам скокнеш?» — пытаюцца. «Калі трэба, то скокну», — адказваю. Я быў у артылерыйска-самаходным дывізіёне, нас нават залічылі ў склад Сілаў спэцыяльных апэрацый. У скачках з парашутам нічога страшнага не было.

— Не хацелася зьвязаць свой лёс з войскам?

— Не, я ня быў фанатам вайсковых спраў. І заробкі ня вельмі, і стаўленьне да вайскоўцаў. Цікавасьці ні ў якіх аспэктах не выклікала.

«Калі адмаўляесься выконваць загады, то едзь у Польшчы зьбіраць трускалкі»

— Які быў першы бой ва Ўкраіне?

— Станцыя Калініндорф у Херсонскім кірунку. Мы думалі, што едзем на 2–3 дні, а ў выніку прабылі там 14 дзён на пазыцыі без ратацыі. Гэта былі штодзённыя абстрэлы, дзесьці і самі спрабавалі адказваць, калі было з чаго. Тады мы яшчэ ня мелі тых мінамётаў, што цяпер. Нашай задачай было заняць і ўтрымліваць пазыцыю, пакуль нас ня зьменяць падразьдзяленьні УСУ.

Потым мы штурмавалі сяло Лазавое на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей. Па нас тады працавала ўсё, што было там у праціўніка — авіяцыя нават, верталёты. Падчас той апэрацыі ў нас ніхто не загінуў, было толькі некалькі параненых. Мы сьцягнулі на сябе артылерыйскія разьлікі, а па баках лінія фронту прасунулася на 10–12 кілямэтраў.

— Гэта ўжо не вялікі сакрэт, што частка беларусаў адмовілася ўдзельнічаць у штурме Лазавога. У вас пэрсанальна такіх думак не было?

— Не было. Мы ў вайсковай структуры, канечне, мы добраахвотнікі, але ў нас ёсьць кантракты. Калі ты адмаўляесься выконваць загад, то трэба адмаўляцца і ад кантракту і ехаць у Польшчу зьбіраць трускалкі.

На Калініндорфе мы больш цярпелі. Па нас працавалі, а мы адказаць не маглі. Але мы тады разабраліся, як што ляціць, як што гучыць, як гучыць, калі ляціць у цябе. Зьявілася «чуйка». Штурм — гэта іншы досьвед. Мы ішлі ўначы, праходзілі праз раку. Асабіста я зь мінамётам працаваў на прыкрыцьці, шукалі цэлі, якія можам дастаць. Быў у Лісічанску, працавалі там па Севераданецку. У Лісічанску вучыўся працаваць з сучаснай тэхнікай, якая адрозьніваецца ад савецкай. Працавалі з іранскім мінамётам HM-16 (перададзеныя Ўкраіне ад ЗША, хутчэй за ўсё, былі захопленыя амэрыканскімі вайскоўцамі ў хусітаў на Блізкім Усходзе. — РС), іх у нас два. Зь імі ў камплекце ідуць амэрыканскія міны.

— Розьніца ёсьць у адчуваньнях?

— У нас раней былі савецкія мінамёты, яны не такія новыя — 1958 году. Зразумела, што мінамёты 60-гадовай даўнасьці моцна саступаюць сучасным. Тэхналёгіі зрабілі шмат крокаў наперад. Сучасныя мінамёты прасьцейшыя ў выкарыстаньні.

«Самае прыемнае — бачыць вынікі»

— Якія ў вас адчуваньні падчас баёў?

— Нейкага страху і звышадрэналіну ў мяне не было. Проста цяпер той момант, калі ты можаш зрабіць для краіны больш, чым калісьці яшчэ. Калі ня вырашыць усё цяпер, то можна ня вырашыць ніколі. Вораг у нас адзіны, і ён не мяняецца.

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Разьвітвацца з пабрацімамі.

— Самае прыемнае на вайне?

— Бачыць вынікі сваіх дзеяньняў. Калі страляеш зь мінамёта, то бачыць дакладныя трапляньні ў цэль.

— Вы спадзеяцеся ў будучыні вызваліць Беларусь?

— Я не спадзяюся вызваліць Беларусь, я накіраваны гэта зрабіць. Я думаю, гэта будзе рэальна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG