Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальны сын расейскага генпракурора, Алексін і Шуневіч. Што за байкеры, зь якімі штогод катаецца Віктар Лукашэнка


Віктар Лукашэнка на матацыкле, 2018 год
Віктар Лукашэнка на матацыкле, 2018 год

У рамках Дня гораду ў Менску 10 верасьня адбыўся байкерскі фэстываль H.O.G., які аб’ядноўвае ўласьнікаў матацыклаў «Харлей-Дэвідсан». Удзел у фэсьце традыцыйна ўзяў старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

Свабода паглядзела, з кім катаецца на матацыклах кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Віктар Лукашэнка.

«Харлей» і 600 даляраў на год

Матаклюб, у які ўваходзіць Віктар Лукашэнка, называецца Iron Birds Chapter («Жалезныя птушкі»). Інфармацыі пра гэтае аддзяленьне байкераў зусім мала.

Расейскія сайты, якія спэцыялізуюцца на мотатэматыцы, пішуць, што ў клюбе ўсяго 72 сябры (гаворачы па-байкерску — «мэмбэры»). Для ўдзелу ў клюбе трэба мець «Харлей-Дэвідсан» і плаціць складкі ў памеры 600 даляраў на год.

Кожную кандыдатуру асобна зацьвярджае Рада афіцэраў клюбу. У байкерскім сьвеце афіцэры — гэта ня тое самае, што ў сілавых органах. Афіцэрамі называюць найбольш паважаных сяброў аб’яднаньня. Зусім не абавязкова, што ў рэальным жыцьці яны носяць пагоны.

Расейскі блог «Душэўны байкер» гэтак пісаў пра клюб Iron Birds: «Гэта элітны матаклюб, удзельнікі якога маюць вельмі прутка набітыя гаманцы і сур’ёзныя сувязі на самым версе».

Ці сапраўды Віктар — заснавальнік?

У шматлікіх паведамленьнях заснавальнікамі «Жалезных птушак» часьцей за ўсё называюць Арцёма Чайку і Віктара Лукашэнку. Арцём Чайка — гэта расейскі прадпрымальнік, сын былога генпракурора Расеі Юрыя Чайкі (цяпер Юрый Чайка — паўнамоцны прадстаўнік Пуціна на Паўночным Каўказе).

Афіцыйнай датай заснаваньня лічыцца 2012 год, але ўдзел Віктара Лукашэнкі ў імпрэзах стаў фіксавацца толькі ў 2014 годзе. Некаторыя суразмоўцы Свабоды з байкерскага сьвету мяркуюць, што імя сына Лукашэнка ў лік заснавальнікаў маглі дадаць постфактум дзеля большай прэстыжнасьці клюбу.

Юрыдычна «Жалезныя птушкі» зарэгістраваныя ў Расеі, але найбольш яркія акцыі ладзяць менавіта ў Беларусі. У 2016 годзе разам з байкерамі ў Менску праехаўся нават Лукашэнка.

Віктар Лукашэнка (зьлева) і сын генэральнага пракурора Расеі Арцём Чайка (справа) на мотафэстывалі ў Варонежы, 2019 год
Віктар Лукашэнка (зьлева) і сын генэральнага пракурора Расеі Арцём Чайка (справа) на мотафэстывалі ў Варонежы, 2019 год

Хто такі Арцём Чайка?

Сын буйнога расейскага чыноўніка неаднаразова трапляў у самыя розныя скандалы. Вялікія расьсьледаваньні, прысьвечаныя Арцёму Чайку, публікаваў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны.

Як бізнэсмэн Чайка-малодшы валодае «Няруднай кампаніяй Бярдзяўш», якая пастаўляе шчабёнку для Расейскай чыгункі. Іншая фірма Чайкі «Сібірскі элемэнт» займаецца здабычай пяску.

Навальны пісаў, што Арцём Чайка ўдзельнічаў у рэйдэрскім захопе Верхняленскага параходзтва ў 2002 годзе. Былога дырэктара параходзтва праз два дні пасьля інтэрвію з абвінавачаньнямі ў бок Чайкі знайшлі павешаным. Пазьней «Новая газета» пісала, што такія сьляды на шыі маглі быць толькі ад удушэньня, а не ад павешаньня.

Арцём Чайка, паводле расьсьледаваньняў расейскіх апазыцыянэраў, — уласьнік гатэля ў Грэцыі, у які інвэставаў некалькі мільёнаў даляраў. Таксама супраць Арцёма даваліся паказаньні ў справе падпольных казіно. У Крамлі на шматлікія расьсьледаваньні Фонду па барацьбе з карупцыяй адказвалі, што не пасьпелі азнаёміцца з матэрыяламі.

У 2020 годзе былая жонка Чайкі Марына ў відэазвароце зьвярнулася да мужа з просьбай вярнуць ёй пашпарт. Яна расказала пра хатні гвалт, пагрозы і шантаж з боку Чайкі-малодшага.

Цяпер некаторыя расейскія СМІ пішуць, што Арцёма Чайку зьвязваюць рамантычныя адносіны зь беларускай Натальляй Ш., уласьніцай турыстычнага бізнэсу. Яна таксама чалец «Жалезных птушак».

Віктар Лукашэнка зь іншымі байкерамі на закрыцьці мотасэзону ў Менску, 2018
Віктар Лукашэнка зь іншымі байкерамі на закрыцьці мотасэзону ў Менску, 2018

Жонка Віктара Лукашэнкі таксама

Дэвізам клюбу служыць лацінская фраза Gens una sumus («Мы адно племя»). Лягатып «Жалезных птушак» удзельнікі прышываюць да сваіх касух.

Віктар Лукашэнка ўдзельнічаў у мерапрыемствах Iron Birds ня толькі ў Беларусі, але быў, напрыклад, у расейскім Варонежы. Ягоная жонка Лілія таксама засьвяцілася ў адзеньні з эмблемай Iron Birds.

У клюбе ёсьць невялікае прадстаўніцтва жанчын. Пры гэтым у сацсетках матаклюбу вельмі шмат сэксісцкіх выяваў з паўголымі жанчынамі на матацыклах. Падобных здымкаў і карцінак з мужчынамі няма.

Віктар Лукашэнка на закрыцьці мотасэзону ў Менску, 2018
Віктар Лукашэнка на закрыцьці мотасэзону ў Менску, 2018

Хто ўдзельнічае зь беларусаў?

Сярод заўважных беларускіх прадстаўнікоў матаклюбу найперш варта адзначыць Дзьмітрыя Карзюка, які летась стаў намесьнікам міністра ўнутраных спраў, а да гэтага шмат гадоў узначальваў ДАІ. Карзюк таксама, як Віктар Лукашэнка, удзельнічае ў мотапрабегах разам з жонкай і дзецьмі.

Былы міністар унутраных спраў, а сёньня кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч — таксама «мэмбэр» «Жалезных птушак». Раней на байкерскіх сходках ён зьяўляўся без адпаведнай эмблемы, але пасьля сыходу ў адстаўку апрануў такую ж касуху, як і Віктар Лукашэнка.

Поўнага сьпісу сяброў Iron Birds у адкрытым доступе няма. Пра сяброўства можна здагадвацца толькі па адмысловым адзеньні і нашыўках.

  • Сярод найбольш актыўных чальцоў «Жалезных птушак» можна назваць дырэктара гурту «Тяни-Толкай» Паўла Чыкезава, ён прапагандуе матаклюб у сваіх сацсетках. Чыкезаў — актыўны прыхільнік сёньняшняй беларускай улады.
  • Вядомы беларускі бізнэсовец Аляксандар Алексін, які займаецца продажам нафтапрадуктаў і цыгарэт, таксама засьвяціўся з нашыўкай Iron Birds. У 2021 годзе Алексін трапіў у сьпіс асобаў, афіліяваных з Аляксандрам і Віктарам Лукашэнкамі. У выніку бізнэсовец трапіў у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу і іншых заходніх краін.
  • Топ-мэнэджар Алексіна Дзмітры Паўловіч таксама сярод тых, хто бярэ ўдзел у мерапрыемствах байкераў з «Жалезных птушак».
  • У сваім інстаграме Iron Birds назвалі чальцом матаклюбу генэральнага дырэктара кампаніі «Векпрам» Вадзіма Фралова. Кампанія аказвае лягістычныя паслугі. А сам Фралоў захапляецца альпінізмам, усталёўвае чырвона-зялёныя сьцягі на розных піках.

У адрозьненьне ад «Начных ваўкоў» Аляксандра «Хірурга» Залдастанава, «Жалезныя птушкі» ня робяць прамых палітычных заяваў. Няма адпаведнага кантэнту і ў іхных сацсетках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG