Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны? Што пра гэта кажуць былы камандуючы NATO ды іншыя экспэрты


Украінскі мінамётчык на Данбасе
Украінскі мінамётчык на Данбасе

На гэтым тыдні амэрыканскі дасьледчы цэнтар «Атлянтычная рада» (The Atlantic Council) зладзіў онлайн-дыскусію пад назвай «Ці можа ўкраінскі контранаступ пераламіць хаду вайны, якую вядзе Расея?».

Дыскусія адбылася яшчэ да цяпершняга ўкраінскага прасоўваньня на Харкаўшчыне. У ёй, сярод іншых, узялі ўдзел былы камандуючы войскамі NATO і экс-міністар абароны Ўкраіны. Прапануем вашай увазе некаторыя думкі ўдзельнікаў.

Генэрал Філіп Брыдлаў, былы камандуючы войскамі NATO:

  • Гэты наступ можа мець вялікае значэньне для далейшай хады вайны. Але тут шмат залежыць ад заходніх лідэраў. Калі Захад забясьпечыць Украіну ўсім неабходным, украінцы маюць сілы і волю зьмяніць хаду вайны.
  • Цяпер мы назіраем абмежаваныя посьпехі ўкраінскага боку. Пакуль што мы наўрад ці можам гаварыць пра маштабныя посьпехі, але ўкраінцы прасоўваюцца наперад.
  • Расея пачынае пачувацца няўпэўнена. Нават сам факт таго, што прадстаўнікі Расеі зноў загаварылі пра магчымасьць перамоваў, ужо сьведчыць пра іх адчуваньні.
  • Пуцін пакуль што пасьпяхова стрымлівае Злучаныя Штаты ў іх падтрымцы Ўкраіны. Мы абмяжоўваем пастаўкі ўзбраеньняў Украіне, і гэта палітычнае рашэньне.
  • Я лічу, што пляны Расеі цяпер скіраваныя на зіму. Расея будзе спрабаваць скарыстаць зіму, каб стварыць раскол паміж эўрапейскімі ўрадамі і эўрапейскімі народамі. Расейцы будуць спрабаваць выпрабоўваць эўрапейцаў холадам і недахопам паліва, каб тыя пачалі ціснуць на свае ўрады.

Вівіен Салама, карэспандэнтка Wall Street Journal, якая нядаўна наведала Адэскую і Херсонскую вобласьці Ўкраіны:

  • Украінскія вайскоўцы расказваюць пра зьмену, якая адбылася пасьля таго, як у канцы чэрвеня — на пачатку ліпеня яны атрымалі [амэрыканскія рэактыўныя сыстэмы залпавага агню] HIMARS. Гэта было літаральна як пстрычка пераключальніка. За тыдзень да таго яны несьлі велічэзныя страты. І літаральна праз тыдзень яны ўжо мелі перавагу і здолелі адбіць невялікую вёску.
  • Расейскія войскі працягваюць перакідаць рэсурсы ў гэты рэгіён. Аднак украінскія вайскоўцы ўжо глядзяць на сытуацыю больш аптымістычна і кажуць, што могуць паступова вяртаць тэрыторыю. Гэта вялікая розьніца параўнальна з тым, што было некалькі тыдняў раней.
  • Паводле ўкраінскага боку, да паставак HIMARS іх страты дасягалі 200 чалавек за дзень. Цяпер гэта каля 30 чалавек за дзень. З размоваў з вайскоўцамі на месцах таксама зразумела, што цяпер страты нашмат меншыя, чым яшчэ на пачатку ліпеня.
  • Я рабіла інтэрвію з вайсковым кіраўніцтвам, і іх заявы вельмі аптымістычныя — яны гавораць пра магчымасьць адваяваць істотную тэрыторыю да канца верасьня — пачатку кастрычніка. Але калі размаўляеш з вайскоўцамі на месцах, яны называюць значна даўжэйшыя тэрміны. Яны вельмі цьвяроза глядзяць на гэта. Таму я заклікаю вельмі асьцярожна ставіцца да заяваў афіцыйных прадстаўнікоў ураду і Ўзброеных сілаў.

Макс Бут, дасьледчык амэрыканскай Рады міжнародных адносін:

  • Ужо можна сказаць, што Ўкраіна перамагла ў вайне за незалежнасьць. Бо варта памятаць, што казаў Пуцін, калі пачынаў агрэсію 24 лютага: ён плянаваў за тры дні ўвайсьці ў Кіеў і захапіць усю краіну за некалькі тыдняў.
  • Цяпер ужо ясна, што плян Пуціна раскалоць Украіну і анэксаваць яе значную частку не ажыцьцявіцца. Расейскае ўварваньне прывяло да надзвычайнай еднасьці ўкраінцаў. Апытаньні паказваюць, што больш за 90 працэнтаў украінцаў вераць у перамогу Ўкраіны і падтрымліваюць дзеяньні прэзыдэнта Зяленскага.
  • Я таксама лічу, што некаторыя перамогі Ўкраіны не атрымалі належнай увагі. Напрыклад, такой перамогай можна лічыць дамову 22 ліпеня, якая дазволіла Ўкраіне зноў экспартаваць збожжа і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю пад эгідай ААН.
  • Расейскія спробы перакрыць заходнюю падтрымку Ўкраіны, пагражаючы спыніць пастаўкі энэрганосьбітаў, таксама пакуль што не працуюць. NATO ўзмацнілася з далучэньнем Швэцыі і Фінляндыі. Таму Пуцін не дасягае сваіх мэтаў — нават сярэднетэрміновай мэты, агучанай у красавіку: цалкам захапіць Данбас. Расейцы захапілі Луганскую вобласьць, але ў астатнім істотна не прасунуліся.
  • Пакуль што складана гаварыць пра пэрспэктывы ўкраінскага наступу. Але я лічу вельмі важным тое, што праз 6 месяцаў пасьля пачатку вайны ўкраінцы маюць ініцыятыву, расейцы нясуць вельмі цяжкія страты. Калі мы павялічым падтрымку Ўкраіны, гэта можа прывесьці да істотных зьменаў на фронце.
  • Украінцы здолелі памяняць хаду вайны менш як з 20 сыстэмамі HIMARS. Уявіце, што яны могуць зрабіць, калі будуць мець 60 HIMARS і іншыя дадатковыя ўзбраеньні. Мы павінны даць іх украінцам.
  • Я не разумею лёгікі, калі кажуць, што можна даваць украінцам ракеты з далёкасьцю 80 кілямэтраў, але нельга дасылаць ім ракеты з далёкасьцю 250 кілямэтраў.
  • Я ня бачу сьведчаньняў, што Пуцін самагубца і хоча пачаць ядзерную вайну. Так, ён злыдзень, і ён пралічыўся. Мы таксама пралічваліся ў нашых войнах. Мне здаецца, што расейцы атрымлівалі вельмі кепскую выведную інфармацыю пра Ўкраіну.
  • Хоць само ўварваньне было праявай зла, Пуцін прымаў рацыянальныя рашэньні. Калі ён пабачыў, што Кіеў ня возьмеш, ён адступіў і сканцэнтраваўся на Данбасе, дзе, на ягоную думку, можна было дасягнуць посьпеху.

Андрэй Загараднюк, былы міністар абароны Ўкраіны:

  • Расея па-ранейшаму мае вялікую колькасьць сучаснай зброі, але пытаньне ў тым, колькі з гэтай зброі яна гатовая скарыстаць ва Ўкраіне. Бо Расея ня можа сабе дазволіць цалкам страціць свае запасы. Яна спрабуе захаваць прысутнасьць у розных частках сьвету — у Ціхаакіянскім рэгіёне, у Цэнтральнай Азіі і гэтак далей.
  • Мы лічым, што яны ня маюць дастаткова рэсурсаў, каб дасягнуць істотных посьпехаў ва ўварваньні. Мы здолелі стрымаць іх наступ, і калі мы атрымаем дадатковую зброю, дык на некаторых кірунках мы зможам даволі пасьпяхова іх адцясьніць.
  • Нельга недаацэньваць расейскае войска, але цяпер яно ня ў стане весьці пасьпяховы наступ ва Ўкраіне. Мы таксама будзем працягваць атакаваць Чарнаморскі флёт Расеі, і ў пэрспэктыве ён можа быць альбо цалкам зьнішчаны, альбо ягоная роля будзе абмежаваная да мінімуму. Гэта аптымістычны погляд, але я лічу, што гэта дасягальна.

Дара Масікат, старшая дасьледчыца цэнтру RAND:

  • Расея панесла вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, а таксама скарыстала значную частку боепрыпасаў на першым этапе вайны, і цяпер яны спрабуюць дзейнічаць паводле «пляну Б», каб пераадолець гэтыя праблемы. Яны спрабуюць набраць новых людзей, у тым ліку ў турмах, і пасылаюць іх на фронт пасьля некалькіх тыдняў базавай падрыхтоўкі. Такім спосабам не атрымаецца пасьпяхова разьвязаць іх цяперашнія праблемы.
  • Расейцы страцілі ня толькі найлепшую тэхніку, але і найбольш падрыхтаваныя кадры, якія кіравалі гэтай тэхнікай — танкамі, артылерыяй, БМП, БТРамі. У іх ёсьць запасы тэхнікі, якая захоўвалася закансэрваванай, напрыклад, у Сыбіры апошнія гадоў 15. Ня ўся яна працуе. Яны спрабуюць перакінуць яе ва Ўкраіну — магчыма, яны будуць выкарыстоўваць яе на запчасткі.
  • Расея таксама скарыстала значную частку сваіх найбольш дакладных боепрыпасаў. Цяпер яны спрабуюць прыстасаваць ракеты «зямля-паветра», каб выкарыстоўваць іх супраць наземных цэляў. Яны ня будуць дакладнымі, і гэта прывядзе да яшчэ большых ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва.
  • Акрамя таго, расейцы ўжо пачынаюць выкарыстоўваць ракеты, якія прызначаныя для атак на караблі. Іх даволі вялікі запас — некалькі тысяч — і яны даволі дакладныя.
  • Мы бачым, што расейскія самалёты-зьнішчальнікі маюць ужо вельмі няшмат тактычных ракет. Яны запускаюць іх некіравана зь невялікай вышыні і спрабуюць адразу сысьці ад украінскай супрацьпаветранай абароны. Чакалася, што Расея будзе мець значную перавагу ў паветры, але гэтага не адбылося.
  • Але пры ўсім гэтым нельга сказаць, што расейцы здаліся. Яны могуць падоўжыць тэрміны для дасягненьня сваіх мэтаў — захапіць значную частку тэрыторыі Ўкраіны. Аднак я лічу, што зь іх цяперашняй структурай яны наўрад ці дасягнуць такіх мэтаў — нават у доўгатэрміновай пэрспэктыве.
  • Цяпер расейцы разьлічваюць, што змогуць захапіць цалкам Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці і анэксаваць іх у склад Расеі. Яны разьлічваюць, што гэта было б шокам для Захаду і паўплывала б на гатоўнасьць далей падтрымліваць Украіну на цяперашнім узроўні.
  • Я бачу шмат праблем для расейцаў, асабліва ў Херсонскай вобласьці, дзе іх войскі апынуліся пад ударам на нязручным беразе ракі. Масты падарваныя, войскі даводзіцца перавозіць паромамі.
  • Заяву расейскага боку, што плянаваны ў Херсонскай вобласьці рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі пераносіцца зь верасьня на лістапад, таксама можна лічыць прамежкавай перамогай для Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG