Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ ня будуць уводзіць «столь цэнаў» на расейскі газ


У Брусэлі прайшла сустрэча міністраў энэргетыкі Эўразьвязу, на якой краіны павінны былі дамовіцца аб увядзеньні «столі цэнаў» на газ, які пастаўляецца з Расеі. Па выніках сустрэчы такая максымальная цана ўведзеная ня будзе. Затое будуць уведзеныя цэнавыя абмежаваньні на іншыя энэрганосьбіты.

Як паведамляе Reuters, за ўвядзеньне максымальна дапушчальных цэнаў на газ прагаласавалі 15 краін Эўразьвязу з 27. Размова ішла аб абмежаваньні цэнаў на любы газ, ня толькі расійскі, у сьвятле рэзкага росту цэнаў на энэргію ў Эўропе і сьвеце. Ідэю падтрымлівалі ў першую чаргу краіны Балтыі, якія палічылі, што такім чынам можна пазбавіць Расею прыбытку, зь якога яна фінансуе вайну ва Ўкраіне.

Аднак шэраг краін цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, якія працягваюць імпартаваць расейскі газ, заявілі, што такія меры могуць адрэзаць іх ад расейскіх паставак, ад якіх залежыць іх энэргетычны дабрабыт. Іншыя краіны, у тым ліку Бэльгія, усумніліся, што ўвядзеньне цэнавай столі можа дапамагчы паўплываць на Расею, паколькі тая ўжо спыніла пастаўкі газу ў Эўропу па газаправодзе «Паўночны паток-1», а пастаўкі па іншых магістралях зьнізіліся да мінімуму.

Міністры дамовіліся распрацаваць меры ў маштабе Эўразьвязу для абмежаваньня звышпрыбыткаў ад энэргіі зь негазавых крыніц: вугальных, атамных і ветраных электрастанцый. Падрабязныя пляны Эўразьвязу будуць апублікаваныя на наступным тыдні.

  • Увесьці абмежаваньні максымальнай цаны на расійскі газ у пачатку верасьня прапаноўвала кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Раней гэтая мера была ўзгоднена ў адносінах да расейскай нафты.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней заяўляў, што ў выпадку ўвядзеньня якімі-небудзь краінамі Захаду «столі цэнаў» на расейскія энэрганосьбіты Расея спыніць цалкам іх пастаўкі ў гэтыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG