Пра гэта ў інтэрвію выданьню «Левы бераг» заявіў генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін.
Паводле генпракурора, такіх злачынстваў нашмат больш. «Гэта цяжкая праца. Мы працуем зь дзецьмі з выкарыстаньнем такой сыстэмы, якая называецца „зялёны пакой“, пры непасрэдным удзеле псыхоляга: ён па-за візуальным назіраньнем дзіцяці, але дапамагае. Гэта складана. Але ў некаторых выпадках ёсьць паказаньні, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасьці доказаў у гэтых крымінальных вядзеньнях», — удакладніў Косьцін.
Паводле стану на 19 верасьня ва Ўкраіне, як паведамляе офіс генпракурора, у выніку расейскай агрэсіі загінулі 390 дзяцей, яшчэ 759 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.
У ліпені ААН апублікавала інфармацыю пра 124 зафіксаваныя выпадкі згвалтаваньняў падчас вайны. Наяўныя дадзеныя — толькі верхавіна айсбэрга і не адлюстроўваюць маштабаў сэксуальнага гвалту ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны, заявіла ў сваім дакладзе спэцпрадстаўніца ААН у пытаньнях сэксуальнага гвалту ва ўмовах канфлікту Праміла Патэн.
Раней Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека апублікавала даклад аб сытуацыі з правамі чалавека падчас вайны ва Ўкраіне. Ён ахоплівае пэрыяд з 24 лютага па 15 траўня. На той момант ААН было вядома пра 108 магчымых выпадкаў сэксуальнага гвалту, у тым ліку 78 згвалтаваньняў. 23 зь іх, сярод якіх былі групавыя згвалтаваньні, катаваньні, прымус да публічнага распрананьня і пагрозы сэксуальнага гвалту, экспэрты змаглі пацьвердзіць. У 13 выпадках ахвярамі былі мужчыны, у дзевяці — жанчыны, у адным — дзяўчынка, адзначаецца ў дакладзе.